Адноўленая сьвятыня
29.10.2004 / 13:00
24 кастрычніка быў урачыста адкрыты касьцёл Сьвятога Лаўрэна ва Ўшачах.
Рэстаўрацыйныя работы доўжыліся пяць гадоў, і вось сьвятыня адноўлена. Пасьвячаў храм біскуп Віцебскай дыяцэзіі Ўладзіслаў Блін. На ўрачыстасьці сярод іншых гасьцей прысутнічаў народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін, які падчас цырымоніі прачытаў верш Папы Рымскага Яна Паўла ІІ у сваім перакладзе. Аднаверцаў са сьвятам віншавалі парафіяне з суседніх парафій — лепельскай, чашніцкай, новалукомскай, блізьніцкай. Пробашч віцебскай катэдры Сьв. Барбары, айцец дамініканін Міхаіл Ермашкевіч, падараваў касьцёлу абраз, які ён намаляваў сам. Прадстаўнікі мясцовай вэртыкалі ў цырымоніі адкрыцьця бажніцы ўдзелу ня бралі.
Тамаш Гурба, Полацак.