ВОДГУКІ

№ 12 (169), 20 — 26 сакавіка 2000 г.

26.03.2000 / 13:00


 

ВОДГУКІ

 

Савецкая спадчына

Безумоўна, спадарыня Жук-Грышкевіч, вы маеце рацыю ў тым, што датычыць часоў заснаваньня БССР на руінах БНР. Аднак, мне здаецца, што ў тыя часы мы наўрад ці маглі захаваць сваю Незалежнасьць, улічваючы нашае вечнае знаходжаньне паміж двух агнёў, паміж Польшчай і Расеяй. Зрэшты, мы й выжылі як нацыя толькі дзякуючы сталаму балянсаваньню паміж Усходам ды Захадам. Хоць гучыць гэта й трагічна. Вы, мабыць, скажаце, што й непатрыятычна, але ў нас тады не было іншае пэрспэктывы, акрамя як стацца «ўсходнімі крэсамі» альбо часткаю «страны саветаў».

На жаль, БНР была занадта слабою, каб узяць сытуацыю ў краіне пад свой кантроль, навесьці парадак ды разабрацца з бандамі розных анархістаў.

Камунізм ня мае нацыянальнасьці! Ад яго пацярпелі тыя самыя расейцы: з былое Расейскае імпэрыі пасьля рэвалюцыі эміграваў мільён чалавек, і не абы-хто, а інтэлігэнцыя ды арыстакратыя. Хоць нельга, канечне, параўнаць іх беды з нашымі...

Важней ня тое, як мы СТАЛІСЯ часткаю СССР, а тое, як мы БЫЛІ яго часткаю. На абаронных прадпрыемствах, у НДІ, арміі, КПСС, у тым жа КГБ працавалі тысячы нашых суайчыньнікаў. Канструктар Сухой, генэрал Жукаў, касманаўт Гагарын (абодва апошнія – смаленчукі), дыплямат Грамыка і тузіны іншых беларусаў ці людзей беларускага паходжаньня працавалі на СССР і на Беларусь у тым ліку. Натуральна, шмат было сярод тых людзей «янычараў», якія ўжо ня памяталі сваіх каранёў і самі бралі ўдзел у зьнішчэньні Беларусі. Аднак усё ж у іх жылах цякла беларуская кроў! Калі ж мы адмовімся ад савецкае спадчыны, мы адмовімся і ад некалькіх пакаленьняў нашых продкаў і іхнага даробку. І атрымаецца, што дарма яны заваёўвалі космас, дарма далі Беларусі такі эканамічны патэнцыял, што зараз мы МАГЛІ Б жыць ня горш за Чэхію (гэх!), дарма гінулі ў вайне, дарма...

Ніхто з сучасных нацыяналістаў не заклікае адмаўляцца ад спадчыны Рэчы Паспалітае, хоць далёка ня ўсе ўхваляюць тую унію з Польшчай. У тыя часы нацыянальная эліта была на 100% спалянізаваная, па-беларуску размаўлялі толькі ў вёсцы, таму й сталася наша мова мужыцкаю. І тады было шмат «янычараў», і той жа Касьцюшка ў дачыненьні да палякаў казаў «мы». Аднак, ніхто яго ня сьмее назваць небеларусам.

Цяпер мы ўсе знаходзімся ў пэрыядзе пэўнае псыхалягічнае гістарычнае інэрцыі, бо мы адносна нядаўна аднавілі Незалежнасьць і ўсё яшчэ злуем на расейцаў і ўвесь савецкі час наагул. Так мы ненавідзелі палякаў за польскім часам, што многія з нас наадварот хацелі ў склад Расеі. Так некаторыя з нас зараз хочуць у склад Польшчы ці назад у Рэч Паспалітую (пачытайце бясплатныя аб’явы на апошняй старонцы «НН»). Але з часам, хоць, з-за палітыкі нашай сёньняшняй улады, напэўна, пазьней, чым дзе інш, калі зьменяцца генэрацыі, нашыя нашчадкі ня будуць мець пэрсанальнае крыўды на СССР. У памяці людзей, як гэта бывае і з кожным з нас, застанецца толькі пазытыўнае. І праз 50 гадоў у бясплатных аб’явах «НН» мы мо прачытаем «Няхай жыве СССР»...

Барталямэюш Гарбач, <harbac@hotmail.com>

 

Абарыгенская наіўнасьць

Уладзімер Крукоўскі ў сваёй публікацыі «Тысяча плюс дваццаць», зьмешчанай у «Нашай Ніве» ад 21 лютага, трапна здагадвае пра маю ролі ў нашумелым некалі скандале з паштоўкаю Яўгена Куліка, выпушчанай ім пад тысячагодзьдзе Беларусі — дваццаць гадоў таму. Так, гэта я завёз паштоўку ў Лёндан, палічыўшы прыемным сувэнірам тамачным беларускім сябрам. Мне і не падумалася тады, што яны схопяцца за яе, бы за нейкі меч супроць бальшавікоў... Нават яе публікацыя не была б драмаю аўтару, калі б ня той няшчасны надрук на адваротцы: «Тайнае юбілейнае выданьне з БССР». Гэта мусіла зьвярнуць увагу менавіта тайных службаў каляніяльнай адміністрацыі Беларускай ССР!

Брутальная праўда такая: Яўгена Куліка падвялі такім чынам пад удар. Незнарок зробілі падарунак апарату КГБ, які, магчыма, пачынаў мець праблемы з вышукам работы сабе... Нацыянальны рух быў жа затаптаны. Пакуль што ніхто з тых лейтэнантаў ці маёраў, ратуючы свае пасады, не дадумаўся ўваскрашаць сабе штучных ворагаў кшталтам энкавэдоўскага Саюзу Вызваленьня Беларусі...

Інцыдэнт, калі ня большае што, з паштоўкаю Куліка сьведчыць аб тым, як дыяспара не разумее Маці-Айчыны. Такое тайнае выданьне эмігрантам — гэта ім падтрыманьне духу, кажучы па вялікім рахунку. І няхай. Але нашто было дражніць КГБ, рассылаючы той друк у пісьмах у Беларускую ССР?! Мой здогад наступны: нават той жа надрук, але без таго кальпартажу ў лапы савецкай пошты, таксама застаўся б па-за ўвагаю «органов». Ды не, заманулася падражніць іх, бы сабачку на чужым падворку! Чаму не, і тое можна, але каб ніхто на тым не пацярпеў, тым болей такі выдатны чалавек.

Немаральны гэта быў учынак. Тое па сёньня на маім сумленьні. Я і цяпер ня змог бы адкрыта глядзець у вочы Яўгену Куліку і яго сябрыне. Сорам і ганьба!

Як мы змагаемся з каляніяльным рэжымам?! Ён жа нас, беларусаў, лічыць круглымі дурнямі і, што найгоршае, мае рацыю. Мы ўсё жабруем — каб хоць кавалачак уратаваць беларушчыны з-пад расейскіх «сапогов». І нам ласкава гэта дазваляюць, маючы ад таго такую карысьць, што цяжка папракаць іх у антыбеларускасьці («Ведь мы не против, всё происходит по воле народа»). Беларускую культуру і беларускіх пісьменьнікаў заганяюць у музэі, там іх, як быццам, натуральнае ўжо месца. Крый Божа не ва ўнівэрсытэтах ці ў іншай шматлюднай публічнасьці. Цуд, што яшчэ выходзіць «Наша Ніва» як нешта маштабнае, не загнанае ў куток.

Калёнія тлумна перажывае псыхадраму: мэтраполія завалілася, і мус быць незалежным. І будзе, бо гэта вырак Гісторыі. Але колькі сьлёзаў праліецца на такую несправядлівасьць, пакінутасьць... Беларускую мову зводзяць да паказухі ў сябе і да «мовы дывэрсіі» дыпляматаў, што кантактуюць з дыяспарай, — тыпова савецкая дурата. Эмігрантаў часта падчэпліваюць на гэту вудачку, бы акуня якога, і яны злосна трапешчуцца, даючы поўху ў дыхавіну, напрыклад, кідаючыся Яўгенам Куліком, бо ж нічым іншым.

Сакрат Яновіч,
Крынкі пад Беластокам

 

Жэнэўскі сьлед

У артыкуле «Тысяча плюс дваццаць» (№8, 21 лютага) аўтар Уладзімер Крукоўскі ўзгадвае паштоўкі з нагоды 1000-годзьдзя Беларусі, намаляваныя Яўгенам Куліком і Міколам Купавам. Аўтар піша, што яны былі выдадзеныя таксама ў Лёндане і папалі туды (на здагадку Ул.Крукоўскага) праз Сакрата Яновіча. Ад айца Аляксандра Надсана мне давялося пачуць іншыя падрабязнасьці, якія, думаю, будуць цікавыя. Са словаў а. А.Надсана, у 1980 г., яшчэ да той сьнежаньскай вечарыны ў Менску, ён прывёз з Жэнэвы чырвоную паштоўку з Пагоняй і віншавальным надпісам (рэпрадукцыю той паштоўкі «НН» і надрукавала). Па дарозе да Лёндану ён сустрэўся ў Парыжы зь беларускім мастаком Міколам Паўлоўскім, які ў свой час папрасіў прытулку на Захадзе. М.Паўлоўскі ўпэўнена сказаў, што рука — Купавы. Пры садзеяньні Згуртаваньня беларусаў Вялікай Брытаніі (ЗБВБ) тая паштоўка была перадрукаваная ў Лёндане. Потым нашыя эмігранты шмат каму дасылалі іх звычайнай поштай як віншаваньне. Некаторыя нават даходзілі да адрасатаў, а іншыя сталі галаўным болем КГБ. Крыху пазьней тым жа шляхам у Лёндан папала і паштоўка Я.Куліка: белая з срэбнай Пагоняй, іншага фармату, чым паштоўка М.Купавы. Перадрукавалі ў Лёндане і яе. Па словах а. Надсана, праз Жэнэву (пра імёны, ён палічыў, гаварыць яшчэ зарана) ў канцы 70—80-х гадоў былі атрыманыя тэксты «Роднай мовы» Алега Бембеля, «Письма к русскому другу» Аляксея Каўкі, «Сказ пра Лысую гару», а таксама лісты беларускай інтэлігенцыі да Гарбачова. У Лёндане яны (акрамя «Сказу пра Лысую гару», які аддалі публікаваць у ЗША) выходзілі друкам, у т.л. лісты інтэлігенцыі й «Пісьмо» Каўкі — зь перакладам на ангельскую мову.

Алесь Нешчарда, Лёндан

 

Мы здаліся, і вы здасьцёся

Прачытаў («НН» № 10, 6 сакавіка) артыкул Сяргея Астраўцова «Чырыканьні ў эфіры». Жыву я ў Берасьці і таксама маю магчымасьць прымаць FM-станцыі Польшчы: RMF FM, 8-ю праграму і г.д. Ёсьць у нашым эфіры і «Рокс», і «Сталіца FM», і «Бі-эй». Як прачытаў з артыкулу, у Горадні таксама зьявілася гэтае «Бі-эй». С.Астраўцоў піша, што «Бі-эй» слухаюць некаторыя навучэнцы ПТВ, шафёры грузавікоў і прапаршчыкі памежных войскаў». Аднак пройдзе некаторы час, і «Бі-эй» пачнуць слухаць у Горадні ўсе, каму «не западло».

Гэткае здарылася ў Берасьці, спачатку народ слухаў RMF, потым, са зьяўленьнем «Рокс», народ перамясьціўся на яго. Аднойчы я прачнуўся і, уключыўшы прыймач, наладзіў прамаскоўскае «Бі-эй». Такое ж здарылася з усім «людам Берасьцейскім». І цяпер, каго ні спаткаеш, усе слухаюць выключна «Бі-эй», бо музыка там «наша, руская» і бо «фармат «Бі-эй» у трыста разоў лепшы» за «Рокс», ня кажучы ўжо пра расейска-беларускую «Сталіцу».

Так лічаць нават тыя, хто ня мае свайго ўласнага прыймача, аднойчы пачуўшы «Бі-эй» у краме ці дзе яшчэ.

У гэтым канктэксьце цікавае становішча беларускага року. Бывае, што ўключыць «Краму» С.Прохараў на «Роксе» ці пачуеш нейкі «band» па «Сталіцы», аднойчы ўключыўшы прыймач. Было нават такое, што напярэдадні «Рок-каранацыі» зацяты вораг беларускага року сп.Пратасаў запрасіў гурт «NRM» да сябе на эфір «Нового вторжения» на «Бі-эй». Во як бывае!

Трэба яшчэ сказаць пра радыёстанцыі «без цэнзуры», якія працуюць на кароткіх ці сярэдніх хвалях.

«Рацыя» — радыё даволі добрае, маючы ўсяго гадзіну эфіру, уключае розныя кампазыцыі ад «NRM» да «Песьняроў», ад «Троіцы» да аўтэнтычнага фольку, без сучаснага афармленьня. Цікавыя перадачы Ўл.Арлова, В.Бабак і г.д. Трэба сказаць, «Рацыя» можа вельмі добра разьвівацца. «Свабода» – радыё, арыентаванае апошнім часам усё больш на палітыку, закрываюцца культурныя перадачы (напрыклад, «Беларускія раздарожжы»), – ня хоча пускаць у эфір беларускай музыкі, маўляў, «музыка на кароткіх хвалях гучыць неяк няякасна», але, параўнаўшы эфір (якасьць прыёму) «Свабоды» і «Рацыі», напрошваюцца іншыя вывады...

«Polonia» — радыё, якое я проста не магу слухаць, беларуская мова з вуснаў радыёвяшчалаў-вядучых даносіцца проста спалячанай, зьнявечанай.

Пра «Балтыйскія хвалі» казаць ня буду, віленскі рэтрансьлятар (612 kHz) тут амаль што не чуваць. Адным словам, з нармалёвымі радыёстанцыямі ў нас пакуль праблема.

А.С., Берасьце

 

«Ваймаца»

Газэта падабаецца. Шмат чаго можна прачытаць і даведацца. Правапіс падыходзіць да мілагучнасьці нашай звонкай мовы. Ёсьць словы, што я іх спатыкаю першы раз, іхнага значэньня ня ведаю, але гэта малая бяда. Бо, як мяне маці вучыла хрысьціцца і казала «Ваймаца», я дапытваўся, што гэтае слова азначае. Маці казала — маўчы, не дапытвайся, а гавары за мною. Пазьней, як навучыўся чытаць і пайшоў у школу на Закон Божы, дык даведаўся, што «Ваймаца» гэта ёсьць не адно слова, а гэта «У імя Айца». Прыйшлося многа чаго даведацца, значэньне і сэнс словаў іншамоўных, нават расейскія словы. Нашы беларусы іх разумеюць інакш, як слова, якое мае значэньне ў расейскіх людзей. Слова «грозны», яно ў беларускай мове гучыць, як быццам бы «на цябе пасваруся», а ў сапраўднасьці гэта «жах, жахлівы, жудасны». Слова «крэсцьянін» лічаць як беларускае «хрысьціянін», а не як «селянін», і гэтак шмат слоў вядзе да непаразуменьняў. Слова «праздны» лічаць не як «пусты», але як сьвяты. Вось мае заўвагі.

К.Верабей,
Фармінгдэл, ЗША

 

Кніга Фаменкі

Гэты допіс раблю з нагоды артыкулу Ўл.Крукоўскага «Qui prodest? Загадка Радзівілаўскага летапісу» («НН», №10).

Я чакаў шмат часу. Чакаў артыкулу, які хоць трошкі, павярхоўна, закране тую мітычную зьяву (прабачце, навуку), якая мае назву «Гісторыя Беларусі». І якраз тым поглядам, зь якім яшчэ можна дайсьці да ісьціны. Але ў лісьце амаль немагчыма ні расказаць нешта грунтоўна, ні, тым болей, немагчыма лістом зьмяніць погляды чытача. Таму я хачу прывесьці назву адной кнігі. Кнігі маскальскай. Ад гэтага ня менш дасканалай і прывабнай. Мабыць, вы чулі ўжо пра прафэсара МДУ А.Фаменку? Матэматык, які прафэсійным поглядам зірнуў на гісторыю сьвету. Так, там дасканала разважаюць, што такое Радзівілаўскі летапіс. І, вядома, яшчэ шмат пра што. І Літва (летапісная) не абыдзена ўвагай. Прачытайце, не пашкадуеце.

 

Г.В.Носовский, А.Т.Фоменко. «Русь и Рим. Правильно ли мы понимаем историю Европы и Азии?». У 2 кн. — Масква: ААТ «Фирма «Издательство АСТ», 1999.

Яна маецца ў продажу ў кнігарні паліграфкамбінату імя Якуба Коласа на вуліцы В.Харужай, 2 (ці 4).

М.Шыбека, Менск

 

Мужчыны — не пачвары

Пару словаў пра артыкул Сьвятланы Курс «Herstory замест History», зьмешчаны ў нумары 10 за 6 сакавіка. Навошта гэтак катэгарычна абвяшчаць «Herstory замест History»? Незразумела, да якога раўнапраўя імкнецца аўтарка? Бо гэтак атрымаецца, што ўжо мужчыны павінны будуць пачаць «барацьбу за свае правы», калі фэміністкі пачнуць пісаць собскую гісторыю на мужчынскіх касьцях.

Згодны, што «палову хатняе працы павінны ўзяць на сябе мужчыны і разгрузіць жанчыну для грамадзкага раскрыцьця», але ж з вашых далейшых словаў увогуле вынікае, што патрэбна ўсё зваліць на плечы мужыкоў ці, наадварот, адмовіцца ад кар’еры. А ці нельга сумясьціць кар’еру зь сям’ёй? Ці гэткія ўжо пачвары — мужчыны, што трэба іх браць пад ногі?

Навошта падзяляць культурны, навуковы здабытак, скарб па полавай прыкмеце? Стварайце, жанчыны, дасьледуйце. Дастаткова, мусіць, прыгадаць Натальлю Арсеньневу, Марыю Складоўскую-Кюры, Ларысу Геніюш. Але ці адны толькі мужчыны зрабілі Чарнобыль «пры вашым маўклівым дазволе»? Навошта падзяляць дасягненьні й творы на «мужчынскія» і «жаночыя»? Ці не нясуць у сабе яны ўнівэрсальную мэту стваральніка — адчыніць нам кавалачак собскае душы, што ня мае полу?

Можаце спрачацца пра сутнасьць паняцьця «жаноцкасьць», але яно ёсьць зброяй жанчыны. У мужчыны ж яго няма.

Вам вельмі падабаецца нэгатыў, але акрамя алькаголікаў і тыранаў сярод мужчынаў бываюць «шляхетныя рыцары сваёй дамы». І не заўсёды кар’ерыстка «старая панна», бо ў шмат каго з «кар’ерыстак» маюцца й хатнія гаспадаркі, і муж зь дзецьмі. Ня трэба вылучаць сябе з чалавецтва як асобнае адгалінаваньне. Бо толькі разам мужчына і жанчына ствараюць чалавецтва. А то, вы гатовыя заўтра перастраляць мужскую палову сьвету. Ня трэба.

Будзьма разам без аніякіх полавых перашкодаў!

Сяржук Пруднікаў, Берасьце