з усёй краіны
22.08.2003 / 13:00
22 жніўня 2003
У Слоніме даражэй, чым у Менску
Ужо другі год праезд у выходныя дні ў слонімскім грамадзкім транспарце каштуе даражэй, чым у сталіцы. Мясцовыя камуністы дамагаюцца скасаваньня непапулярнага ў народзе рашэньня, але ўлады адмоўчваюцца.
У выходныя праезд у слонімскім аўтобусе каштуе 400 руб. (для пэнсіянэраў — 200), у Менску ж — 220. І гэта пры тым, што прыбыткі жыхароў сталіцы і раённага цэнтру непараўнальныя. Слонімская арганізацыя ПКБ ініцыявала кампанію па зборы подпісаў за адмену падвойнай аплаты праезду. Дакумэнт з 900 подпісамі ўжо два месяцы ляжыць на стале старшыні райвыканкаму Мечыслава Касьцюка, і іх збор працягваецца. Каардынатар акцыі камуніст Віктар Герасімчык кажа, што раней мясцовыя ўлады акуратна, у тэрмін, давалі адказы на запыты і лісты, а цяпер маўчаць. Ня мела выніку і спроба Герасімчыка ўнесьці гэтае пытаньне на разгляд сэсіі райсавету. Яго падтрымалі толькі 8 з 54 народных абраньнікаў.
АТ, Слонім
Дубль дажынак пройдзе ў Воршы
Заключны этап Першага ўсебеларускага экалягічнага форуму, абвешчанага Міністэрствам прыродных рэсурсаў, пройдзе ў верасьні ў Воршы. Каля мільярда рублёў выдаткаваныя з абласнога бюджэту і экалягічнага фонду на добраўпарадкаваньне гораду. Цэнтар цяпер нагадвае суцэльную будаўнічую пляцоўку. Шпарка ідзе рэканструкцыя гарадзкога парку культуры і адпачынку, будынкаў былых кляштароў езуітаў і трынітарыяў (у іх потым уладкуюцца архіў, музэі мастацтваў і прыроды), дому культуры. Асфальтуюцца разьбітыя ўшчэнт дарогі, брукуюцца ходнікі, рамантуюцца дахі, велікоднымі яйкамі выглядаюць пафарбаваныя дамы. Гэткага размаху добраўпарадкаваньня Ворша ня ведала з дня свайго заснаваньня. Разам з тым, шмат якія вуліцы і сядзібы нават у цэнтры гораду нагадваюць скансэны, бо, здаецца, час спыніўся на іх дзесьці ў пачатку або ў сярэдзіне мінулага стагодзьдзя... Каб цалкам давесьці горад да ладу, патрэбна ладзіць тут «Дажынкі», і ня раз.
Фатальныя «сто грам»
16-гадовая аршанская школьніца Ірына, якая пасьпяхова вытрымала іспыт па гісторыі (10 балаў), вырашыла сваю перамогу «адзначыць». Дома выпіла сто грамаў гарэлкі, а потым выйшла да сяброў у двор. Тут ёй стала дрэнна, і дзяўчынка з алькагольным атручаньнем трапіла ў больніцу. Дзякуй Богу, абышлося пярэпалахам. Бывае й горш. Так, у мінулыя паўгоду за парушэньне антыалькагольнага заканадаўства да адміністрацыйнай адказнасьці прыцягнутыя 116 падлеткаў. Асноўны «ўраджай» нецьвярозых дзетак даюць гуляньні кшталту Дня гораду, Сьвята моладзі і г.д.
Яўген Жарнасек, Ворша
Дрэва на чужыне доўга не жыве
У Берасьці засох пірамідальны дуб, адна з славутасьцяў гораду. Пасаджаны ён быў графам Патоцкім за польскіх часоў, лічыўся помнікам прыроды рэспубліканскага значэньня. Унікальнае дрэва было прывезена з Паўднёвае Амэрыкі. У Беларусі ў прыродзе не расьце. Пару гадоў яно прысыхала, ажно ў сёлетнюю сушу зусім «дало дуба». Эколягі зь Берасьцейскага ўнівэрсытэту тлумачаць гэта пацяпленьнем клімату, пагаршэньнем экалягічнае абстаноўкі (у Берасьці за 10 апошніх гадоў колькасьць аўтамабіляў вырасла ў тры разы). Але дрэва на чужыне й само сабой доўга не жыве, адзначаюць яны.
Моладзь за беларусізацыю піва
Навучэнцы Політэхнічнага тэхнікуму ды ўнівэрсытэтаў гораду сабралі 275 подпісаў за беларусізацыю этыкетак на піве берасьцейскага бровару і прапанавалі свае паслугі па перакладзе. Пачалі справу Віктар («Ёрык») Клімус зь сябрамі. Адказу з заводу пакуль няма.
Мікола Бугай, Берасьце
Што за бар бяз музыкі
Больш за 200 гарадзенцаў падпісаліся пад зваротам да гарвыканкаму. У ім — просьба адмяніць рашэньне аб забароне праводзіць канцэрты на адкрытай пляцоўцы каля бару «Віленскі». Тыя канцэрты сталіся прыемнай традыцыяй летняга сэзону і наблізілі наш горад да цэнтральнаэўрапейскіх стандартаў. Пляцоўка каля «Віленскага» пасьпела стацца ўлюбёным месцам адпачынку. Цягам пятнаццаці дзён падпісанты чакаюць адказу з гарвыканкаму.
Андрэй Мялешка, Горадня
БНФ абсталяваў пляж
Івянецкая суполка БНФ пад кіраўніцтвам Вінцэнта Солтана абсталявала пляж. Былі зроблены лаўкі, «грыбкі», шатні для пераапрананьня ды іншае. А 2 жніўня суполка наладзіла талаку, у часе якой усё гэта было ўстаноўлена. У рамках акцыi адбыўся конкурс дзiцячага малюнку на сьценах пераапранальных кабiнак, удзельнiкi якога атрымалi ад Партыi БНФ у падарунак кнiгi. А першы дарослы наведнiк шатнi ўзнагароджаны бутэлькай пiва.
Моладзь купаецца, загарае, гуляе ў пляжны валейбол. Добрыя справы, карысны падарунак івянчанам.
Мікалай Куксо, Івянец
«Нашчадкам» — 20 гадоў
Каля вёскі Строчыцы адбылася сустрэча сяброў патрыятычнай беларускай суполкі «Нашчадкі», заснаванай у 1983 г. Студэнцкі будатрад «Нашчадкі» быў створаны на гістарычным факультэце пэдінстытуту (цяперашні ўнівэрсытэт імя М.Танка) з мэтай адраджэньня народных традыцыяў, нацыянальнай культуры, гуртаваньня моладзі. Ягоным першым камандзірам быў Генадзь Сагановіч, тады яшчэ студэнт. «Нашчадкі» будавалі Музэй народнай архітэктуры і быту ў Строчыцах, працавалі на археалягічных раскопках. Характэрна, што шчыравалі студэнты бясплатна, пералічваючы сродкі на рахунак музэю, у Ждановіцкі дзіцячы дом, сям’і сябра, які загінуў. Бяскрыўдная дзейнасьць «Нашчадкаў» у 80-я выклікала моцны ціск з боку КДБ ды інстытуцкага начальства, але патрыятычная суполка выстаяла. Дзейнасьць яе спынілася ў пачатку 90-х.
СЁ