З усёй краіны

№ 16 (225), 16 — 23 красавіка 2001 г.

23.04.2001 / 13:00


 З усёй краіны

 

Выйшлі на свабоду Вячорка й Беленькі

Пасьля 15-сутачнага пакараньня са спэцпрыёмніку выпусьцілі Вінцука Вячорку. Каля КПП яго сустракалі сваякі, паплечнікі і сябры — Леанід Баршчэўскі і Павал Знавец, Алесь Суша, Кася Камоцкая і Аляксандар Памідораў, Зьміцер Бартосік ды іншыя. У гэты ж дзень быў вызвалены і в.а. старшыні КХП-БНФ Юры Беленькі. Суд перагледзеў яго справу і скасаваў пакараньне. З 15 сутак арышту Беленькі адбыў 9. Вялікдзень, дзякуй Богу, сустрэне зь сям’ёй.

 

Карціць асвоіць Ханты-Мансійск

Беларусь і Расея будуць займацца сумеснай здабычай нафты на радовішчах Ханты-Мансійскай акругі ў Сібіры з запасамі нафты да 100 млн. тон. Укласьці ў гэты праект трэба 700 млн. даляраў: 350 млн. мае ўнесьці «Белнафтахім», столькі ж — «Слаўнафта». Тэрмін акупальнасьці праекту — 6 гадоў. Найбольшы аб’ём здабычы ацэньваецца ў 3,5 млн. тон у год (гэта чацьвертая частка ад агульнагадавой патрэбы Беларусі). Але ці знойдзе Беларусь столькі грошай, каб укласьці, калі самі на рэканструкцыю мазырскае нафтаперапрацоўкі маем браць крэдыт 26 млн. даляраў у Баварскага банку?

«Слаўнафта» ж усё мацней апаноўвае Беларусь. Летась яна мела ў нашай краіне 7 АЗС, цяпер — 19, а да канца году, плянуецца, іх стане 30.

 

Маем 49 прадстаўніцтваў у 43 краінах

Беларусь мае 49 замежных установаў у 43 краінах, зь іх пасольстваў 41, генэральных консульстваў 6, сталых прадстаўніцтваў 2 (Нью-Ёрк, Жэнэва). Маем, у дадатак да іх, таксама 9 аддзяленьняў пасольства Беларусі ў Расеі (у Караляўцы, Пецярбургу, Краснадары, Цюмені, Мурманску, Навасібірску, Екацярынбургу, Уфе, Хабараўску і аддзяленьне амбасады ў ФРН — у Боне). Зь іх найноўшыя – тыя, што пачалі працу сёлета. Гэта аддзяленьне амбасады Беларусі ў Хабараўску, генконсульства ў Славаччыне. Неўзабаве маюць адкрыць генконсульствы ў Стамбуле і Рыа-дэ-Жанэйра. Летась Беларусь адкрыла амбасады ў Вугоршчыне, Іраку, Лібіі, Аб’яднаных Арабскіх Эміратах.

Паводле БелаПАН

 

Жывыя грошы на гандлі сьмерцю

З 1994 па 2000 г. Беларусь прадала зброі ды вайсковага абсталяваньня на мільярд даляраў.

Цяпер мы ўваходзім у дзясятку найбуйнейшых экспартэраў зброі ў сьвеце. Галоўны “гандляр” — дзяржаўнае прадпрыемства “Белзамежпрамсэрвіс” — займаецца таксама мадэрнізацыяй узбраеньняў на замову замежных пакупнікоў. У прыватнасьці, мадэрнізуе танкі Т-72, якія абсталёўваюцца дадатковай бранёю, беларускімі лязэрна-аптычнымі прыладамі ды іншым дапаможным абсталяваньнем. Паводле словаў дырэктара “Белзамежпрамсэрвісу” Аляксандра Андрона, попыт на танкі значна павялічыўся.

Нядаўна ўлады перадалі прадпрыемству вайсковы гарадок Сьцяпянка на ўскрайку Менску. Там цяпер будуюць цэхі для рамонту артылерыі, цэнтар выставаў ды гатэль.

Б.Т.

 

Прэмія Беламу

11 красавіка ў Менску, у памяшканні Беларускага ПЭН-цэнтру, адбылася цырымонія ўзнагароджаньня новага ляўрэата прэміі імя Францішка Багушэвіча. Паводле рашэньня журы, сёлета яе атрымаў Алесь Белы за кнігу «Хронiка Белай Русi. Chronicon Russiae Albae. Нарыс гiсторыi адной геаграфiчнай назвы», што была выдадзеная ў 2000 г. у бібліятэчцы «Беларускага гiстарычнага агляду». На прэмію прэтэндаваў таксама Рыгор Клімовіч, які выдаў у 1999 г. у сэрыі «Архiў найноўшае гiсторыi» кнігу «Конец Горлага». Толькі дачасная сьмерць аўтара перашкодзіла ўзнагародзіць яго.

Б.Т.

 

Страшны чалавек!

Магілёўскае ўпраўленьне Дзяржкамітэту фінансавых расьсьледаваньняў узбудзіла крымінальную справу супраць начальніка падатковай інспэкцыі Хоцімскага раёну. Падазронаму інкрымінуецца крадзеж 7 тонаў асфальтабэтоннай сумесі, выкарыстаньне чужой працы пры расьпілоўцы драўніны і іншыя злоўжываньні.

 

Перагрузка

На 10 мэтраў разьляцеліся аскепкі шыбы ў выніку выбуху ў адной з кватэраў на першым паверсе пяціпавярховага дому ў Баранавічах. Прычынай інцыдэнту стаў самагонны апарат, які папросту ня вытрымаў перадвелікоднага падвышэньня аб’ёмаў вытворчасьці. На шчасьце, ніхто не пацярпеў. Самагоншчык аштрафаваны.

 

Маскоўскія зьвяры

11 красавiка ў Горадні распачаліся гастролi Вялiкага маскоўскага цырку зьвяроў з праграмай «Гэтыя забаўныя жывёлы». Масквiчы дадуць 10 прадстаўленьняў. У праграме — мядзьведжае шоў, атракцыён «Афрыканскi леапард на свабодзе», гiганцкiя ўдавы, пiтоны, кракадзiл.

 

Мой мілы таварыш...

З 16 красавіка адновяцца рэгулярныя паветраныя зносіны паміж Гомелем, Менскам і Горадняй. Пералёт з Гомеля ў Менск на самалёце АН-24 будзе каштаваць 10 тыс. рублёў, у Горадню — 19,5 тыс.

Паводле БелаПАН

навіны гаспадарскія

Чаканьне даляраў

Ходзяць чуткі, што з 1 траўня ў Беларусі можа адбыцца чарговае падвышэньне “мінімалкі”. Упершыню заява аб неабходнасьці значнага росту сярэдняга заробку прагучала летась увосень, калі нават афіцыйная статыстыка сьведчыла, што 40% насельніцтва бракуе грошай на элемэнтарныя патрэбы.

Адразу павялічыць заробкі не атрымалася – летась са стратамі спрацавала амаль палова прадпрыемстваў і тры чвэрці калгасаў і саўгасаў – не было адкуль здабыць неабходныя сродкі. Тады і зьявіўся “праект Кабякова”: вытворцы пачнуць атрымліваць па 100-даляравай купюры штомесяц ужо ў жніўні, а бюджэтнікі – пры канцы году. Але плян стаў даваць “збоі” ад самага пачатку.

У прамысловасьці, дзе няма дастатковых рэзэрваў, пачалі ахвяраваць на карысьць росту заробкаў ня толькі сродкі, прызначаныя на закупку новага абсталяваньня, але й абаротныя фонды. У выніку скараціліся аб’ёмы вытворчасьці і, адпаведна, пералічэньні ў бюджэт. Так што шанцы мэдыкаў і настаўнікаў на хуткае “падвышэньне жыцьцёвага ўзроўню” значна паменшыліся.

Але загадаў не абмяркоўваюць. З сакавіка “мінімалка” ўзрастае больш чым на 50%. Але разам з тым прымаецца рашэньне зьменшыць розьніцу паміж вышэйшай і ніжэйшай стаўкамі і скасаваць пэўныя даплаты. Так што адчувальную прыбаўку атрымалі толькі… нізкакваліфікаваныя бюджэтнікі, то бок тыя, хто працуе менш і горш. У большасьці спэцыялістаў заробкі ня толькі не павялічыліся, але нават не дацягнулі да лютаўскай адзнакі…

Днямі намесьнік міністра эканомікі сп.Тур паабяцаў, што такая “зраўняйлаўка” будзе ліквідаваная ў траўні-чэрвені. Аднак варыянтаў ва ўраду па-ранейшаму няшмат: спадзявацца на росквіт вытворчасьці, чакаць расейскіх крэдытаў або “запускаць станок”. І, мяркуючы па ўсім, канчатковы выбар зроблены на карысьць апошняга. Прынамсі, ужо ў панядзелак сёй-той атрымае ў бухгальтэрыі грошы ўжо “сьвежанамаляванымі” 10-тысячнымі банкнотамі.

Сяржук Іваноўскі

 

спартовы тыдзень

Хуліганы ды шчасьце

На мінулым тыдні распачаўся наш 11-ы футбольны чэмпіянат. Разам з гульцамі зь зімовага анабіёзу выйшлі й футбольныя хуліганы. У Наваполацку мясцовыя заўзятары пабіліся зь менскімі “тарпэдонамі” ды закідалі камянямі аўтобус менскай каманды, якая зьвезла адтуль 3 ачкі.

 

.Між тым FIFA выдала новы рэйтынг 203 зборных краінаў сьвету. Беларусы, дзякуючы кіеўскім нулям ды ўзаемаразуменьню Васілюка са “штангай”, узьняліся ажно на 11 радкоў (з 99-га на 88-е!). Вясна – расьцем.

Тым часам хакеісты навастрылі канькі ў Нямеччыну на чэмпіянат сьвету. У двух таварыскіх гульнях з расейскім “Тарпэдам” беларусы ўспомнілі навуку перамагаць, расклаўшы госьцікаў 5:2 ды 6:2. На чарзе аўстрыякі ды латышы. А 28 красавіка – першая гульня хакейнага мундыялю супроць чэхаў.

Гарадзенскія баскетбалісты атрымалі шанец патрапіць на фінальны турнір Чэленджэра Паўночнаэўрапейскай баскетбольнай лігі. Расейцы ды немцы, якія законна выйгралі сабе квіткі, адракліся ўдзелу. Адны з-за адсутнасьці грошай, другія – часу. Прыйшло шчасьце і ў нашу хату. А ў нас і грошай, і часу!..

Богусь Біятлянёнак

 

Затрыманьні за тыдзень

У Віцебску Віктар Шляхцін, Юрась Корбан і Кастусь Смолікаў былі затрыманыя за ўдзел у несанкцыяваным пікеце пратэсту супраць затрыманьня Вячоркі. У Гомелі сяброў КХП-БНФ Уладзімера Старчанку й Алесю Кацапаву ўкаралі штрафам 35 мінімалак за арганізацыю пікету 25 сакавіка. Маладафронтаўцаў Дзяніса Налібака й Івана Тамашэвіча затрымалі ў Менску за ўдзел у кплівым з Лукашэнкі пэрформансе. У Віцебску міліцыя шукае арганізатараў сьвяткаваньня 25 сакавіка і склала пратаколы на актывістаў-пазьнякоўцаў Уладзімера Плешчанку, Вольгу Кладову і Пятра Сарапеню.