Воля да перамогі

25.02.2005 / 13:00

Суд Першамайскага раёну Менску задаволіў пазоў кіраўніка слонімскай грамадзкай арганізацыі «Воля да разьвіцьця» супраць Беларускага тэлебачаньня.

16 сакавіка 2004 г. у «Панараме» гарадзенскі карэспандэнт БТ-1 Мікалай Мельнічэнка сказаў, што Варанец на грошы праграмы TACIS фінансуе апазыцыю. Слонімскі актывіст падаў у суд, каб абараніць гонар, годнасьць і дзелавую рэпутацыю — свае ды арганізацыі. Судзьдзя Лілія Цяліца прызнала рацыю Варанца і абавязала БТ абвергнуць няпраўду.

Былы «аўганец» Міхась Варанец у ліпені 2004 г. выйграў суд у слонімскай падатковай інспэкцыі (наконт выплаты падаткаў з грошай, атрыманых па праграме TACIS), цяпер — у БТ.

«НН»: Звычайна на аналягічных працэсах БТ суд вырашае, што журналіст тэлекампаніі выказваў прыватнае меркаваньне і ня мусіць прыцягвацца да адказнасьці. Як Вам удалося выйграць працэс?

МВ: Думаю, гэтае пытаньне трэба задаць судзьдзі. Бо пазыцыя суду адыграла вызначальную ролю. У дэмакратычнай прэсе звычайна прынята паказваць так: калі судзьдзя прыняў рашэньне не на карысьць дэмакратычнага боку — значыць, ён служка рэжыму. Калі вырашыў наадварот — значыць, нехта даў такое ўказаньне. Складаецца ўражаньне, нібы права на ўласную годнасьць уласьцівае толькі дэмакратам, а не дзяржаўным чыноўнікам.

Мы (я і юрыст Юры Чавусаў) карысталіся на працэсе толькі юрыдычнымі тэрмінамі і прад’явілі суду дакумэнты, якія не выклікаюць сумневу. Калі мы хочам павагі да сябе, то не павінны папікаць той жа суд ці БТ у несумленных учынках, ня маючы дакумэнтаў. На жаль, часта бывае іначай. Сёньня ты абвінавачваеш, маючы дакумэнты; заўтра — абвінавачваеш, але ня маеш дакумэнтаў; а пасьлязаўтра — бо хочаш «засьвяціцца». Кожнае слова павінна быць падмацавана дакумэнтамі.

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Гутарыў Аркадзь Шанскі