Амэрыка на ростанях

06.08.2004 / 13:00

Партыя зьядналася вакол аднае мэты — перамагчы Буша

Дэмакратычная партыя прадэманстравала на канвэнце незвычайную згуртаванасьць сваіх партыйных шэрагаў. Партыя зьядналася вакол аднае мэты — перамагчы Буша.

Дапамагаць у гэтым мусілі «вэтэраны» — такія, як Альбэрт Гор, Джымі Картэр і, вядома, улюбёнец публікі Біл Клінтан з жонкай-сэнатаркай Хілары. Падтрымка старэйшых дэмакратаў мусіла надаць іміджу Джона Керы болей самавітасьці. А пра тое, што шанцы на перамогу 60-гадовага вэтэрана віетнамскае вайны варта разглядаць сур’ёзна, сьведчаць сацыялягічныя апытаньні, паводле якіх падтрымка Джона Керы на цяперашні момант роўная альбо нават пераўзыходзіць колькасьць прыхільнікаў Буша. Праўда, цяперашні гаспадар Авальнага кабінэту Буш сваю перадвыбарную кампанію яшчэ толькі пачынае. Усьведамляючы, што яго чакае няпростая праца, Буш нават скараціў свой адпачынак на ранча ў Тэхасе.

Між тым, да выбараў засталося ўсяго тры месяцы. Мы яшчэ станем сьведкамі шмат якіх яскравых палітычных шоў і гучных заяў. Але ж самае цікавае — што абяцае Амэрыцы і сьвету перавыбраньне цяперашняга альбо выбраньне новага прэзыдэнта. Для таго каб адказаць на гэтае пытаньне, зірнем на адрозьненьні ў падыходах кандыдатаў да пытаньняў замежнае палітыкі і эканомікі.

Самая спрэчная спадчына прэзыдэнцтва Буша — раскол паміж Амэрыкай і «старой Эўропай» у ірацкім пытаньні, што дае Бушаваму апанэнту шмат падстаў для крытыкі. Вядома, тэзыс дэмакратаў пра «ізаляцыю Амэрыкі» можа быць значным перабольшаньнем, дый адказнасьць за раскол у значнай меры нясуць па-папулісцку настроеныя Бушавы апанэнты ў Эўропе. Але ж зразумела, што з прэзыдэнтам Керы, які да таго ж выдатна размаўляе па-француску, адносіны Амэрыкі з традыцыйнымі саюзьнікамі ў Эўропе маглі б палепшыцца.

З другога боку, самае надзённае пытаньне — сытуацыя ў Іраку — не пакідае для Джона Керы надта шмат прасторы для палітычнага манэўру. Ранейшыя прапановы дэмакратаў пра больш цеснае супрацоўніцтва з такімі міжнароднымі структурамі, як ААН і NATO, Буш ужо пачаў выконваць сам.

Адсутнасьць яснае міжнароднае стратэгіі заўсёды была слабым месцам дэмакратаў. Так, абяцаньне Керы ня весьці сумнеўных войнаў гучыць ня надта праўдападобна, бо сам сэнатар галасаваў за вайну ў Іраку. А абвешчаны дэмакратамі прыярытэтным мультылятэралізм (арыентацыя на сумесныя дзеяньні міжнароднае супольнасьці) наўрад ці можа быць палітычнай самамэтай. Дый профіль Буша ў змаганьні з тэрарызмам пакуль што выглядае больш пераканаўча. Так ці інакш, пытаньне месца Амэрыкі ў сьвеце хутчэй за ўсё будзе несьці болей эмацыйную, чым рацыянальную нагрузку. Бо, зважаючы на адкрыта прапагандысцкія выпады накшталт спрэчнага фільму Майкла Мура «11.09 паводле Фарэнгейта», чакаць ад кандыдатаў і іх дарадцаў аб’ектыўных дэбатаў па гэтым пытаньні наўрад ці выпадае. А падыход якога кандыдата ўрэшце пераможа, будзе залежаць ад саміх падзей у вайне з тэрарызмам і ў Іраку ды, у прыватнасьці, ад таго, ці ўдасца новаму ўраду Іраку за тры месяцы, што засталіся, мінімізаваць тэрарыстычныя напады і тым самым скараціць страты сярод амэрыканскіх салдат.

У другім важным пытаньні — эканоміцы — Бушаў даробак выглядае больш грунтоўным. Пасьля росквіту 90-х гадоў гаспадарка Злучаных Штатаў трапіла ў 2000—2001 гадах у рэцэсію, чаму паспрыялі выбух мыльнай бурбалкі на рынках акцый ды шок пасьля нападу 11 верасьня. Каб ажывіць эканоміку, Бушава адміністрацыя ініцыявала істотнае зьніжэньне падаткаў для грамадзян, фірмаў і ўладальнікаў каштоўных папер. Акрамя таго, амэрыканскі цэнтральны банк радыкальна зьнізіў працэнтную стаўку да нечувана нізкага ўзроўню — 1%, тым самым павялічваючы ліквіднасьць і актывізуючы інвэстыцыі ў эканоміку.

Гэткія рэанімацыйныя меры мелі неабыякі эфэкт — амэрыканская эканоміка зноў пачала расьці, а колькасьць наваствораных працоўных месцаў ужо дасягнула 1,5 мільёна. Праўда, цана, якую давялося заплаціць за ажыўленьне эканомікі, — велізарны дэфіцыт бюджэту ў выніку зьніжэньня паступленьняў ад падаткаў, а таксама праз рост ваенных выдаткаў.

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Сяржук Вінаградаў