Хроніка

07.01.2005 / 13:00

Сьвятар незарэгістраванай Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай (народнай) царквы айцец Леанід Акаловіч 25 лістапада атрымаў штраф ад адміністрацыі Маскоўскага раёну Менску за «стварэньне рэлігійнай арганізацыі й кіраваньне ёю».

У сьнежні ў Гарадку (Віцебшчына) адбыўся суд па справе сябра БСДГ, дырэктара Ворхаўскай базавай школы, дэпутата райсавету Леаніда Гаравога, якога абвінавачвалі ў хуліганстве; судзьдзя Натальля Карабліна прыняла рашэньне спыніць справу. Сп.Гаравы думае, што гэта была спроба запалохаць яго за палітычную дзейнасьць. Ён кандыдаваў у палату прадстаўнікоў ад дэмакратычнае кааліцыі.

14 сьнежня адміністрацыя Маскоўскага раёну Менску прыгразіла ліквідаваць будынак пратэстанцкага храму царквы «Новае жыцьцё». 28 сьнежня на 3 млн 600 тыс. руб. аштрафаваны адміністратар грамады гэтай царквы Васіль Юрэвіч за арганізацыю «незаконнага сходу чальцоў грамады».

Карэспандэнта сайту «Прафсаюзны рух Беларусi» 17 сьнежня не пусьцілі на прэс-канфэрэнцыю старшыні ФПБ Леаніда Козіка.

Валера Леванеўскага 21 сьнежня перавялі ў Магілёўскую калёнію агульнага рэжыму.

22 сьнежня Вера Страмкоўская напярэдадні працэсу над Міхаілам Марынічам атрымала ад Менскай гарадзкой калегіі адвакатаў строгую вымову за «грубае парушэньне правілаў адвакацкай этыкі». Яна зьвязвае гэта з абаронай М.Марыніча.

Актывістаў незарэгістраванага «Зубра» Мікіту Сасіма і непаўналетнюю Настасьсю Шашкову затрымалі 22 сьнежня, калі яны раскідвалі ў цэнтры сталіцы з дахаў дамоў улёткі ў падтрымку М.Марыніча; складзены пратаколы. Іх жа, а таксама Кацярыну Дзіяткоўскую й Ніку Лазоўскую 27 сьнежня затрымалі каля ўкраінскага пасольства ў Менску: яны навязвалі аранжавыя стужкі на агароджу.

22 сьнежня невядомыя ў цывільным і міліцыянты правялі ператрус у офісе грамадзянскай ініцыятывы «Партнэрства» й забралі сыстэмныя блёкі кампутараў. Падчас ператрусу быў затрыманы апэратар расейскай тэлекампаніі «Ren TV» Уладзімер Косьцін.

Уначы на 23 сьнежня ў офісе АГП пабывалі невядомыя, якія быццам бы сьпісалі інфармацыю з сыстэмных блёкаў кампутараў.

РГА «НІСЭПД» 24 сьнежня атрымала папярэджаньне ад Мінюсту: у публікацыі ў «Народнай волі» спасылка на НІСЭПД давалася без указаньня, што гэта грамадзкае аб’яднаньне. Для Інстытуту гэты ліст — дзявяты за тры з паловай месяцы. Кіраўніцтва НІСЭПД мяркуе, што такім чынам сацыёлягаў хочуць запалохаць, каб яны спынілі дзейнасьць.

Мінінфармацыі 24 сьнежня адмовіла гарадзенскай газэце «Биржа информации» скараціць тэрмін прыпыненьня выданьня.

Пракуратура Беларусі вынесла 24 сьнежня афіцыйнае папярэджаньне галоўнаму рэдактару «БДГ» Пятру Марцаву за артыкул «Пад ударам. Пракуратура ініцыявала распрацоўку найбліжэйшага атачэньня Тозіка», апублікаваны пад псэўданімам «Георгій Дань»: Марцаў адмовіўся назваць пракурорам аўтара артыкулу й крыніцы інфармацыі.

24 сьнежня стала вядома, што спэцдакладчыку Камісіі ААН па правах чалавека па Беларусі Адрыяну Сэвярыну адмоўлена ў беларускай візе.

24 сьнежня актывістка АГП Марына Багдановіч атрымала позву ў пракуратуру Ленінскага раёну Горадні, а намесьніца старшыні АГП Людміла Гразнова — у пракуратуру Менску.

Актывіст «Зубра» Аляксандар Казакоў затрыманы людзьмі ў цывільным 26 сьнежня ў Барысаве за вывешваньне аранжавага сьцяга. «Зуброўцаў» Руслана Мацьвеева і Зьмітра Дубіцкага затрымалі 27 сьнежня ў Менску каля раённага суду, дзе яны клеілі ўлёткі з партрэтам Марыніча перад пачаткам пасяджэньня.

28 сьнежня на Андрэя Клімава пракуратура Менску распачала крымінальную справу за «абразу прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі» ў кнігах «Відавочныя ісьціны» ды «Я зрабіў свой выбар».

27 сьнежня Менгарвыканкам адмовіў недзяржаўнай газэце «Вольны горад» з Крычава ў атрыманьні юрыдычнага адрасу; у самім Крычаве рэдакцыя таксама ня можа атрымаць юрадрас і, адпаведна, зарэгістравацца.

Калегія па грамадзянскіх справах Менгарсуду 27 сьнежня адмовілася аднавіць на працы авіядыспэтчара Алега Доўбіка, звольненага за прафсаюзную дзейнасьць.

У менскім парку Янкі Купалы 28 сьнежня затрыманы блізу 20 удзельнікаў навагодняга сьвяткаваньня, у тым ліку М.Багдановіч (АГП), актывістка «Зубра» Ірына Тоўсьцік, журналістка «Народнай волі» Вольга Класкоўская, «маладафронтаўцы» Зьміцер Дашкевіч і Артур Фінькевіч.

У Віцебску за раздаваньне каляндарыка радыё «Свабода» 28 сьнежня затрыманы сябры ПБНФ Кастусь Горны і Ўладзіслаў Токараў.

28 сьнежня Ганцавіцкі раённы вузел электрасувязі адмовіў газэце «Ганцавіцкі час» у просьбе разьмясьціць рэкляму ў этэры раённага радыёвяшчаньня, спаслаўшыся на адсутнасьць тэхнічнай магчымасьці.

Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) 29 сьнежня зьвярнуўся ў Камітэт па свабодзе аб’яднаньня Міжнароднай арганізацыі працы са скаргай на дзеяньні ўладаў Беларусі: у Слуцку і Гомелі ўлады сілком пераводзяць сяброў РЭПу ФПБ.

30 сьнежня актывіст «Зубра» Павал Угрыновіч звольнены з працы на Магілёўскім домабудаўнічым камбінаце за ўдзел у акцыях у падтрымку Міхаіла Марыніча.

АШ