Усё пра Казуліна

25.02.2005 / 13:00

Аляксандар Казулін. Нарадзіўся 25 лістапада 1955 г. у Менску. Скончыў спэцыялізаваную (ангельская мова) школу №87. У 1972—1974 — студэнт вячэрняга аддзяленьня матэматычнага факультэту БДУ. У 1974—1976 служыў на Балтыйскім флёце ў марской пяхоце. У 1980 скончыў БДУ, кандыдат фізыка-матэматычных навук. Працаваў у БДУ.

У 1983—1986 — сакратар камітэту камсамолу БДУ. У 1988—1996 працаваў у Мінадукацыі. 11 кастрычніка 1994 указам прэзыдэнта №149 прызначаны намесьнікам міністра адукацыі і навукі РБ. З 1996 да лістападу 2003 — рэктар БДУ. Быў прызначаны на гэтую пасаду, да гэтага цягам некалькі гадоў рэктары БДУ абіраліся. У 1998—2001 — міністар без партфэлю.

Пры Казуліну моцна ўзрасьлі цэны на платнае навучаньне, а БДУ займеў нават свой адмысловы курс даляра, які моцна розьніўся ад курсу Нацбанку.

Паралельна імкнуўся заваяваць аўтарытэт студэнтаў, пры ім праводзілася безьліч унівэрсытэцкіх мерапрыемстваў, заснавана FM-станцыя «Юністар». На сьвяточных мерапрыемствах, прысьвечаных пачатку навучальнага году, выяжджаў на канцэртную пляцоўку на матацыкле, спускаўся з гелікоптэру на адкрыцьці парку «Дрымлэнд», сьпяваў разам з «Дыскатэкай Аварыя». Выйграў зямельную спрэчку ў «Макдональдсу» на вуліцы Ленінградзкай, праз што радыё «Свабода» і некалькім замежным фірмам давялося шукаць новыя офісы.

У сьнежні 2002 кандыдатура Казуліна на прадстаўніка Беларусі ў ААН была ўзгодненая ў парлямэнце і МЗС, аднак адхіленая прэзыдэнтам.

Зьняты з пасады рэктара БДУ 17 лістапада 2003 году. На студэнцкіх сайтах актыўна абмяркоўвалася пытаньне студэнцкай забастоўкі пратэсту, якое так і павісла ў паветры.

За некалькі дзён да зьняцьця Казулін быў аб’яўлены ў вышук — пра гэта ўрачыста аб’явілі па тэлевізіі. Рэктара «запрашалі» на допыт у пракуратуру ў якасьці сьведкі па крымінальнай справе ў дачыненьні да прадпрыемства «Ўнікаштмет», кіраўнікі якога падазраваліся ў крадзяжы 34 кг золата больш чым за 300 тыс. даляраў. У кастрычніку 2004 г. справа была спынена.

Быў прэзыдэнтам футбольнага клюбу «Зорка-ВА-БДУ», узначальвае Беларускую фэдэрацыю фрыстайлу. Менавіта «прадстаўнік» ягонага спартовага ведамства — Аляксей Грышын — у 1998 г. здабыў адзіны алімпійскі мэдаль у Солт-Лэйк-Сіці.

Узнагароджаны мэдалём «За працоўныя дасягненьні».

Казулінскі выклік, Шэйманаў адказ

22 лютага пачаліся звальненьні супрацоўнікаў БДУ, якія падпісаліся пад зваротам грамадзянскай ініцыятывы «Воля народу». Сваіх пасадаў пазбаўленыя начальнік упраўленьня міжнародных сувязяў Аляксандар Рухля, начальнік упраўленьня па справах культуры Ўладзімер Макарэвіч, загадчык агульнаўнівэрсытэцкай катэдры фізкультуры Сяргей Макарэвіч, прафэсар, член-карэспандэнт НАНБ Алег Лойка, дацэнт БДУ, старшыня Саюзу пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч, дырэктар студгарадка Павал Бычкоўскі. Большасьць звальняецца «паводле згоды бакоў».

Пяць тыпаў падпісантаў

84-х падпісантаў пад маніфэстам руху «Воля народу» і 18 рэгіянальных яго каардынатараў можна падзяліць на пяць тыпаў:

Натальля Машэрава — патэнцыйна беларуская Бурджанадзэ і Цімашэнка, а пакуль проста дачка Пятра Машэрава.

Дзеячы нацыянальнай інтэлігенцыі, гатовыя падпісацца за ўсіх, хто выступае ў падтрымку нацыянальнай культуры: Вольга Іпатава, Алесь Шатэрнік, Алег Лойка, Генадзь Лыч.

Рабочыя, калгасьнікі і пэнсіянэры, ад Фадзея Іваноўскага, абвальшчыка Ваўкавыскага мясакамбінату, да Марыі Аліевай, у свой час кіраўніцы Асацыяцыі працоўных жанчын.

Рэгіянальныя актывісты апазыцыі, што пасьпелі расчаравацца ў партыях кшталту Народнай грамады і не пасьпелі пакаштаваць слодычы рухаў кшталту «Наша Беларусь». Напр., Віктар Карлінскі з Баранавічаў, Франц Аўдзей з Горадні, Віктар Гарбачоў з Барысава. На месцах ведаюць, хто зь іх чаго варты.

Работнікі БДУ, цяпер ужо былыя. Ад дацэнта Алеся Пашкевіча да загадчыка пікантнага аддзелу замежных сувязяў Аляксандра Рухлі.