Падзеі

№ 5 (162), 31 студзеня — 7 лютага 2000 г.

07.02.2000 / 13:00


 Падзеі

 

Трыццаць тры

Паводле зьвестак рэдакцыі газэты «Навінкі», гэтае папулярнае выданьне сабрала ў краіне 33 перадплатнікі. У Менску на яе падпісаўся толькі адзін чалавек. Недавер да газэты выклікаецца найперш яе несур’ёзным зьместам. Але ж падпіска — рэч сур’ёзная. Гарантуюць «Навінкі».

В.М.

Замест 59 кнігарняў —14

За часоў Лукашэнкі ў Беларусі ў два разы скарацілася колькасьць кнігарняў. У Менску закрылі 45 кніжняў, і засталося іх толькі 14. Генэральны дырэктар кнігагандлёвага прадпрыемства “Белкніга” Аляксандар Гурыновіч паведаміў нашай газэце, што з тых крамаў, якія засталіся, кожная трэцяя — стратная. Мясцовыя ўлады вымушаюць іх гандляваць гарэлкай і вопраткай, каб было з чаго аплочваць арэнду, ахову і камунальныя выдаткі. Кошт на кнігі ў правінцыі нашмат вышэйшы, чым у Менску, а людзі ж зарабляюць там значна менш. Раней беларускія выдавецтвы ратаваліся тым, што прадавалі кнігі ў Расеі, але новыя падаткі на замежнагандлёвыя апэрацыі зрабілі іх менш канкурэнтаздольнымі. Усе гэтыя праблемы будуць абмеркаваныя на адмысловым паседжаньні прэзыдыюму Рады міністраў у лютым.

Юрась Барысевіч

Шрыфт — вопратка мовы

У Мастацкім музэі прайшла нацыянальная канфэрэнцыя, прысьвечаная мастацтву шрыфту (патрэбнаму ў кнігавыданьні і ў рэклямным бізнэсе). Мастакі, навукоўцы й літаратары заснавалі аб’яднаньне “Клюб шрыфтавікоў і каліграфаў” і заклікалі Дзяржкамдрук прыняць дзяржаўную праграму па распрацоўцы новых шрыфтоў, а Міністэрства асьветы — увесьці ў праграму пачатковай школы навучаньне каліграфіі.

Ю.Б.

У Маладэчна забралі фэстываль

Фэстываль беларускай песьні і паэзіі, які быў прапісаўся ў Маладэчне, цяпер будзе праходзіць у розных гарадах. Дзе пройдзе фэстываль-2000, пакуль невядома. А ў самы беларускі горад, мабыць, Кіркорава з Газманавым і Малініным будуць прысылаць.

Мар’ян Вянгроўскі