Хроніка
25.02.2005 / 13:00
Пракуратура Чарнігаўскай вобласьці Ўкраіны 9 лютага распачала крымінальную справу па факце затрыманьня на мяжы актывістаў беларускай апазыцыі Аляксандра Атрошчанкава, Зьмітра Бандарэнкі, Зьмітра Бародкі і Ўладзімера Кабца пасьля вяртаньня іх з вандроўкі ў «аранжавы Кіеў».
КДБ Берасьцейскай вобласьці 14 лютага затрымаў жыхара Кобрына, актывіста Беларускай хрысьціянскай прэс-групы абароны правоў чалавека ў сыстэме Расейскай і ўкраінскай царквы эвангельскіх хрысьціян Аляксандра Казарэза і завёў на яго дзьве крымінальныя справы — за махлярства і падробку, а таксама выраб або выкарыстаньне падробленых дакумэнтаў. Казарэза вінавацяць у выдачы падробных дакумэнтаў, якія сьведчаць перад сусьветнай супольнасьцю пра палітычны перасьлед.
14 лютага намесьніка старшыні Саюзу палякаў Беларусі Юзафа Пажэцкага асудзілі на 10 сутак: старшыня арганізацыі Тадэвуш Кручкоўскі заявіў, што Пажэцкі яго зьбіў.
Актывістка незарэгістраванай арганізацыі «Зубр» з Барысава Сьвятлана Нетылькова дапытана 14 лютага ў сябе дома: сьледчы цікавіўся ейным удзелам у вулічных пасьлярэфэрэндумных акцыях у Менску.
Падчас расклейкі ўлётак і распаўсюду «Свободной газеты» ў Барысаве 14 лютага былі затрыманы актывісты «Зубра» Аляксандар Малчанаў, Міхал Старавойтаў, Віталь Янкоўскі.
Крычаўская раённая пракуратура 14 лютага вынесла афіцыйнае папярэджаньне заснавальніку й рэдактару недзяржаўнай газэты «Вольны горад» Уладзімеру Кудраўцаву: у пракуратуры лічаць, што ў матэрыялах выданьня ёсьць абразы на адрас улады й заклік да рэвалюцыі, абвешчанай Клімавым.
Актывістку АГП Людмілу Гразнову 15 лютага выклікалі ў пракуратуру Беларусі: сьледчы з аддзелу нагляду за выкананьнем заканадаўства ў СМІ Павал Радзівонаў цікавіўся ейнымі крыніцамі для складаньня сьпісу парушэньняў правоў чалавека.
У пракуратуру Наваполацку 16 лютага быў выкліканы праваабаронца Зьміцер Салаўёў: ад яго запатрабавалі тлумачэньняў наконт праваабарончай дзейнасьці й выпуску бюлетэню «Наша права».
Кіраўнік ліквідаванага ГА «Грамадзянскія ініцыятывы» з Гомелю Віктар Карняенка 16 лютага выйграў справу супраць пашпартна-візавай службы, якая забараняла яму выезд за мяжу.
Адміністрацыйная камісія Фрунзэнскага райвыканкаму Менску 16 лютага спыніла справу супраць Аксаны Новікавай, затрыманай за збор сродкаў на «аранжавую рэвалюцыю» ў Беларусі і абвінавачванай у жабраваньні. Новікавай зрабілі вусную заўвагу.
Сойм ПБНФ 17 лютага атрымаў пісьмовае папярэджаньне ад Мінюсту за парушэньне Жыльлёвага кодэксу: партыйныя структуры па-ранейшаму зарэгістраваныя на прыватных кватэрах. Цягам месяца партыя павінна вырашыць пытаньне.
17 лютага Рада РГА «Беларускі Хельсынскі камітэт» разгледзела папярэджаньне, вынесенае Мінюстам у студзені 2005 г., і пастанавіла аспрэчыць яго ў Вярхоўным судзе: Мінюст прызнаў незаконным накіраваньне ў якасьці назіральнікаў нечальцоў БХК і накіраваньне прадстаўнікоў БХК для абароны правоў асоб, якія не былі чальцамі аб’яднаньня, а таксама выказаў прэтэнзіі да юрыдычнага адрасу берасьцейскай філіі БХК. Тым ня менш, БХК вырашыў ліквідаваць рэгіянальныя філіі, пакінуўшы толькі ўпаўнаважаных прадстаўнікоў.
У Гомелі 17 лютага судзьдзя Чыгуначнага раёну Віталь Козыраў аштрафаваў Вольгу Сузько й Канстанціна Лесунова за раздачу ўлётак ад імя незарэгістраванай арганізацыі «Лімон» на 10 базавых велічынь кожнага. Адміністрацыйная камісія Чыгуначнага раёну 2 лютага ўжо штрафавала іх за той самы выпадак па 48 тыс. руб. кожнага.
Аляксандар Бірылаў, адвакат асуджаных лідэраў прадпрымальнікаў Валер’я Леванеўскага і Аляксандра Васільева, 18 лютага накіраваў у Вышэйшы суд наглядную скаргу з просьбай адмены прысуду: ён лічыць, што на працэсе былі дапушчаны шматлікія працэсуальныя парушэньні, ня выкліканы ўсе сьведкі, ня ўлічаны экспэртныя аналізы.
У пракуратуру Беларусі 18 лютага выклікалі старшыню аргкамітэту Беларускага антыядзернага фронту Ўладзімера Парфяновіча для тлумачэньняў наконт фармаваньня ў краіне антыядзернага руху.
18 лютага Менскі абласны суд скараціў тэрмін пакараньня да 3,5 году Міхаілу Марынічу. Каля суду, дзе актывісты апазыцыі сабраліся для падтрымкі Марыніча, былі затрыманы Аляксандар Д. і Мікіта Сасім.
На 5 б.в. аштрафаваны 18 лютага дэпутат Рагачоўскага райсавету, сябар АГП Зьміцер Шкулькоў: яго абвінавацілі ў незаконным вырабе ўлётак пра рэформу жыльлёва-камунальнай гаспадаркі.
ГА «Беларускі жаночы рух «Адраджэньне Айчыны» ліквідаванае 21 лютага рашэньнем Вярхоўнага суду. Падставай сталі памылкі ў вядзеньні справаводзтва і ў афармленьні пратаколаў кіруючага органу арганізацыі, а таксама нясвоечасовая даваньне Мінюсту запатрабаванай інфармацыі пра дзейнасьць аб’яднаньня.
Пра звальненьне з працы 21 лютага папярэдзілі актывістак грамадзкіх арганізацый — дэпутатку Верхнядзьвінскага райсавету Валянціну Кудлацкую (кіраўніцу філіі Беларускай арганізацыі працоўных жанчын) і юрыстку Надзею Іванееву. Іванеевай пагражаюць звальненьнем, хоць нядаўна яна была прызнаная найлепшым страхавым агентам і ейны партрэт зьмешчаны на Дошцы гонару.
Сяргей Скрабец 21 лютага падаў скаргу ў ЦВК на рашэньне Гарадзенскай акруговай выбарчай камісіі, якая не зарэгістравал яго кандыдатам у дэпутаты: ён лічыць рашэньне палітычна матываваным.
У Менску 22 лютага пасьля сустрэчы з намесьнікам міністра юстыцыі Краўцовым міліцыянты спрабавалі затрымаць старшыню ПБНФ Вінцука Вячорку для прымусовай дастаўкі ў пракуратуру. Яго адпусьцілі пасьля тэлефоннай размовы са сьледчым пракуратуры.
АШ