Пра найлепшы альбом вясны

Дыскаграфія, Ляпіс Трубяцкой, 2007.

Тут Міхалок ужо ня той п’янаваты шансанье з баянам.

08.06.2007 / 09:32

Тут Міхалок ужо ня той п’янаваты шансанье з баянам.

Адзін з доўгачаканых альбомаў ад самай пасьпяховай айчыннай каманды, на якую яшчэ не ўзьнялася рука беларускага чыноўніка. У «Капіталу» музыкі робяць крок да больш жорсткай гітарнай музыкі ды нібы сур’ёзна зьвяртаюцца да тэмы антыглябалізму. Але пры гэтым працягваюць па‑дзіцячаму выдурняцца, выказваць шчырую непрыхільнасьць да сыстэмы шоў‑бізнэсу і заігрываць з «фарматам». У адной зь песень пяецца: «Дзякуй Богу, што я не ў сыстэме», у другой — «Прости меня, котик, не уходи!» Дзіва, але іхны поп‑панкаўскі нефармат запатрабаваны. Зайграў бы хто іншы песьню кшталту «Харэ» — ніколі бы ня трапіў у тэле‑ і радыёэфір. З гэтымі — сытуацыя іншая. Кплівая «Капітал» з прыпевам «У левай руцэ «сьнікерс», у правай — «марс», мой піяр‑мэнэджэр — Карл Маркс» сталася гітом яшчэ да выхаду альбому, дзякуючы шалёным ратацыям на радыё і відэароліку з «удзелам» выявы Лукашэнкі.

У альбоме цяжка знайсьці налёт дваровасьці, з дапамогай якога музыкі калісьці здабылі посьпех, ды і Міхалок ужо ня той п’янаваты шансанье з баянам, а харызматычны рок‑лідэр з падкачанымі біцэпсамі. У «Ляпісаў» не выходзіць ствараць сумных песень, Міхалок пяе так, нібыта сьмяецца з усяго сьвету. На новым дыску «Ляпісы» перазапісалі беларускамоўную «Рамонкі» — адзін са сваіх асноўных канцэртных нумароў. Варта дадаць, што альбом запісаны пры ўдзеле гукарэжысэра, які працаваў над апошнім дыскам «Океану Ельзи». Выдатная праца з прэтэнзіяй на найлепшы рок‑альбом году.

Сяргей Будкін