Віктар Пятроў-Хруцкі. Мастацтва тэксту

№ 20 (141), 1999 г.

23.08.1999 / 13:00


 

Мастацтва тэксту

Упершыню ў Беларусі пройдзе фэстываль пэрфомансу. Мае ён назоў «Навінкі-99», што сьцьвярджае факт нашага існаваньня ў не зусім устойлівым сьвеце. Чым ёсьць мастацва пэрфомансу ў нашыя дні, адкуль яно і што яно, уласна кажучы, прэзэнтуе?

Першыя спробы выйсьці за межы «мастацкага матэрыялу» і прэзэнтаваць мастацкі вопыт як непасрэдны духоўны працэс зрабілі дадаісты ў Цюрыху, культурніцкай айкумэне для ўцекачоў ад першай сусьветнай вайны. Другою спробаю адмовіцца ад «таварнасьці», лэйбавага абстракцыянізму і салодкага поп-арту стаў канец 60-х — пачатак 70-х гадоў у ЗША. Тут, у Нью-Ёрку, і трохі пазьней у Эўропе і распачаўся пэрфоманс як непасрэдная рэакцыя на атаварваньне ўсяго і ўсіх. Пад уплывам 1968 году, дзэн-будызму, паганскага шаманства пачало расьці духоўнае цела і ўдасканальвацца іканаграфія новага мастацкага досьведу, таго досьведу, які мае рысы трансцэдэнтнасьці, таго, чаго ўжо не магло даць ніякае іншае мастацтва, што зьбегла ў звычайны дэкор.

Правядзеньню І-га міжнароднага фэстывалю пэрфомансу ў Менску папярэднічаў удзел нашых мастакоў у польскіх фэстывалях «Zamek Wyobrazni» i «Inner Space». У Эўропе даведаліся пра беларускіх пэрфомэраў і таму адгукнуліся на наша запрашэньне. На фэстываль «Навінкі-99» маюць прыехаць зь Вялікабрытаніі, Гішпаніі, Польшчы, Літвы, Ірляндыі, Нямеччыны, Славаччыны, Даніі.

З нашага боку будуць паказваць сваё мастацтва маладыя мастакі і тыя, хто пачынаў пэрфоманс у 80-90-я гады: Віктар Пятроў-Хруцкі, Юры Барысевіч, Алег Алезіс, Лявон Вольскі, Аляксей Іваноў, Людміла Русава, Шура Родзін, Аляксей Лунёў, Гальяш Сін, Ігар Кашкурэвіч, Зьміцер Вішнёў, Алесь Пушкін, Сяргей Ждановіч.

Фэстываль «Навінкі-99» будзе адбывацца ў Палацы мастацтваў і на адкрытых пляцоўках з 7 па 10 верасьня.

Віктар Пятроў-Хруцкі.