Навіны сьцісла

25.02.2005 / 13:00

Скрабцу адмовілі

Адміністрацыя прэзыдэнта Расеі адмовіла экс-дэпутату палаты прадстаўнікоў Сяргею Скрабцу ў палітычным прытулку. З такой просьбай Скрабец зьвярнуўся пры канцы сьнежня, матывуючы гэта перасьледам з боку беларускіх уладаў ды пагрозай сям’і. Прычыны адмовы сп.Скрабец тлумачыць «адсутнасьцю візавага рэжыму між краінамі».

Будзем з вадой

На пачатак вясны прагназуецца вялікая паводка, што зьвязана з празьмернай колькасьцю выпалага сьнегу. Пад’ём вады на Гомельшчыне складае 15 см у суткі. Найхутчэй вада прыбывае ў Прыпяці і Дняпры.

Экспэртыза сына Чаркасавай

Суд Цэнтральнага раёну Менску адхіліў у сераду скаргу адваката Антона Філімонава — сына забітай у кастрычніку журналісткі Веранікі Чаркасавай — на рашэньне пракуратуры аб псыхіятрычнай экспэртызе падлетка на просьбу сьледзтва. Хлопец цяпер знаходзіцца ў Маскве.

У Польшчу без запрашэньня

На сустрэчы ў Беластоку кіраўнікі консульскіх службаў Беларусі і Польшчы дамовіліся, што дзеля атрыманьня гадавой шматразовай візы цяпер ня трэба прад’яўляць запрашэньня. У будучыні будзе разгледжана магчымасьць афармленьня шматгадовых шматразовых віз.

Кіргізія перад выбарамі

У Кыргызстане прыпынена праца друкарні, што друкавала апазыцыйныя выданьні — адключылі электрычнасьць. Кіраўнікі друкарні кажуць, што ўлады сьвядома пайшлі на такі крок. У нядзелю маюць адбыцца парлямэнцкія выбары. Тым часам тры найважнейшыя магістралі краіны перакрыты тысячамі прыхільнікаў апазыцыі, што пратэстуюць супраць зьняьцця зь перавыбарнай гонкі двух кандыдатаў у дэпутаты.

Як пры Мілошавічу

Улады Сэрбіі катэгарычна адкінулі прапанову Чарнагорыі адмовіцца ад сёньняшняй саюзнай дзяржавы ды прызнаць незалежнасьць іх дзяржавы. Прэм’ер-міністар Сэрбіі Ваіслаў Каштуніца зазначае, што прапанова Чарнагорыі парушае Бялградзкія пагадненьні 2003 г. аб стварэньні Саюзу СіЧ.

Чэхія кампэнсуе савецкую акупацыю

Ніжная палата парлямэнту ўхваліла законапраект аб выплаце кампэнсацый ахвярам уварваньня войск Варшаўскае дамовы. Паводле закону, сваякі забітых ці параненыя ў выніку савецкае акупацыі ў 1968—1991 г. атрымаюць кампэнсацыю, эквівалентную 6600 даляраў. Цяпер закон мае ўхваліць Сэнат.

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

АГ, ecopress.by, svаboda.org