Нябачны мур

№ 26 (147), 1999 г.

11.10.1999 / 13:00


 

Нябачны мур

 

«Народ узьнёс голас свой і зайгралі трубы, і муры распаліся...» — напісана ў Бібліі. Шлях да разбурэньня вонкавых і нутраных муроў у ймя свабодных думаньня і слова хацелі паказаць ініцыятары менскага Міжнароднага спатканьня бардаў 9–10 кастрычніка.

Два дні ў памяшканьні Тэатру-лябараторыі беларускай драматургіі «Вольная Сцэна» прадстаўнікі нямецкай, польскай і беларускай аўтарскай песьні гаварылі з аўдыторыяй пра Чалавека, ягоную волю і каханьне, ягоны шлях да свабоды. Вядучы імпрэзы, галоўны рэдактар часопіса «Спадчына» Вячаслаў Ракіцкі, падкрэсьліў, што спатканьне бардаў у Менску прысьвечанае 10-м угодкам падзеньня Бэрлінскага муру, які шмат гадоў быў сымбалем разьяднанай Эўропы. Зьнішчэньне гэтага муру ня толькі адзначыла канец эпохі камуністычнай дыктатуры на нашым кантынэнце, але і ўвасобіла пачатак новых дачыненьняў паміж краінамі і людзьмі. Дачыненьняў, пабудаваных не на канфрантацыі, а на паразуменьні. У Беларусі сустрэліся барды з трох краінаў былога «сацыялістычнага лягеру» — зь Беларусі, Польшчы і Ўсходняй Нямеччыны. Віктар Шалкевіч, Алесь Камоцкі, Шыман Зыховіч і Дытэр Калька сьпявалі пра тое, што адбылося за апошняе дзесяцігодзьдзе, пра сябе тады і цяпер.

Дарэчы, відаць, з-за ўдзелу аўтара жорсткіх афарызмаў «хамская ўлада» і «жлобская нацыя» Віктара Шалкевіча, дырэктара тэатру Валер’я Мазынскага выклікалі ў Міністэрства культуры і цікавіліся сэнсам мерапрыемства пад таямнічым назовам «Нябачны мур». Як расказваў арганізатар імпрэзы Вацлаў Арэшка, у Міністэрстве культуры нават папрасілі прадставіць тэксты песень...

 

 

Нашыя замежныя госьці ўпершыню ў Менску. Упершыню «па гэты бок Бугу». Нямецкі бард Дытэр Калька, 42 гады, нарадзіўся у Альтэнбургу, Усходняя Нямеччына. З палітычных прычынаў быў выгнаны з унівэрсытэту, працаваў машыністам, брамнікам, даглядаў паджылых людзей. Аўтар пяці ўласных сьпеўных праграмаў, трох кніг, дзьвюхмоўнай нямецка-польскай анталёгіі. У Менску камунікаваўся пераважна па-польску (Дытэр у 1998 годзе ўзяў шлюб з польскай аўтаркай казак Агнешкай Хаўпэ). Першае ўражаньне ад Менску — шэры горад.

«НН»: Вось так адразу — шэры? Можа, таму што восень?

Дытэр Калька: Не. Раней я чуў ад розных людзей, што ў часе другой сусьветнай вайны Менск быў разбураны. Калі я гуляў па горадзе, дык упэўніўся, што Менск вельмі рацыянальна забудаваны, у ягонай архітэктуры адчуваецца ўплыў палітыкі. А каб зьмяніўся горад, трэба, каб зьмянілася дзяржава.

 

«НН»: Чым для Вас быў Бэрлінскі мур?

Д.К.: Гэта быў ня толькі мур у Бэрліне. Уся мяжа зь іншым сьветам — сацыялістычным, капіталістычным – была мурам. Мая маці, немка, нарадзілася недалёка ад Карлавых Вараў. Мур падзяліў нашых сваякоў. Мае дзядзькі былі немцамі. Але ўжо іншымі немцамі. Як і мы доўга былі іншымі немцамі. Мне было гадоў 5, а я ўжо адчуваў, што гэта непарадак. Калі настаўнік сіліўся гаварыць нешта пра камунізм, я бачыў, што ён хлусіць. Самым цяжкім было — перажываць хлусьню. І ведаць, што па іншы бок хадзіць нельга.

 

«НН»: Мне здаецца, беларусы пакуль не пазбаўленыя ані вонкавага, ані нутранога муру...

Д.К.: Так было і ў Нямеччыне. Мур у Бэрліне і Мур на сэрцы. Нядаўна чытаў артыкул «Пяты цэнзар». Гэта такая сыстэма, калі цэнзар ужо засеў у тваёй галаве і ў тваім сэрцы. Натуральнае адчуваньне: так рабіць нельга, так гаварыць нельга, так нельга думаць.

 

«НН»: Нямеччына — вольная. Польшча — вольная. Беларусь — не зусім. Як Вам бачыцца такая мапа Эўропы?

Д.К.: Для мяне гэта вяртаньне ў камуністычныя часы. Я быў у Літве, блізка расейскай мяжы. Дык у краме за літоўскай мяжой на паліцах было пуста. І такі тып прадаўца... У нас таксама гэта было: «Нічога ня маю, але я моцны і горды». Але калі я бачу вашых маладых людзей, як яны апранутыя, як яны сьмяюцца — эўрапейская моладзь. Адразу відаць, што яна хоча жыць у іншым сьвеце. І так будзе. Ня ведаю, ці хутка.

 

«НН»: Пра што Вы, спадар Дытэр, спявалі тады і цяпер?

Д.К.: Пра свабоду й Бацькаўшчыну:

Мая Бацькаўшчына
Як раніца эпох
Мая скура праштэмпэляваная
Як татуіроўка
Якую нельга адмыць

Мая Бацькаўшчына
Там дзе я не магу знайсьці бацькі
Таму выразаю на ліпе:
Тут сядзеў я
Тут сядзеў я

Пад час менскага канцэрту Дытэр прасьпяваў адмыслова напісаную песьню пра тое, што чалавек нараджаецца свабодным. А на разьвітаньне нямецкі бард Дытэр Калька не суцешыў яшчэ раз: «Паўсюль у сьвеце дыктатура была пераможаная. Піначэт ужо год чакае прысуду. Часы дыктатуры прайшлі».

 

 

Бард з Польшчы Шыман Зыховіч, які працуе ў слынным кракаўскім кабарэ «Піўніца пад баранамі» прызнаўся, што для яго гэта вялікі гонар — браць удзел у Міжнародным спатканьні бардаў у Менску. Найбольшую сымпатыю ў публікі выклікаў менавіта Шыман.

«НН»: Мы жывем так блізка, а Вы тут першы раз. Як уражаньні?

Шыман Зыховіч: Мне вельмі падабаецца ваш горад. Вельмі падабаецца. Па-другое, заўсёды хацеў перасякчы ўсходнюю мяжу. Нават два месяцы назад пад час вакацыяў спрабаваў пераплысьці Буг. Аднак там быў вір. Як артыст, я павінен увесь час папаўняць свой досьвед. Я езьдзіў у Парыж сьпяваць у мэтро, часта выступаю ў турмах. Польскіх. Ваша архітэктура! Хіба яе будавалі ваенныя немцы? Тут столькі гісторыі... Да таго ж беларусы прыгожа сьпяваюць.

 

«НН»: Чаму Вы не закранулі палітыкі пад час выступу?

Ш.З.: За камуністычным часам у Польшчы я, малады чалавек, змагаўся за свабоду. Шмат хто сьпяваў пра волю. Пасьля мур быў разбураны, і трэ было проста жыць. Людзі кахалі, ненавідзелі, садзілі дрэвы і спазнавалі сьвет. І пра гэта трэба было сьпяваць.

 

«НН»: Мур палітычны быў зруйнаваны. Ці не паўстае новы мур у душах і галовах палякаў?

Ш.З.: Ён быў заўсёды і заўсёды будзе. Многія людзі не знайшлі сябе ў гэтым жыцьці. Ня могуць даць рады. Страцілі вельмі шмат, змагаючыся за свабоду. Страцілі непаўторнасьць культуры. У цяперашняй культуры шмат фальшывага. І гэта нябачны мур. Калі быў Бэрлінскі мур, можна было быць «за» ці «супраць». Цяпер невядома, за што быць «за» і калі быць «супраць».

 

«НН»: Вы пішаце вершы...

Ш.З.: Мая любімая пара году — восень. Верш пра восень:

Восень, лісьце і колеры
Неба чыстае. Мары дзіўныя
Ёсьць настрой. І каштан на зямлі
Расколаты на дзьве часткі

Сягнуць неба — дык замала
Вышэй, далей у прастору
Дзе відаць туманы ў срэбры
У каханьні снуць аморы
Лісьця восеньскага колер

Нашым госьцям вельмі спадабалася менская публіка, менскія культурныя героі — старыя і новыя сябры. У менскай рэстарацыі «Ракаўскі Бровар» разнамоўная бардаўская кампанія так уразіла наведнікаў, што праз афіцыянтаў нехта перадаў для іх шампанскага. Праз 10 гадоў пасьля падзеньня Бэрлінскага муру ў сталіцы Нямеччыны ўзьвялі шакалядны мур. Хто хацеў, еў. Беларусь надалей аддзеленая ад Эўропы мурам. Нябачным.

Вольга Караткевіч