Лісты з-пад коўдры

12.03.2004 / 13:00

праз акно месяцовы поўраз

апускаецца па крывой

я ня бачу

залез пад коўдру з

галавой

навісаюць словы хадульна

расстаўляюць пасткі пасты

а пад коўдрай цёпла й утульна

і нястрашна пісаць лісты

будзе рады палкоўнік маркес

і астатнія пацаны

асьцярожна ступае накрас

клышаногі й трохі п’яны

не кампутарныя крамзолі

а жывое рукі сьляды

хай баляць на пальцах мазолі

не бяды

бо нашто электронная пошта

калі проста так не ў пару

немавед пра што і навошта

немавед каму гавару

Хлопчык і копчык

Дж., В.Ж. і ўсім аматарам Я.К.

***

Мой мілы таварыш, мой хлопчык,

Што прагнуў калісьці ў палёт,

Я, ведаеш, хворы ўжо копчык,

Разьбіты табою аб лёд.

Брыдзеш па жыцьці нецьвярозы,

Глядзіш у палонку й пятлю…

А помніш, як ты з бамбавоза

Калісьці глядзеў на зямлю:

«Як месяц на небе начуе,

Як блукае ў лесе мядзьведзь…»

А сёньня — і вуха ня чуе,

І вочы працуюць ледзь-ледзь.

Твой месячык мае нябёсы

І мае мядзьведзь свой бярлог,

А ты, ад гарэліцы косы,

Ня маеш нічога, бо лох!

Тры дні цябе трэсла й ламала,

І копчыкам біла аб лёд.

Табе гэта, можа, і мала,

А мне — ляцець толькі ў пралёт.

Мы, зрэшты, і так у пралёце,

Нашто нам маскоўскі гатэль?

З вышыняў на аўтапілёце

Ляцім, як цяжкая гантэль.

Маленькаму копчыку, хлопчык,

Прыходзіць вялікі капец…

І больш не заві мяне «копчык» —

Па-наскаму трэба «хвасьцец»!

Трызьненьне сівой кабылы

***

Адкрыю, што мела ў тайне,

згадаю, чаго не забыла:

над купамі гною ў стайні

ўжо колькі стаіць кабыла!

Пакуль у цёплай бялізьне

вы ў ложку сьпіцё пад коўдрай,

я ў стайні стаю і трызьню,

і б’ю аб зямлю падковай.

Кабыла зь мянушкай Нюся,

што ў стойле сумуе ўпотай

між пятніцай і суботай.

Лічэце, што я вам сьнюся.

Малы гаспадар у школе

ня быў — захварэў на герпэс…

А я ня буду ніколі,

ніколі ня буду на гербе з

гатоваю ў бітву зданьню —

і плачу ўначы пра нешта.

Прадаўшы свабоду ў стайню

(а сьлёзы — дробная рэшта),

бунтую — кожнай падковай —

забылай пра сон кабылай,

усёй сваёю жыцьцёвай,

адною конскаю сілай.