Апошняя сьведка Панны Марыі не жыве.
18.02.2005 / 13:00
Гісторыя касьцёлу ведае шмат візіянэрскіх культаў. У мінулым стагодзьдзі найбольшую славу здабылі падзеі ў партугальскім мястэчку Фатыма. У сераду Партугалія хавала апошнюю сьведку зьяўленьня Маці Божай у Фатыме.
«Я ня ведаю, хто ў гэтай краіне ня бачыць відзежаў», — напісаў партугальскі пісьменьнік Жазэ Сарамага.
Візіянэрства можна лічыць часткай партугальскага нацыянальнага характару. Само ўзьнікненьне Партугаліі як дзяржавы зьвязваюць са зьяўленьнем крыжа ў небе, сьведкам чаго быў першы партугальскі кароль Афонсу Энрыкеш. Калі ж у XVI ст. Партугалія страціла незалежнасьць, шырокае распаўсюджаньне атрымала легенда пра схаванага караля. Так называлі Сэбасьцьяна I (1554—1578), прадстаўніка Бургундзкай дынастыі. Яго зьнікненьне ў Марока — партугальскае войска разам са шматлікімі вяльможамі і ўсімі інфантамі было зьнішчана мусульманамі — стала непасрэднай прычынай страты краінай самастойнасьці. У краіне не засталося прадстаўнікоў каралеўскай дынастыі, здольных працягнуць род.
Вера ў вяртаньне дона Сэбасьцьяна аказалася надзвычай моцнай.
Па краіне хадзілі сьпісы яго прымет, аб сустрэчах зь ім паведамлялася праз два стагодзьдзі пасьля яго зьнікненьня.
У пачатку XVIII ст. краіну ахапіла сапраўдная эпідэмія зрокавых уяўленьняў. Людзі расказвалі, што бачылі рай, пекла, і, нягледзячы на перасьлед інквізыцыі, не адмаўляліся ад сваіх слоў. Сытуацыя была ў нечым падобная на сытуацыю, якую апісаў У.Караткевіч у рамане «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Дарэчы, свой Хрыстос «прызямліўся» тады і ў Лісабоне, дзе яго спалілі ў 1725 годзе.
Таму ніхто асабліва не зьдзівіўся, калі ў 1917-м краіну аблятае чутка пра незвычайныя падзеі ў вёсцы Фатыма.
У фатымскай легендзе можна вылучыць тры моманты: зьяўленьне Марыі тром пастушкам, іх перасьлед мясцовымі «вэртыкальшчыкамі», цуды з сонцам (не пацьверджаныя, аднак, астраномамі) як доказ сапраўднасьці слоў юных візіянэраў.
Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"
Вацлаў Шаблінскі