Апытаньне “НН”

№ 37 (246), 10 верасьня 2001 г.

10.09.2001 / 13:00


 Апытаньне “НН”

Выбары 1994 году былі ўпершыню і прыпалі на самае маленства нацыі. Таму гэта была цацка ў руках дзіцяці — рэч і нечаканая, і ня надта зразумела, нашто патрэбная. Чалавек ня верыў, што ад яго нешта залежыць і круціў той кубік Рубіка з шасьцю прозьвішчамі-гранямі, ня ведаючы, якая зь іх што азначае, што тут з чаго вынікае і на халеру яму тая свабода выбару.

Выбары 2001 году вярнулі чалавеку ягонае звыклае з савецкіх часоў пачуцьцё — ад яго нічога не залежыць, у ягоным жыцьці нічога ня зьменіцца, бо “ня важна, як галасавалі, а важна, як падлічылі” — падлічылі такія самыя, ад якіх нічога не залежыць, апроч свайго працоўнага месца, сваёй сям’і, свайго дому. Яны рызыкавалі і паміж месцам, сям’ёй і домам — з аднаго боку, і дэмакратыяй — зь іншага — выбралі першае.

Выбары 2001 году сталі этапнымі для ўмацаваньня дыктатуры ў краіне і легітымацыі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Ягонае пасьлядоўнае вяртаньне да рэаліяў і атрыбутаў савецкага часу паміж іншым мае на мэце і аднаўленьне пажыцьцёвае кадэнцыі кіраўніка дзяржавы. Таму пра выбары 2006 году казаць не даводзіцца.

Сяргей Дубавец

 

Апытаньне «НН»: у чым адрозьненьні Другіх выбараў ад Першых і як Вы ацэньваеце вынікі выбараў.

Чым, на Вашу думку, адрозьніваюцца першыя і другія прэзыдэнцкія выбары? І чым будуць адрозьнівацца трэція прэзыдэнцкія выбары ад другіх? Якія Вашы першыя ацэнкі выбараў? З такімі пытаньнямі зьвярнулася “НН” да грамадзкіх дзеячоў:

 

без надзеі

Віталь Васількоў, кіраўнік “Кола сяброў”, Магілёў:

1. Сем гадоў таму большасьць выбарцаў галасавала з надзеяй, але бяз страху. Цяпер большасьць галасуе са страхам і ўжо амаль без надзеі. Спадзяюся, што на трэціх выбарах людзі будуць галасаваць бяз страху і з надзеяй.

3. Вынікі выбараў адлюстроўваюць сытуацыю ў краіне.

 

Крытычная маса

Алесь Анціпенка, дырэктар Беларускага Калегіюму:

1. Сёлетнія выбары адрозьніваліся нагнятаньнем псыхозу і недэмакратычнасьцю, ігнараваньнем міжнародных стандартаў і адкрытым прызнаньнем таго, што міжнароднае прызнаньне або непрызнаньне мала цікавіць улады. Але таксама і актывізацыяй моладзі. Чаго не стае цяпер? Не стае крытычнай масы тых, якія б ня проста жадалі выбараў, а якія б былі гатовыя гэтыя свае намеры праз грамадзянскія паводзіны рэалізоўваць. На жаль, сёньня я ня бачу крытычнай масы, і ўлада гэта адчувае таксама, і, найхутчэй, зробіць выбары нелегітымнымі. Але ўлада прадчувае таксама, што сытуацыя ўжо ня тая, што была раней. Грамадзтва робіцца ўспрымальным да іншых палітычных фігураў і лідэраў.

3. Такія вынікі выбараў былі прадказальныя. Гэта такая Беларусь, якую мы маем. Лукашэнка – па-ранейшаму фаварыт старэйшага пакаленьня.

 

Без дэмакратычнай альтэрнатывы

Уладзімер Роўда, палітоляг:

1. Колькасна і якасна. Тады мы мелі шэсьць кандыдатаў, цяпер толькі тры, хоць першапачаткова вылучалася 20. У краіне назіраецца палярызацыя палітычных сілаў. Калі ўлічыць, што папулярнасьць трэцяга кандыдата, Гайдукевіча, вельмі нізкая, то фактычна ўсё зводзіцца да двубою Лукашэнкі і Ганчарыка. У 1994-м мы мелі двух прадстаўнікоў дэмакратычнай апазыцыі, цяпер — адзінага кандыдата. Але фактычна мы ня маем сапраўднай дэмакратычнай альтэрнатывы. Намэнклятурны кандыдат аб’яднаў як намэнклятуру, так і прастаўнікоў дэмакратычных партыяў. Гэтая сытуацыя мо й дае Ганчарыку шанец, але ў будучыні, не цяпер. Гэтая кампанія прайграная ўшчэнт, бо стаўка ў ёй была зробленая на намэнклятурную рэвалюцыю.

У 1994 г. Лукашэнка, прыйшоўшы да ўлады, найперш стварыў вэртыкаль, якая не дае магчымасьцяў для выяўленьня волі намэнклятуры. Яны мо й хацелі б зьменаў, але ня могуць іх дабіцца. Таму намэнклятурная рэвалюцыя наўрад ці можа ўдацца. Прыкра, што дэмакратычная апазыцыя аказалася ў пастцы намэнклятуры. Прыкра, што яна гэтага не ўсьведамляе. Яшчэ больш прыкра, калі ўсьведамляе.

У 2001 г. мы маем справу з кампаніяй аднаго кандыдата, прычым не з 14 жніўня, а вельмі даўно. Цяпер улады ўжываюць адміністрацыйны рэсурс больш чым на 100%, выкарыстоўваюць таксама СМІ, прэсінг. Нават студэнтам далі дадатковыя выходныя (БДУ), абы яны зьехалі зь Менску. Фальсыфікацыі былі ў 1994 г., ёсьць і цяпер. Сьцьвярджаюць, што ў 1994 г. Лукашэнка ў сапраўднасьці перамог у першым туры, але кебічаўцы перакінулі ад яго пару адсоткаў сабе. Цяпер датэрміновыя выбары даюць вялізныя магчымасьці для фальсыфікацыяў.

За сёлетняй кампаніяй бачыцца і пазытыў: стомленасьць людзей Лукашэнкам. Задоўга ён ужо кіруе краінай, вычэрпваецца рэсурс ягонай папулярнасьці. Многія хацелі б бачыць на чале краіны іншую постаць, але, як сьведчаць вынікі сацыялягічных апытаньняў, вельмі многія расчараваныя (каля 10%), бо няма сапраўднага дэмакратычнага кандыдата, яркай фігуры.

2. А што да трэціх выбараў, дык ці будуць яны ўвогуле? А мо адбудзецца рэфэрэндум аб пажыцьцёвых паўнамоцтвах? Хоць гэта і малаверагодна ў эўрапейскай краіне. А мо наступныя выбары адбудуцца не ў сувэрэннай краіне, а ў суб’екце Расейскай Фэдэрацыі? Небясьпека такая ёсьць, і, каб яе не паўтарыць, трэба рыхтавацца проста зараз да трэціх выбараў, рыхтаваць дэмакратычную альтэрнатыву: постаць, праграму. Пакуль папулярнай фігуры няма, але яна зьявіцца ў будучыні, калі апазыцыя перастане быць тусовачнай, стане працаваць з насельніцтвам, выкарыстоўваць кожную праяву незадаволенасьці і страйкавых настрояў. Тады на хвалі працы зьявіцца і постаць.

Беларусь застаецца апошняй дыктатурай Эўропы. Нам можна рыхтавацца да статусу краіны-ізгоя, бо пасьля падобных выбараў Амэрыка будзе ставіцца да рэжыму нашмат больш жорстка. Мо й Нямеччына таксама пасьля апошняй антынямецкай кампаніі Лукашэнкі. Яны будуць ціснуць на Расею, каб засьцерагчы апошнюю ад інкарпарацыі Беларусі і дабіцца лібэралізацыі ў Беларусі.

 

Неба і зямля

Валеры Вухналёў, адзін зь лідэраў Партыі Камуністаў:

1. 1994-ы і 2001-ы — гэта неба і зямля. Цяпер няма ні свабоды, ні дэмакратыі. Месяц ежджу па Магілёўшчыне і магу шмат расказаць пра запалохваньні і парушэньні.

2. Трэція ж выбары будуць дэмакратычнымі. Беспрадзел жа больш цягнуцца ня можа. Людзі зразумеюць сытуацыю.

3. Вынікі выбараў сфальшаваныя: на некаторых участках за Ганчарыка галасавала каля 40%.

 

Выбары
не адлюстравалі стану рэчаў

Іван Пашкевіч, дэпутат “палаты прадстаўнікоў”:

1. Першыя з другімі нават супастаўляць няёмка. Людзі запалоханы. Думка людзей нікога не цікавіць. На гэтых выбарах робіцца ня выбар народу, а выбар вэртыкалі. Аб’яўленыя лічбы ня будуць адлюстроўваць рэальнага стану рэчаў. Чыноўнікі з вэртыкалі называлі мне лічбу 60 і болей працэнтаў. Памылкі ўладамі зробленыя такія, што выбары ня могуць быць прызнаныя легітымнымі.

2. Тое, што цягнулася сем гадоў і будзе яшчэ пяць, ня можа больш паўтарыцца. І Расея, ад якой многа залежыць, таксама ня будзе цярпець.

 

Сталеньне

Юрась Карманаў, радыёжурналіст:

1. Апазыцыя здолела вылучыць адзінага кандыдата. Апазыцыя пасталела.

2. Апазыцыя здолее пасталець настолькі, што прэзыдэнтам стане не Лукашэнка.

 

Лепш улада, чым угода

Кастусь Травень, прадпрымальнік:

1. Да другіх выбараў у краіне пабудавалася аўтарытарная ўлада, і для большасьці такая ўлада лепшая, чым угода мафіёзна-крымінальных структураў. Аб’яднаная апазыцыя ўжо ня мае тых магчымасьцяў, якія мела б сем гадоў таму.

2. Гэта будзе працягвацца, пакуль хопіць нафты і газу ў Расеі. Потым усё разваліцца. Трэціх выбараў можа і ня быць. Навошта?

 

Гадуйма кадры!

Аляксандар Мілінкевіч, кіраўнік штабу С.Домаша:

1. Вялікі посьпех — аб’яднаньне апазыцыі. Гэта паказчык разьвіцьця дэмакратычных сілаў.

2. Выбары могуць адбыцца і не празь пяць гадоў, а раней. Досьвед гэтай кампаніі дапаможа ў кансалідацыі апазыцыі, выхаваньні новых кадраў, здольных кіраваць ня толькі на нацыянальным і рэгіянальным, але й на лякальным узроўні. Варта ўдзельнічаць ва ўсіх выбарах, якія будуць адбывацца да наступных прэзыдэнцкіх, каб назапашваць досьвед.

3. Шкада, што апазыцыя не спрацавала па максымуме. Вылучэньне адзінага кандыдата яшчэ ня ёсьць перамогай. Адзіны кандыдат ня здолеў кансалідаваць грамадзтва.

 

Бяз выбару

Іна Кулей, кіраўнічка цэнтру “Вежа” зь Берасьця:

1. Тады быў выбар. Сёньня выбар адсутнічае. На гэтых выбарах незвычайнага размаху дасягнулі мана, цынізм, хлусьня ў адносінах да альтэрнатыўных кандыдатаў. Але й незвычайнага ўзроўню дасягнула і жаданьне простых людзей удзельнічаць.

2. На трэціх, спадзяюся, будзе нармальны выбар, калі можна будзе выбіраць па камандах, праграмах, асабістых якасьцях.

3. Няшмат было часу ў адзінага кандыдата, не было сродкаў, якія мелі ўлады. Калі б было лепшае інфармаваньне – перамаглі б толькі так.

 

Падрыхтоўка да разьвіцьця

Павал Якубовіч, рэдактар газэты “Советская Белоруссия”:

1. Сёньня ў апазыцыйным асяродзьдзі людзі, што дэкляруюць сваю прыхільнасьць да лібэральных прынцыпаў, прынцыпаў добрага парлямэнтарызму, намагаюцца давесьці, што пасьля перамогі ня будуць дзейнічаць як заваёўнікі ў захопленым горадзе. І вельмі многа было заяваў, што ўсё будзе цывілізавана, у рамках закону, але разам з тым наяўнасьць сярод апазыцыйнае вярхушкі старой савецка-вайскова-чэкісцкай намэнклятуры пераконвае мяне ў тым, што многія людзі ідуць на выбары пад штандарамі помсты і далейшага ўдзелу ў бізнэс-праектах. Дзьве рэчы надаюць ім сілы. Па-першае, яны разьлічваюць запаліць вогнішчы народнага гневу й стварыць дэмакратычныя трыбуналы на кожным куце, а па-другое, забясьпечыць сваю сям’ю матэрыяльна — на законных падставах. Таму ўнутраная падаплёка перадвыбарнай барацьбы была вельмі жорсткая, але з-за таго, што апазыцыя не змагла знайсьці ні пэрсоны сур’ёзнай, якая б прывабіла людзей, ні тым больш новых сацыяльна значных ідэяў, ёй давялося карыстацца найпрасьцейшым, спадзявацца на сэнсацыйныя выкрыцьці. Гісторыя з касэтамі і пошукам зьніклых людзей была блытаная і грамадзтва страціла да яе цікавасьць, а іншага нічога не знайшлося ў апазыцыі. Хоць, дзякуючы Захаду, апазыцыя мае сур’ёзны прапагандысцкі рэсурс. “СБ” упікаюць за спэцвыпуск, аднак гэта яшчэ што ў параўнаньні зь вялізнымі тыражамі карлікавай “Беларускай Маладзёжнай”, якія раздаваліся бясплатна… То бок, людзі, якія маюць адносіны да журналістыкі, раптам заяўляюць: мы штабы палітычных партыяў, — і друкуюць праклямацыі, ставячы сябе тым самым па-за журналістыкай. Вельмі шкада, што Беларуская Асацыяцыя Журналістаў ня здолела паўплываць на гэтыя выданьні. Вось гэтым сёлетнія выбары розьняцца ад папярэдніх. На жаль, увесь апазыцыйны спэктар дэкляраваў, што іхны дэпутат зьяўляецца прадстаўніком шырокай дэмакратычнай апазыцыі. Наўрад ці стары апаратчык Ганчарык зможа практычна ажыцьцявіць ідэі адзінага прадстаўніка шырокай дэмакратычнай кааліцыі.

2. Сем мінулых год былі нібы падрыхтоўкай да далейшага разьвіцьця Беларусі як сувэрэннай дзяржавы. Я абсалютна ўпэўнены, што прэзыдэнт Лукашэнка захавае незалежнасьць Беларусі. Бо палітычная незалежнасьць — катэгорыя абстрактная. Сёньня важная эканамічная самастойнасьць. Лукашэнка здолеў захаваць той парытэт з Расеяй, калі Расея сур’ёзна спрыяла разьвіцьцю нашай эканомікі. Лукашэнка пакінуў уласнасьць дзяржавы ў руках Беларусі і, дзякуючы гэтаму, можна казаць, што ўсе палітычныя рашэньні прымаюцца ў Менску, а не ў Маскве, Варшаве альбо Вільні. Бо агрэсіўны расейскі бізнэс даўно паглядае на пэўныя аб’екты нашае эканомікі. Дый заходнія бізнэсоўцы былі б ня супраць падзяліць беларускі пірог, калі б зьявілася такая магчымасьць. Галоўная задача ўлады ў новы пэрыяд — гэта рух наперад да стварэньня грамадзянскай супольнасьці. А шлях да яго — гэта шлях да эканамічнага лібэралізму, шлях да сур’ёзнага зьмяненьня ўзроўню адносінаў з Захадам. Тут вельмі многа праблемаў і яны будуць вырашацца на складаным фоне — на фоне ўкраінскім, дзе зараз ідзе сур’ёзная барацьба за ўладу, якая будзе ўплываць на сытуацыю ў Беларусі, гэта дынамічны рух у Расеі… Але так ці іначай, трэба рухацца наперад. Было сем год, каб спыніцца, азірнуцца, давесьці да ладу ранейшыя мэханізмы і ісьці далей па шляху, па якім ідзе эўрапейскае цывілізаванае грамадзтва.

3. Калі лічбы, пададзеныя апазыцыяй, могуць падсаладзіць пілюлю сп.Ганчарыку – што ж… Нават калі адняць 14% выбаршчыкаў, якія галасавалі датэрмінова, усё адно перамога Лукашэнкі выглядае пераканаўча. Зрэшты, пра сур’ёзныя парушэньні ў часе галасаваньня я й ня чуў – дзесьці скрыня ня там стаяла, дзесьці цешчы памерлай не ўлічылі…

 

Рацыянальны выбар

Аляксандар Дабравольскі, адзін зь лідэраў АГП:

1. Кебіч стварыў інстытут прэзыдэнцтва пад сябе, але прайграў выбары. На першых перамог чалавек, які ажыцьцявіў антынамэнклятурную рэвалюцыю. Лукашэнка таксама перарабіў канстытуцыю пад сябе. У гэтым пэўнае падабенства сытуацыяў 1994 году і цяперашняй. Але воля да ўлады ў Лукашэнкі большая, і зь ім змагацца цяжэй. Кебіч не выклікаў моцных адмоўных эмоцый, каб пасварыць сем’і паміж сабой, сваякоў паміж сабой. Лукашэнка якраз такі чалавек, што ўсё грамадзтва перасварыў, перасварыўся з суседзямі. Прыкметы гэтых выбараў — міжнародная ізаляцыя Беларусі і моцная палярызацыя грамадзтва.

2. Празь пяць гадоў будзе іншая краіна. Гэта будуць выбары, на якіх выбар будзе больш рацыянальным.