З усёй краіны

№ 21 (230), 21 траўня 2001 г.

21.05.2001 / 13:00


 З усёй краіны

 

Зубры прыйшлі

Акцыя “Зубра” “Мы прыйшлі!” сабрала ў нядзелю ў Менску некалькі соцень удзельнікаў. “Зубры” прадэфілявалі па ходніках ад Акадэміі навук да плошчы Незалежнасьці. Калёна паводзіла сябе арганізавана й дысцыплінавана, не выкрыквала лёзунгаў, не ўздымала сьцягоў. Шмат хто зь людзей на праспэкце так і не зразумеў, што адбываецца і навошта.

 

Зубр не карова

Агенцтва www.іnterfucks.com паведамляе, што 15 зуброў выйшлі зь ляснога масіву і напалі на статак кароваў саўгасу «Новы Двор» Гарадзенскай вобл. Ахвярамі сталіся дзьве каровы, якіх зубры літаральна падралі на кавалкі. Іх не спыніў нават “электрапастух”. Кіраўніцтва саўгасу зьбіраецца патрабаваць у нацыянальнага парку “Белавежская пушча” кампэнсацыі шкоды. Аналягічны выпадак колькі год таму адбыўся на Берасьцейшчыне.

Да першай камуніі

Перад летнімі вакацыямі 246 маленькіх парафіянаў касьцёлу Сьв.Міхала Архангела ў Смургонях прынялі першую Камунію. Амаль год яны вывучалі Біблію зь сёстрамі Люцыяй і Маргарытай. А бацькі дзяўчынак паклапаціліся пра ўрачыстыя сукенкі. Бо падзея такая здараецца раз у жыцьці.

 

Грыб — атрута для егавіста

Наеўшыся веснавых грыбоў, сям’я з чатырох чалавек (тата, мама і два малыя 5 і 8 год) трапіла ў рэанімацыю. Бо няправільна прыгатавалі падступныя смаржкі. Дактары казалі, што бацькі — сэктанты (егавісты, ці што), мала таго, што самі вэгетарыянцы, дык яшчэ і дзяцей марылі. Адсюль і цяжкія вынікі. Выратаваць іх выратавалі, але ныркі і печані, асабліва ў малых, пашкоджаныя.

Тацяна Скарынкіна, Смургоні

 

Сьвята Маці Божай Фацімскай

У Баранавічах адбылося сьвята Фацімскай Божай Маці. У сьвяточнай імшы бралі ўдзел каля 5000 чалавек. Ня ўсе зьмясьціліся ў касьцёле, хто-ніхто слухаў знадворку. Пасьля службы ля касьцёлу распачаўся фэст. У ятках людзі маглі набыць сабе нешта смачнае. А побач выступалі рок-гурт “Рэзэрвацыя” і бард Віктар Шалкевіч, хор польскага клюбу, творчы калектыў “Фэст” (Баранавічы). Паралельна распачаліся гульні й конкурсы для дзяцей, якімі кіравалі сёстры-манашкі. Алькагольныя напоі, нават піва, у ятках не прадавалі, аднак весялосьці ставала і бяз іх. Такога нармальнага эўрапейскага сьвята даўно ня бачылі Баранавічы. Сорамна прыгадваць 9 траўня, калі гарэлка лілася ракою, а Малады Парк захлынаўся ад сьмецьця, бруду й п’яных падлеткаў.

 

Сьвята ў Жыровічах

20 траўня беларусы ва ўсім сьвеце адзначаюць Дзень зьяўленьня Жыровіцкага абраза Божай Маці, які цяпер захоўваецца ва Ўсьпенскім саборы Сьвята-Ўсьпенскага мужчынскага манастыра ў Жыровічах. З даўніх часоў да цудадзейнага абраза ідуць хрысьціяне ўсіх канфэсіяў.

Руслан Равяка, Баранавічы

 

Сьвет магнатаў Пшазьдзецкіх

У Заслаўі адчынілася гісторыка-мастацкая выстава “Заслаўе. Ілюзіі і рэаліі магнатаў Пшазьдзецкіх”. Аўтары экспазыцыі, мастацтвазнаўца Тацяна Гаранская і мастак Віктар Маркавец паспрабавалі ўваскрасіць зь нябыту сьвет, што загінуў у полымі войнаў і экспрапрыяцыяў.

 

Пшазьдзецкія ўладарылі ў Заслаўі ў XVIII ст. Цэнтральнай фігурай экспазыцыі стаўся Антоні Тадэвуш Пшазьдзецкі (1718—1772), які дапамог Станіславу Аўгусту Панятоўскаму зрабіцца каралём Рэчы Паспалітай, за што й атрымаў тытул графа Заслаўскага, а таксама шматлікія прывілеі. Напрыклад, яму дазвалялася ладзіць у Заслаўі, дзе было тады ня болей за 200 жыхароў, штогадовыя кірмашы, якія зьбіралі па 20 тысяч наведнікаў.

Новае становішча вымагала адпаведнага антуражу, і Пшазьдзецкі распачаў у Заслаўі маштабнае будаўніцтва. Паўстаў касьцёл Нараджэньня сьвятой Панны Марыі, які, аднак, ня стаўся фамільнай пахавальняй Пшазьдзецкіх, што разьляцеліся па сьвеце пасьля падзелу Рэчы Паспалітай. Касьцёл быў разбураны ў часе апошняй вайны. Налета мае скончыцца ягоная доўгая рэстаўрацыя.

А вось пра аднаўленьне заслаўскага палацава-паркавага комплексу, створанага італійскім дойлідам Карла Спампані, пакуль няма гаворкі. Толькі рэшткі забудовы датрывалі да нашых дзён. Цяжка нават уявіць, як выглядаў Заслаўскі палац. Нават на здымках канца XIX — пачатку XX ст. можна пабачыць толькі сьціплыя дамкі і парушаныя пуні, якія калісьці былі часткамі графскай сядзібы.

Цэнтральнае месца выставы займаюць партрэты Пшазьдзецкіх, намаляваныя Віктарам Маркаўцом: багіня сьвецкіх салёнаў Алена Радзівіл, дачка Антонія Пшазьдзецкага, што атрымала выдатную адукацыю ў маёнтку Міхала Клеафаса Агінскага; яе сын Антоні Генрык Радзівіл — аўтар опэры “Фаўст”; ягоная жонка — прынцэса Люіза...

Юлія Андрэева

 

Дарунак ад Ежы Гедройца

Нацыянальная бібліятэка атрымала падарунак — поўную калекцыю выданьняў парыскае “Культуры”, якая належала Гедройцу.

 

Плён жыцьця Гедройца вярнуўся ў родны горад рэдактара “Культуры”.

Галоўная вартасьць “Культуры” ў тым, што яна дапамагае знайсьці ясныя адказы на істотныя пытаньні нашага сёньняшняга жыцьця. Як змагацца з нацыянальнымі ілюзіямі, якія адно маскуюць комплекс нацыянальнай непаўнавартасьці? Як будаваць стасункі з палітычнымі апанэнтамі? Як ставіцца да Расеі? Як патлумачыць падманутым і паняволеным людзям, што яны таксама вінаватыя ў сваім гаротным лёсе? Як прымусіць іх крытычна зірнуць на сябе, зьмяніць стаўленьне да суседзяў, адмовіцца ад старых схемаў мысьленьня?

Ю.А.

Грамадзянін Вялікага Княства

Мастацкая галерэя Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту прэзэнтавала выставу графікі Анджэя Струмілы.

 

На самой выставе “Маляваны дзёньнік — А4” былі прадстаўленыя скрозь ксэракопіі. Усе малюнкі аднолькавага фармату А4, суцэльна абстрактныя. Некаторыя больш падобныя да тэстаў для вымярэньня здольнасьці да прасторавага мысьленьня.

Найбольш цікаваю была лекцыя “Фрагмэнты аўтабіяграфіі”, якую можна было паслухаць перад пачаткам выставы. Анджэй Струміла — “усебаковы дылетант”, як ён сам сябе называе, — эрудыт, знаўца некалькіх моваў (у тым ліку і беларускай), азіяцкіх культураў, сваяк Чэслава Мілаша, вучань Уладыслава Стшэміньскага, аднаго з бацькоў усходнеэўрапейскага авангарду.

Нарадзіўся Струміла ў Вільні, куды ягоны дзед і бацька, менчукі, уцяклі ў 1920 г. ад бальшавікоў. Струміла ставіцца да Менску з сантымэнтам, аднак быў шакаваны, калі ўпершыню наведаў горад продкаў. На месцы колішніх Залатагорскіх могілак, дзе спачываюць ягоныя продкі, ён пабачыў Палац мастацтва, абкладзены “кабанчыкам”.

Штогод у сядзібе Струмілы ў Мацьковай Рудзе, ля Сувалак, ладзіцца Міжнародны пленэр гранітнае скульптуры, у якім традыцыйна бяруць удзел і беларусы. Апрача інтэлектуальных дасягненьняў, прафэсар ганарыцца сельскагаспадарчымі перамогамі. У яго 44 гектары зямлі, славутая на ўсю Польшчу стайня…

На разьвітаньне Струміла падарыў Эўрапейскаму гуманітарнаму ўнівэрсытэту каштоўны кніжны збор, прысьвечаны гісторыі шляхецкіх родаў у Вялікім Княстве Літоўскім. Струміла, як і Мілаш, лічыць сябе грамадзянінам ВКЛ.

Ю.А.

 

Навіны гаспадарскія

Спачатку сэквэстар

За студзень-сакавік “абменьнікі” прадалі валюты на 33,2 млн. даляраў больш, чым купілі. Каб утрымаць курс рубля, Нацбанк “націснуў” на прадпрыемствы і давёў абавязковы продаж валюты дзяржаве з 17,6 да 24,8%... Таму сродкаў на рэканструкцыю Беларускага мэталюргічнага заводу і “Беларуськалію” зноў ня будзе.

Паўстае й пагроза паліўнага крызысу. Спажыўцы завінаваціліся “Белнафтахіму” каля 16 млрд. рублёў, і ён ня мае за што набываць нафту для перапрацоўкі. І крэдыту ня возьмеш, бо ці ня ўсе банкаўскія рэсурсы пайшлі на пасяўную. Давядзецца браць пазыкі ў расейскіх банках.

Міністэрства фінансаў абвясьціла, што скарачае бюджэтныя выдаткі. Сэквэстар робіцца з мэтай знайсьці грошы на падвышэньне заробкаў. Аднак мае ня той, хто эканоміць, а той, хто зарабляе. А як тут заробіш, калі з пачатку году доля стратных прадпрыемстваў павялічылася да 41,8%, і замест патрэбнага для “100 даляраў на кожнага” росту ВУП краіны на 5,5% ён узьняўся толькі на 1%?

Сяржук Іваноўскі

 

Спартовы тыдзень

Футбол у Мазыры

Менскія дынамаўцы, прайграўшы “Славіі” дома, ехалі ў Мазыр, каб усё ж трапіць у фінал ды здабыць Кубак Беларусі, а разам зь ім — права на ўдзел у Кубку УЭФА. Аднак згулялі ўнічыю 1:1.

 

“Славія” трэці год запар у фінале. Сёлета ёй давядзецца граць з бабруйскай “Белшынай”, якая адолела рэчыцкі “Ведрыч”. Незалежна ад таго, хто — “Славія” ці “Белшына” — пераможа 27 траўня, бабруйчане ўжо маюць квіток у Кубак УЭФА, бо “Славія”, чэмпіён краіны, будзе браць удзел у адборы да Лігі чэмпіёнаў.

2 чэрвеня беларуская зборная гуляе ў Ерэване з дружынай Сукіасяна. У новым рэйтынгу ФІФА мы засталіся на ранейшым 88-м месцы, а армянаў “панізілі” на два радкі — 95-я пазыцыя.

У Гамбургу Максім Мірны перайграў бразыльца Густава Куэртэна — першую ракетку сьвету 2000 г. А на наступны матч са швэдам Ёхансанам пораху не хапіла.

Нашыя гандбалісткі змагаюцца з галяндкамі за квіток на сьнежаньскі чэмпіянат сьвету. Першую гульню ў гасьцях беларускі прайгралі 26:32. Матч у адказ — у Гомелі ў суботу.

Богусь Біятлянёнак