Лісты ў рэдакцыю
№ 13 (170), 27 сакавіка — 2 красавіка 2000 г.
02.04.2000 / 13:00
Лісты ў рэдакцыю
Маральна-анальная цэнзура
Кіраўніцтва Гарадзенскага ўнівэрсытэту палічыла, што сярод карыстальнікаў Інтэрнэту праз унівэрсытэцкі сэрвэр зашмат эратаманаў. Таму цяпер тут можна атрымаць інфармацыю з Інтэрнэту, толькі прапушчаную праз спэцыяльны фільтар на сэрвэры. І гэты фільтар не прапускае ключавых словаў, якія адміністрацыя ўнівэрсытэту залічыла да эратычнай тэрміналёгіі. З гэтае нагоды вучоныя акадэмічнага Інстытуту біяхіміі, якія карыстаюцца Інтэрнэтам таксама праз сэрвэр Гарадзенскага ўнівэрсытэту, маюць значныя турботы. Напрыклад, немагчыма без папярэдняга адключэньня фільтру атрымаць інфармацыю, якая тычыцца атэрасклерозу ці аналітычнай біяхіміі, таму што яны ўтрымліваюць у сваім складзе падцэнзурныя спалучэньні літар (athEROSclerosis, ANALitycal biochemistry). Раю аб’явіць конкурс сярод чытачоў «НН»: хто прапануе большую колькасьць словаў, якія асядуць на фільтры сэрвэра ГрДУ (напрыклад, сэкстэт, член-карэспандэнт і інш.). Па ўзнагароды зьвяртацца ў рэктарат унівэрсытэту ў Горадні.
Г.А., Горадня
Пачысьцілі Кобрынь
Хачу паведаміць Вам пра падзеі, сьведкам якіх я быў. Гаворка ідзе аб антыфашыстоўскай акцыі, якую 12 сакавіка правёў у Кобрыні берасьцейскі аддзел «Краю» разам з кобрыньскімі сябрамі.
Акцыю распачалі адразу з вакзалу. Горад зьдзівіў багацьцем фашыстоўскае прапаганды, якая сустракалася літаральна на кожным кроку. Брыдоту зрывалі ды замалёўвалі. Краёўцы накіраваліся да рэгулярнага месца збору «акадэмікаў» з РНЕ. Па дарозе хлопцы раздавалі свае праспэкты й буклеты аб гісторыі Беларусі (асабліва пра тое, чым «праславіўся» ў Беларусі Сувораў, культ якога ў Кобрыні не ў апошнюю чаргу паўплываў на пладавітасьць мясцовага РНЕ); аб дзейнасьці сваёй арганізацыі, клеілі антыфашыстоўскія ўлёткі. Многія з удзельнікаў акцыі былі ў вайсковай форме, баркашоўцы, здалёк убачыўшы іх, пасьпелі ўцячы. Лавіць іх ня сталі... Пакуль.
Потым краёўцы вырашылі правесьці антыфашысцкі «лікбез» сярод жыхароў мястэчка. Таму яны прайшлі праз увесь горад, распаўсюджваючы шмат літаратуры антыбаркашоўскага зьместу.
На пытаньне аднаго зь мясцовых жыхароў «А дзе тут фашысты?», адзін з краёўцаў адказаў: «А РНЕ хіба не фашысты?». «Гэтыя? Гэтыя горшыя за фашыстаў!» — удакладніў кобрынец.
Калі зьбіраліся ад’яжджаць, на вакзале да хлопцаў дачапіліся-такі міліцыянты, але, пагаманіўшы з адным з удзельнікаў акцыі й атрымаўшы тузін улётак, пайшлі чытаць.
Волат з-пад Берасьця
Усё пайшло, як зь ветрам
Адзін віленскі калега, цяпер лекар у Аўстраліі, піша: «1939 год — гэта страта ўсяго людзкага ды нацыянальнага. Людзі — музэй — мова». Мае на думцы Беларускі Музэй імя Івана Луцкевіча. Усё пайшло, як зь ветрам. І памяць пра нашу сталічную Вільню заціраюць нават свае! Беларускі Музэй імя Івана Луцкевіча граў важную ролю ў жыцьці беларускага студэнцтва — грамадзтва. Уваходзілася ў музэй, як у сьвятыню мудрасьці, сьвятыню гісторыі Беларусі. Там адбываліся дні, як сказаць, наведваньня музэю грамадзянамі Вільні. Беларускія студэнты былі праваднікамі. Мая старэйшая сястра бывала адным з такіх праваднікоў. Я слухала яе й думала: «Скуль гэта яна ўсё ведае?..» Так бывала калісьці — да 1939 году...
Раіса Жук-Грышкевіч, Таронта
Вынікі першага этапу праекту «Ганьба»
Сёньняшнія беларускія судзьдзі напэўна ўсё добра разумеюць. Разумеюць і незаконнасьць, і нявечнасьць таго, што робіцца, але ўпарта працягваюць садзіць і штрафаваць, штрафаваць і садзіць. Забываюцца таварышы судзьдзі, што ім, у адрозьненьне ад іх калег зь міліцыі, ніхто не паверыць, калі яны пасьля скажуць, што дзейнічалі паводле загаду.
З гэтай нагоды група беларусаў з вольнага сьвету, засмучаных беззаконьнем у судовай сыстэме Беларусі, правяла неафіцыйнае спаборніцтва сярод судзьдзяў, якія ў 1999 годзе прысудзілі сваім суродзічам кары з палітычных прычынаў. У выніку 12 найбольш актыўных судзьдзяў атрымаюць «Ганебныя Граматы» з дэталямі іх рэпрэсіўных вэрдыктаў. «Ганебныя Граматы» выкладзеныя ў Інтэрнэце на сайце www.draniki.com/ganba для ўсіх ахвотных зь імі азнаёміцца.
Неўзабаве такімі ж граматамі будуць узнагароджаны і тыя прадстаўнікі вэртыкалі і сілавых структураў, якія найбольш зацята змагаюцца зь беларускім нацыянальным адраджэньнем, нішчачы Дзяржаўнасьць, Мову і Культуру Беларускага Народу. Мы перакананыя, што гэтыя асобы ў хуткім часе панясуць крымінальную адказнасьць. Мы будзем мець свой Нюрнбэрг!
Каардынатары праекту «Ганьба»
Андрэй Дубянецкі, Раман Кардонскі (Паўночная Амэрыка)
www.draniki.com/ganba
Сумнае
Хачу распавесьці вам і ўсім чытачам надта сумны выпадак з майго жыцьця. Здарылася гэта каля месяца таму. У паралельным класе вучыцца адна вельмі сьціплая дзяўчына. Завуць яе Гурноўская Ксенія. Мне карцела пазнаёміцца зь ёю, але я саромеўся падысьці і загаварыць. Аднойчы я ўсё ж падышоў і загаварыў. Гаварылі пра ўсякія неразумныя рэчы... Я прапанаваў ёй пайсьці на канцэрт «Народнага альбому». У яе вачах засьвяцілася радасьць, яна сказала, што ёй вельмі прыемная гэтая прапанова. Ксенія сказала, што падумае.
Назаўтра я, як шалёны, аб’ехаў шмат касаў, каб нарэшце купіць найлепшыя квіткі. Але мяне чакала вялікае расчараваньне: яна адмовілася. Я вельмі хацеў зразумець, у чым рэч. Усякі раз пры сустрэчы я распытваў яе, але яна заставалася замкнёная... Аднак аднойчы яна ня вытрымала і расказала. Рэч аказалася ў яе бацьках, у іх «поглядах на жыцьцё». Яны не дазваляюць Ксені хадзіць у тэатры, гуляць з хлопцамі, карыстацца касмэтыкай і г.д. Я быў раззлаваны.
У суботу, 26 лютага, быў цудоўны вечар, які я правёў у канцэртнай залі, слухаючы «NA». Скандаваў «Жыве Беларусь!» сам адзін і сумна пазіраў на пустое месца побач з сабою...
На жаль, у наш час засталіся такія суровыя дыктатарскія ўмовы жыцьця, што часам хочацца зьбегчы ад усяго гэтага і ніколі не вяртацца...
Максім Іванцоў, Менск