Пра рэфэрэндум

17.09.2004 / 13:00

Адбылося тое, чаго даўно чакалі.

І ня трэба, як сп.Оргіш у «Народнай волі», крычаць, што «Аляксандар Лукашэнка нарэшце пераступіў тую нябачную мяжу, якая ўсё ж аддзяляла яго «ад азіяцкіх правадыроў, Фідэля Кастра, Муамара Кадафі». Нічога падобнага ў нас ня будзе. І мэнталітэт ня той, і маштаб першых асоб не супадае. А будзе наш звыклы палітычны Чарнобыль зь яго трыма кітамі — хамствам, хлусьнёй, халуйствам.

Нехта скажа: галоўнае, што ўсё ў нас спакойна, стабільна. А прыйдзе нехта новы — прынясе новыя праблемы. Усё так. Але ці ёсьць у нас гэтая стабільнасьць? Ці можа яна быць, калі сам прэзыдэнт ня можа вызначыцца з уласнай палітычнай ліняй — гаворыць то пра незалежнасьць, то пра саюзную дзяржаву. А той «саюзьнік» не хавае сваіх намераў нас праглынуць, як у маленькіх адбірае газавую «цукерку». А «бацька» нічога ня можа зрабіць, бо іншыя шляхі ён сам адрэзаў. Яму застаецца плакаць сьлязьмі халопа, якога пан «барын» б’е за верную службу, і адыгрывацца на падначаленых. На нас.

Вацлаў Шаблінскі, Менск