ВОДГУКІ

№ 13 (170), 27 сакавіка — 2 красавіка 2000 г.

02.04.2000 / 13:00


 ВОДГУКІ

 

Пра Сянкоўскага

У нумары «НН» за 13.03.2000 г. у «Календары» прачытала матэрыял пра Сянкоўскага. Вельмі прыемна, што газэта не забылася на юбілей гэтага сапраўды незвычайнага чалавека. Я ў свой час таксама цікавілася ягоным жыцьцём. І, здаецца, мы са сп.Гардзіенкам карысталіся ў сваіх пошуках рознымі крыніцамі.

Вось нашыя разыходжаньні:

1. Сянкоўскі ведаў амаль удвая болей моваў, чым узгадана ў тэксьце.

2. З Булгарыным і Грэчам ён «зблізіўся» не пасьля таго, як «адышоў ад выкладчыцкай дзейнасьці», а да таго, у 1823 г. А пасьля, калі пачаў працаваць у «Бібліятэцы для чытаньня», на ніве канкурэнцыі разышоўся зь імі.

3. «Паўночная пчала» не часопіс, а газэта.

4. Трапляліся апавяданьні, аповесьці, фэльетоны, навуковыя і крытычныя артыкулы Сянкоўскага, але не раманы. Хто іх чытаў, хай мяне паправіць.

5. Часопіс «Бібліятэка для чытаньня» заснаваў купец Сьмірдзін. Сянкоўскі ж быў рэдактарам, хаця пазьней перакупіў правы выдаўца.

6. Журналістыку Сянкоўскі пакінуў пры канцы 40-х гадоў, не «нечакана», а праз жорсткую цэнзуру. А ў 50-х, перад сьмерцю, зноў вярнуўся да гэтага занятку.

Валянціна Рашэтнік, Менск

 

Паважаны сп.Пруднікаў!

З удзячнасьцю прачытала ваш водгук на мой артыкул “Herstory замест history”. Аднак засмуцілася — няма кантакту. Ці то я цьмяна напісала, ці то вы цьмяна зразумелі. Я не заклікаю перапісаць гісторыю так, каб зрабіць перакос у бок жанчын, гэта было б глупства ў духу вядомага польскага фільму “Сэкс-місія”: “Каін забіў сваю сястру Абэль. Мужчыны вынайшлі атамную бомбу і рак маткі”. Я хачу, каб была напісаная гісторыя з пункту гледжаньня жанчын. Знойдзеныя адказы на маленькія і велькія, канкрэтныя і абстрактныя пытаньні. Напрыклад, якую ролю грала жанчына ў Сярэднявеччы? Ці: наколькі лёс францускай кароны вырашалі фаварыткі? Хто такая Марыя Мэдычы? Колькі было спалена ведзьмаў пры Тарквэмаду? Які эканамічны, сацыяльны, палітычны ўнёсак жанчынаў у цывілізацыю на розных этапах яе разьвіцьця? Што нам прынёс і чаго пазбавіў патрыярхат? Без адказаў на гэтыя пытаньні няма роўнасьці. Справядліва пішацца ў дакумэнтах ААН па правох жанчыны: без адказу на гэтыя пытаньні роўнасьць прынясе яшчэ большую няроўнасьць.

Спачатку давайце вызначым месца жанчыны ў цывілізацыі, прыбярэм усе бар’еры на шляху, а тады забудземся на гэтую праблему, ня будзем зважаць, мужчынам ці жанчынай зьяўляецца той ці іншы мысьляр, паэт, палітык.

І дзе вы бачылі ў маім артыкуле хоць грамулю варожасьці? Каго я там заклікала “ўзяць пад ногі”? Я б не паважала сваіх мэтаў і сябе, калі б заклікала да нечага гэткага. Ёсьць пастулят сучаснага фэмінізму: не “аддайце тое, што ў нас забралі”, а “хай кожны робіць сваю справу!”

З тым, што “ня трэба падзяляць дасягненьні й творы на мужчынскія й жаночыя”, я цалкам згодная. Залатыя вашыя словы! Аднак паўтаруся: каб выправіць дзе-нідзе сытуацыю няроўнасьці, прыйдзецца зважаць на полавыя прыкметы. А як інакш змагацца з жаночай перагружанасьцю альбо недастатковым удзелам у прыняцьці рашэньняў? Напрыклад, як бы вы змагаліся зь перавагай расейцаў у адміністрацыі Беларусі, ня вывучыўшы біяграфіяў чыноўнікаў — хто наежджы, а хто тутэйшы?

Вы кажаце, што кар’ерысткі маюць часам і хатнюю гаспадарку, і мужа зь дзецьмі — я згодная. Але спытайцеся пра іхныя нагрузкі, запытайце, чаго ім каштуе круціцца і туды і сюды, колькі гадзінаў яны сьпяць і як бавяць выходныя. Колькі кабет разьвяліся з-за працы, а колькі кінулі пэрспэктыўную працу з-за сям’і. Вам адкрыецца шмат новых ісьцін.

І яшчэ: я не лічу мужчын пачварамі. Я ўпэўненая, што ад несправядлівасьці і няроўнасьці, мітаў і стэрэатыпаў мужчыны пакутуюць гэтакжа, як і жанчыны.

Я ня так ставіла пытаньне, як вы яго пабачылі. Думайце яшчэ.

З павагаю,
Сьвятлана Курс

 

У нас няма мэраў

Апошнім часам зачаста старшыняў аблвыканкамаў называюць «губэрнатарамі». Такое бачыш нават на старонках незалежных беларускіх выданьняў. Адкуль гэта? Хіба мы ўжо жывем у Расеі? Гэта ж там — губэрнатары. Крыўдна, што кажучы пра неабходнасьць змаганьня за незалежнасьць Бацькаўшчыны і ў першую чаргу пра незалежнасьць ад Расеі, нашыя паважаныя журналісты робяць такія недаравальныя памылкі. Можа нехта й скажа, што гэта ня так істотна, але не пагаджуся — істотна. Дробныя саступкі прыводзяць да страты асноўнага.

І яшчэ. Вядома, што губэрнатар у сьвеце, таксама як і мэр, звычайна — пасада выбарная. Іх абірае народ. А нашыя «губэрнатары» і «мэры» вядома кім «абраныя». Такім чынам прызначаных кіраўнікоў, калісьці, прыкладам, у старажытным Рыме, называлі «намесьнікамі». Здаецца, такі назоў ім пасуе больш. Значыць, называючы старшыню аблвыканкаму-вэртыкальшчыка «губэрнатарам», а другога вэртыкальшчыка, старшыню гарвыканкаму, — «мэрам», мы, з аднаго боку, уводзім нашых чытачоў у зман, а з другога — надаем шмат гонару гэтым намесьнікам.

Аляксей Дзікавіцкі, Пінск