Дзень нецьвярозасьці

Мэр Паўлаў адмяніў забарону продажу сьпіртнога 3 ліпеня. Адначасова супрацоўнікам міліцыі загадана не чапаць захмялелых у часе сьвяткаваньня грамадзянаў.

29.06.2007 / 15:54

Адначасова супрацоўнікам міліцыі загадана не чапаць захмялелых у часе сьвяткаваньня грамадзянаў. «Нават калі чалавек і выпіў лішняга, гэта наш грамадзянін, і ніхто нікому не даваў права прыніжаць яго гонар і годнасьць» — падкрэсьліў старшыня Менгарвыканкаму.

Менскае ГУУС прапанавала забараніць продаж сьпіртнога 3 ліпеня пасьля 18‑й гадзіны. Аднак аргкамітэт па падрыхтоўцы і правядзеньні Дня Незалежнасьці не пагадзіўся з такой прапановай. Міхаіл Паўлаў падтрымаў аргкамітэт: «Любые забароны — заганны, тупіковы шлях у любой, нават добрай справе». Паўлаў пажадаў аргкамітэту зладзіць такое сьвяткаваньне, каб людзі без усялякіх абмежаваньяў забыліся на алькаголь.

Адначасова супрацоўнікам міліцыі загадана не чапаць захмялелых у часе сьвяткаваньня грамадзянаў. «Нават калі чалавек і выпіў лішняга, гэта наш грамадзянін, і ніхто нікому не даваў права прыніжаць яго гонар і годнасьць» — падкрэсьліў мэр. На яго думку, такую стрыманасьць міліцыянты павінныя дэманстраваць ня толькі ў сьвяточныя дні.

Варта адзначыць, што ініцыятыва менскай міліціі выкліканая не ў апошнюю чаргу мінулагоднім інцыдэнтам ў электрычцы Менск‑Пухавічы, калі вяртаючыся са сьвяткаваньня Дня гораду п’яныя маладзёны ўчынілі масавую бойку і разграмілі некалькі вагонаў.

СП, паводле «Белорусский партизан»

Фатаздымак Беларусь-ФОТО