З усёй краіны

25.02.2005 / 13:00

Ворша супраць наркотыкаў

У Воршы створана грамадзкае аб’яднаньне «Маці супраць наркотыкаў». Яго галоўная задача — аказаньне псыхалягічнай і маральнай дапамогі нарказалежным людзям ды асьветніцкая дзейнасць. Сёньня ў Воршы ў псыханэўралягічным дыспансэры стаяць на ўліку пад 450 падлеткаў векам 12—17 гадоў. 20-ці непаўналетнім пастаўлены дыягназ: алькагалізм ды таксыкаманія.

Расьце ў горадзе і колькасьць людзей, якія ўжываюць іншыя наркотыкі — апіяты, псыхастымулятары, прэпараты канапель. Спэцыялісты тлумачаць гэта паніжэньнем цэн на наркотыкі. Вядомыя выпадкі, калі вырабам і ўжываньнем наркотыкаў займаліся цэлыя сем’і. Штогод супрацоўнікі міліцыі рэгіструюць больш за сто правапарушэньняў, зьвязаных зь незаконным вырошчваньнем маку ды канопляў, назіраецца і рост злачыннасьці па лініі незаконнага абарачэньня наркотыкаў. Летась у Воршы такіх злачынстваў было зарэгістравана каля ста, у той час як у 1993 г. — толькі сем.

Адно нованароджанае на восем вёсак

Нараджэньне дзіцяці шмат у якіх вёсках Аршаншчыны — рэдкая падзея. Летась у былым калгасе імя Чапаева нарадзілася адно дзіця, а памерла 14 чалавек. І гэта на восем вёсак з насельніцтвам пад 550 жыхароў. Праўда, большасьць зь іх — пэнсіянэры.

Яўген Жарнасек, Ворша

Помнік Раману Шацілу

У Сьветлагорску, у сквэры ля цэнтральнага пляцу, вырашылі ўсталяваць помнік Раману Шацілу — заснавальніку паселішча, на якім узьнік Сьветлагорск. Аўтар ідэі — дырэктар карціннай галерэі «Традыцыя», пісьменьнік Ізяслаў Катляроў. Скульптуру мае вырабіць мянчук Эдуард Астаф’еў, аўтар помніка Ф.Скарыну ў Празе. Астаф’еў, дарэчы, вырабіў пастаўлены ў цэнтры гораду памятны знак, на якім ёсьць і барэльеф Р.Шацілы.

Такім чынам, Сьветлагорск можа стаць першым населеным пунктам, дзе будзе ўсталяваны помнік яго заснавальніку. Вядома, калі лідчукі не паставяць коннага помніка Гедыміну раней.

Востраў Шацілінскі згадваецца пад 1560 г.: паводле прывілею Жыгімонта Аўгуста, маёнтак, разьмешчаны над Бярэзінай, па сьмерці ўладальніка Рамана Шацілы быў падараваны мясцоваму шляхціцу Ждану Манкевічу (герб «Ліс»). Нашчадкі Манкевічаў жывуць у былых Шацілках — цяперашнім Сьветлагорску — і цяпер.

Вадзім Болбас, Сьветлагорск

У Асіповічах вуліц пісьменьнікаў ня будзе

Асіповіцкая суполка ТБМ прапанавала надаць да ўгодкаў Перамогі некаторым вуліцам імёны пісьменьнікаў-франтавікоў — Шамякіна, Мележа, Быкава, Адамовіча. Прычым тэбээмаўцы не замахваліся на «сьвятарныя» назвы накшталт Савецкай, Ленінскай, Камуністычнай. Гаворка ішла пра вуліцы зь безаблічнымі назвамі — 60-годзьдзя Кастрычніка, Дружная, Юбілейная.

Аднак выканкам, спаслаўшыся на брак грошай, адмовіў. Але тры гады таму зь вялікай урачыстасьцю перайменавалі адну з самых старых вуліц Школьную — там месьцілася першая школа. Яе назвалі ў гонар ураджэнца раёну сп.Каданчыка, які загінуў падчас вайны ў далёкай Расеі. Тады грошы знайшліся і на шыльды, і на замену штампаў у пашпартах жыхароў, і на ўнясеньне зьмен у мапы гораду. А неўладкаваную, пастаянна брудную, бязьлікую вуліцу Балотную перайменавалі ў гонар Янкі Купалы.

Рыгор Латышэвіч, Асіповічы

Шляхам Рагвалода

Летась старшыня полацкага гарвыканкаму Ўладзімер Тачыла ў складзе дэлегацыі вобласьці наведаў Швэцыю. Вынікам візыту зьявіўся праект супрацоўніцтва зь некалькімі партнэрамі ў справе турызму і экалёгіі, найперш са Швэдзкім міжнародным агенцтвам разьвіцьця ў галіне навукі, культуры, адукацыі. У красавіку ў Полацак прыедзе швэдзкая делегацыя, чальцы якой абмяркуюць праграму сэмінару, які адбудзецца ў горадзе ў траўні і на якім бакі абмяркуюць шляхі супрацоўніцтва. Полацкі мэр убачыў у Швэцыі шмат цікавага ня толькі ў гаспадарцы, але і ў сыстэме адукацыі. Напрыклад, ён пабачыў швэдзкія ўрокі гісторыі: кожнага году адзін дзень швэдзкія вучні жывуць жыцьцём вікінгаў — мелюць зерне ручнымі жорнамі, вучацца высякаць агонь з дапамогаю крэсіва, выпякаюць хлеб па старажытных рэцэптах. Падобны вопыт выхаваньня гісторыяй палачане вырашылі пераняць. Летам полацкія ўлады мяркуюць стварыць лягер-музэй пад адкрытым небам — у ім будзе з гістарычнай дакладнасьцю ўзноўлены быт крывічоў за часамі князя Рагвалода.

Васіль Кроква, Полацак

Пагарэлі праз анашу

Двое маладых гамельчукоў (абодвум па 19 гадоў) вырашылі заняцца друкарскай справай, а менавіта вырабам фальшывых асыгнацый. Спачатку нічога талковага ня выйшла, таму яны далучылі да справы сябрука, які цяміў у кампутарах. Далей заставалася толькі справа тэхнікі: кампутар, сканэр ды прынтэр. Вырашылі надта не рызыкаваць, пастанавіўшы «ціснуць» 10-тысячныя купюры і пускаць іх у абарот, набываючы ў бабулек цыгарэты.

Спачатку ўсё ішло гладка, і нахабныя маладзёны пачалі раздаваць частку прадукцыі сябрам і знаёмым. Акурат апошнія (сярод іх быў нават прадавец анашы) і папаліся на спробах збыць несапраўдныя грошы. Сьледзтва досыць хутка выйшла на падробшчыкаў. Спачатку тыя адпіраліся і заяўлялі, што ня памятаюць, як фальшыўкі трапілі да іх у кішэні. Але ўрэшце раскалоліся. У маладзёнаў канфіскавалі аргтэхніку і частку неразрэзанага накладу «прадукцыі». Згодна з Крымінальным кодэксам, хлопцам пагражае ад 5 да 15 гадоў.

Сяргей Балахонаў, Гомель

«Бабруйскае жыцьцё» не салодкае

На пашыранай калегіі ідэалягічных работнікаў прадпрыемстваў вобласці жорстка крытыкавалі дзяржаўную газэту «Бабруйскае жыццё» за страту 100 падпісчыкаў. У якасьці прыкладу журналісцкае працы намесьнік старшыні аблвыканкаму Анатоль Глаз дэманстраваў недзяржаўны «Вячэрні Бабруйск». Яго абурыў той факт, што інтэрвію з кіраўнікамі ўладных структураў і прадпрыемстваў рэгулярна зьяўляюцца ў недзяржаўнай прэсе, а газэта гарвыканкаму іх ігнаруе.

Надзея Лісоўская, Бабруйск