За адсутнасьцю легальных газэтаў выйдуць падпольныя
01.10.2004 / 13:00
«Рэгіянальную газету» зьбілі з ног, ды так, каб не паднялася.
Гэта было выданьне незвычайнага густу, далікатнасьці і культуры, і пры гэтым апалітычнае. Яе любілі і ў вэртыкалі, і ў інтэлігенцыі за бездакорны прафэсіяналізм і адчуваньне сваёй аўдыторыі. Тады чаму зачынілі? Бо беларуская? Чаго тады вартыя Лукашэнкавы настойлівыя апраўдваньні перад берасьцейскімі студэнтамі, што ён «за мову». А можа, зачынілі проста таму, што не друкавала хваласьпеваў кіраўніку краіны? Значыць, прынятае Канчатковае Рашэньне па незалежнай прэсе, і зь яго рэалізацыі пачнецца задуманае пажыцьцёвае прэзыдэнцтва. «Пераседзець» у такім разе ня ўдасца нікому.
Дарэчы, падставы для закрыцьця яўна выбіраў чалавек, які проста хацеў выявіць абсурднасьць рашэньня. Як можна зачыняць газэту за тое, што яна распаўсюджвалася пераважна ў Маладэчне, а зарэгістраваная як рэспубліканская? Адзіны спосаб сабатажу, які застаецца ў сумленных чыноўнікаў, — даводзіць справу да маразму.
Акты вандалізму, скіраваныя супраць беларускай мовы, культуры, ды зьдзекі з годнасьці асобы ў Беларусі спыняцца тады, калі на кожную зачыненую газэту будзе стварацца па дзьве падпольныя з роўным тыражом.
Андрэй Дынько