Ды 250 бясплатных пуцёвак
25.02.2005 / 13:00
Чыноўнікі Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта выганяюць пісьменьнікаў з апошніх пакояў Дому літаратара. Ім пакідаюць толькі 58 м².
Пісьменьнікаў у вялікую залю Дому літаратара будуць пускаць толькі за грошы. Затое ім абяцаюць 250 пуцёвак у Іслач.
У аўторак 22 лютага яшчэ невядома было пра звальненьне шэфа Саюзу пісьменьнікаў, Алеся Пашкевіча, з БДУ, і Саюз пісьменьнікаў сьвяткаваў маральную перамогу. Гэтак успрынялі на Фрунзэ, 5 ліст ад Мінінфармацыі з просьбай да СП адрачыся заснавальніцтва часопісаў «Полымя», «Маладосць», «Нёман» і газэты «ЛіМ». Старшыня Алесь Пашкевіч на пасяджэньні Рады СП так і сказаў: Мінінфармацыі прызнала незаконнасьць стварэньня холдынгу «Літаратура і мастацтва», выданьні якога ўжо два гады не пазначаюць у ліку заснавальнікаў Саюз пісьменьнікаў (а павінны ж яшчэ і ўзгадняць рэдакцыйную палітыку!). Рэакцыя Рады Саюзу была аднагалоснай: ад заснавальніцтва не адмаўляцца й запатрабаваць, каб Міністэрства забясьпечыла арганізацыі магчымасьць ажыцьцяўляць правы заснавальніка. Намесьнік старшыні Барыс Пятровіч нават прапанаваў, каб Мінінфармацыі вынесла выданьням холдынгу папярэджаньне за парушэньне заканадаўства.
Іншыя праблемы, разгледжаныя на пасяджэньні Рады, выглядалі менш аптымістычна. А пытаньні прынцыповыя — маёмасныя. Таму на Радзе прысутнічаў адзін з самых уплывовых людзей дзяржавы, генэрал і старшыня Літфонду Мікалай Чаргінец.
Галаўны боль літаратараў — дом творчасьці «Іслач». Некалі шыкоўны будынак стаіць у напаўразбураным стане. Саюз пісьменьнікаў ня ў стане яго ўтрымліваць. Паводле слоў старшыні М.Чаргінца, толькі на рамонт спатрэбіцца аж 3—4 млн даляраў. Выратаваньне генэрал Чаргінец бачыць толькі ў тым, каб прадаць дом творчасьці (афіцыйная ацэнка паводле астаткавага кошту — 2,268 млрд руб.). Маўляў, ужо і пакупнік ёсьць: кампанія «Аўтабізнэс» абяцае пакінуць пісьменьнікам у год 250 бясплатных двухтыднёвых пуцёвак разам з мэдабслугоўваньнем, 1—2 га зямлі, адрамантаваны катэдж, а таксама выплаціць назьбіраныя за апошнія гады пазыкі. Але Чаргінец нібыта не размаўляў яшчэ з кіраўніцтвам фірмы, а толькі з клеркамі.
Колішні старшыня Саюзу Ўладзімер Някляеў тут жа зазначыў, што пры канцы 1990-х ён бы на такіх умовах прадаў «Іслач» без разваг, ды прадказаў, што фірма зробіць з Дому творчасьці кемпінг для дальнабойшчыкаў.
Малочныя рэкі ў кісельных берагах, абяцаныя Чаргінцом, аднак, пераканалі ня ўсіх пісьменьнікаў. Пагатоў што прысутны дырэктар Беларускага ліцэю Ўладзімер Колас прапанаваў знайсьці грошы й адрамантаваць «Іслач», каб надалей ёй маглі валодаць пісьменьніцкая арганізацыя напалам зь Ліцэем: дзеці будуць вучыцца, пісьменьнікі — ствараць. Рада пагадзілася прыняць да ведама абодва варыянты — вырашаць усё адно давядзецца агульнаму сходу Беллітфонду 25 лютага.
Другое маёмаснае пытаньне — уласна Дом літаратара. Будынак цяпер належыць Кіраўніцтву спраў прэзыдэнта, і чыноўнікі выганяюць пісьменьнікаў з апошніх пакояў. Літаратары цяпер распараджаюцца 614 квадратнымі мэтрамі (бібліятэка і некалькі пакояў), а ім пагражаюць пакінуць толькі 58 м². З Дому літаратара выкінуць бібліятэку, самім пісьменьнікам можна будзе праводзіць вечарыны толькі на агульных умовах. Гэта значыць, за грошы, па камэрцыйных расцэнках.
Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"
Адам Воршыч