Барыс Тумар. Канец ілюзіяў

№ 13 (170), 27 сакавіка — 2 красавіка 2000 г.

02.04.2000 / 13:00


 

Канец ілюзіяў

 

Менчукі ў суботу не пазналі свайго праспэкту Скарыны. У горадзе дыжурылі бронетранспарцёры з кулямётамі напагатове на вежках — пяць на пл.Незалежнасьці, два на пл.Перамогі, два на пл.Якуба Коласа, два ля Акадэміі Навук. На плошчах Перамогі і Незалежнасьці стаялі вялізныя вадамёты. Каля 40 спэцгрупаў з сабакамі гатовыя былі прыйсьці на дапамогу кулямётчыкам і вадамётчыкам. Вуліцы Чырвоная, Якуба Коласа, праспэкт ад праходной заводу Леніна да пл.Незалежнасьці былі ачэпленыя экіпаванымі салдатамі ўнутраных войскаў — праз кожныя 12 мэтраў стаяў салдат. Вялізныя сілы вайскоўцаў і міліцыянтаў стаялі напагатове ў дварах на Залатой Горцы, ля вуліцы Кісялёва, на берагах Сьвіслачы, ля вуліцаў Янкі Купалы, Якуба Коласа, ля Акадэміі Навук. Мабыць, гэта была найбуйнейшая вайсковая апэрацыя ў Беларусі з пасьляваенных часоў. У школах і ўнівэрсытэтах на Дзень Волі арганізавалі абавязковыя для наведваньня мерапрыемствы. Гэткае Зьвеставаньне і Дзень Незалежнасьці падрыхтавалі менчукам улады.

Аб 11.45 сядзіба Беларускага Народнага Фронту была ўзятая штурмам спэцаддзелам у бронекамізэльках і чорных масках, а ўсе «падазроныя» амонаўцам людзі, хто там быў, збольшага маладыя, затрыманыя.

Небясьпечная сытуацыя была створаная ў падземным пераходзе на станцыі “Плошча Якуба Коласа” — станцыя не была закрытая, але ў падземным пераходзе ад 10-й былі перакрытыя выхады да Філярмоніі і на плошчу, без ачапленьня застаўся толькі выхад да Камароўскага рынку. Такім чынам у падземным пераходзе перамяшаліся тысячы людзей (тыя, хто ня мог трапіць на мітынг і чакаў; тыя, хто ішоў на базар альбо вяртаўся адтуль). Пачалася цісканіна, зь якой цяжка было выбрацца. Магчыма, улады хацелі справакаваць штурханіну накшталт няміскай.

Была перакрытая кардонамі міліцыянераў вул.Чырвоная, тут супрацоўнікі міліцыі з сабакамі з асаблівай жорсткасьцю затрымлівалі маладых людзей, нават не высьвятляючы, куды яны накіроўваюцца. Вялізную колькасьць людзей затрымалі каля Філярмоніі, паліграфкамбінату імя Якуба Коласа, Акадэміі спорту. Хапалі найперш тых, хто нёс сьцягі, транспаранты, выгукваў патрыятычныя лёзунгі, сароміў цэрбэраў, здымаў тое, што адбывалася.

У натоўп былі накіраваныя і правакатары. Кіраўніца Гельсынскага камітэту Тацяна Процька сьведчыць, што сама каля яе нейкі мардаты доўга крычаў на дэманстрантаў «ідзіце працуйце, што вы тут сабраліся», «вы найміты Захаду», «што, баіцеся мяне зачапіць» і ўсё такое. Пакрычаўшы гэтак з хвілінаў колькі, ён падышоў да афіцэра міліцыі і спытаўся: «Ну, што, ужо ўсё, можна ісьці?» Гэта Ваш супрацоўнік? — пацікавілася спн.Процька ў афіцэра. Той сумеўся і адказаў, што гэта не зь ягонага аддзелу. Неўзабаве спн.Процька была затрыманая.

Затрыманьні адбываліся з дэманстратыўнай жорсткасьцю: людзей выхоплівалі з натоўпу і цяглі за валасы, білі дручкамі. Відавочная мэта ўсяго гэтага — напалохаць як мага болей людзей, адбіць у іх ахвоту хадзіць як на санцкцыянаваныя, так і на несанкцыянаваныя акцыі.

Гэта была дакладна прадуманая і загадзя сплянаваная дэманстрацыя сілы і жорсткасьці рэжыму. Натоўп расьсякалі і рассоўвалі вельмі прафэсійна. Суботняя размова Пуціна з Лукашэнкам паказвае, што замовіць такую дэманстрацыю сілы магла й Масква напярэдадні выбараў.

Усяго колькасьць тых, хто з розных бакоў спрабаваў прабіцца на пл.Якуба Коласа, можна ацаніць у 12—15 тысячаў чалавек. У адных людзей засталося пачуцьцё горычы і бясьсільля. Яны ня ведалі, што рабіць у сытуацыі жорсткага разгону. У другіх наадварот стварылася ўражаньне, што на гэтым Дні Незалежнасьці ўлады пацярпелі поўную паразу. Сьвет пабачыў, што робіцца ў Беларусі. Што да ўдзельнікаў, дык затрыманьні ўжо нікога не палохаюць: «улады бясьсільныя, таму і робяць гістэрыкі».

«Многія цешыліся ілюзіямі, што ўсё будзе гэтак проста, што дастаткова, каб 100 тысячаў выйшлі на плошчу, і рэжым адразу пахісьнецца. Сёньня канец ілюзіяў. Патрэбныя глыбейшыя зьмены ў грамадзтве і культуры», — кажа мавазнаўца Юрась Бушлякоў.

Кіраўнік Беларускай Асацыяцыі Журналістаў Жанна Літвіна назвала тое, што адбывалася на сьвята, «беспрэцэдэнтным хамствам у дачыненьні да журналістаў і абвяшчэньнем вайны прэсе». Былі затрыманыя журналісты Радыё «Свабода», Francе Press, AP, «Нашай Свабоды», «Кур’еру», «Белавескай пушчы», «Рабочага», «Згоды», «Права на волю», «Белорусской Деловой Газеты», ОРТ, НТВ, РТР, ТВЦ, ІТАР-ТАСС. У журналістаў білі камэры, дыктафоны, акуляры. Былі затрыманыя журналісты і аўтары нашай газэты Славамір Адамовіч, Тацяна Сьнітко, Аляксей Шыдлоўскі, Аляксей Фралоў (разам з маці), Вадзім Болбас, Мікола Яўмененка, Паўліна Сьцепаненка. У рэпарцёра Радыё «Свабода» Валера Каліноўскага не пабачылі мабільнага тэлефона, і такім чынам у суботу адбыўся ўнікальны рэпартаж зь месца інтэрнаваньня — часткі ўнутраных войскаў на вул.Маякоўскага. Журналіст ня толькі перадаў свой рэпартаж, але і ўзяў інтэрвію ў інтэрнаванага тамсама Анатоля Лябедзькі.

Нягледзячы на дыпляматычны імунітэт, былі затрыманыя на пару гадзінаў дэпутат польскага Сойму Мар’юш Каміньскі і яшчэ пяць грамадзянаў Польшчы, а таксама супрацоўнік місіі АБСЭ Крыстафэр Паніка. Дакладчык Рады Эўропы па Беларусі Вольфганг Бэрэндт заявіў у інтэрвію Радыё Свабода, што не ўяўляе сабе, якія свабодныя і дэмакратычныя выбары могуць адбыцца ў сытуацыі такіх рэпрэсіяў, «калі тое, пра што паведамляецца, праўда», дадаў ён — відавочна ня могучы даць веры, што рэпрэсіі такога маштабу могуць быць разьвязаныя ў Менску на вачах у міжнародных назіральнікаў. Дзень Волі стаў канцом надзеяў на дэмакратычную эвалюцыю рэжыму.

У вайсковай частцы на вул.Грушаўскай у суботу апынуліся каля 65 чалавек. Каля 100 чалавек былі завезеныя ў спэцразьмеркавальнік на вул.Акрэсьціна. У Савецкім РАУС было каля 100 чалавек.

Пад 200 затрыманых былі дастаўленыя ў частку ўнутраных войскаў на вул.Маякоўскага. Усяго, паводле папярэдніх ацэнак, было затрымана 420 чалавек (зьвесткі Гельсынскага камітэту) або нават 500 чалавек («Вясна-96»). Большую частку затрыманых выпусьцілі ў суботу ж. Каля 50 чалавек застаюцца ў астрозе. Моцна зьбітых людзей няшмат.

Былі затрыманыя таксама два чарнаскурыя беларусы. Журналісты, што бачылі аднаго зь іх у месцы інтэрнаваньня, спыталіся па-расейску, хто ён і што. «Пацярпеў за родную Беларусь!», — адказаў ён чыста па-беларуску.

Людзі самі сваім розумам вырашалі, што рабіць. Правядзеньне акцыі на плошчы было немагчымае. Большая частка людзей рушыла да плошчы Бангалор дварамі. Каля 1,5 тысячаў чалавек пад пільным наглядам паліцаяў, церпячы пэрыядычныя налёты і затрыманьні, усё ж прайшлі шэсьцем тратуарамі пр.Скарыны і вул.Сурганава. Апошні моцны налёт на іх адбыўся ўжо на пляцы Бангалор, за некалькі соцень мэтраў ад пляцоўкі мітынгу. Той ужо ішоў. Усяго ў мітынгу ўзялі ўдзел каля 4 тысячаў чалавек. Выступілі Вінцук Вячорка, Вячаслаў Сіўчык і Мікола Статкевіч, якія ўніклі затрыманьня. Яны заклікалі да змаганьня. «Чарнобыльскі шлях» абавязкова мае адбыцца, лічаць яны. І, нягледзячы на ўсе рэпрэсіі, ён мае быць мірны і прыгожы.

А 2 красавіка, у дзень “яднаньня з Расеяй”, апазыцыя будзе ладзіць “Малітву за Беларусь”.

 

Барыс Тумар