«Ні кроку назад!»

29.04.2005 / 13:00

Чарнобыльскі шлях-2005: моладзь спыніла спэцназ. Рэпартаж Алеся Кудрыцкага.

Здавалася, рэзыдэнцыя ды яе ваколіцы вымерлі. Так, рэдкія ахоўнікі ў цывільным ды міліцыянты, што парачкамі сумуюць пад халодным дажджом. Пусты сквэрык ля Купалаўскага тэатру. Але на крутой вулачцы, што ўздымаецца да Дому афіцэраў, усё было інакш. Магутныя «Ўралы», пад брызэнтам — спэцназ у камуфляжы. Вайсковая машына хуткай дапамогі. «Уазікі» з антэнамі. У дворыку — чырвоны пажарны вадаліў, сёньня вадамёт па сумяшчальніцтве.

— Далей нельга. Вучэньні.

На скрыжаваньні Энгельса ды Маркса, ля выхаду са станцыі мэтро «Купалаўская», ахоўнікі правяраюць білеты ў групы дзяцей, якіх настаўніца вядзе ў Тэатар юнага гледача, што па іншы бок рэзыдэнцыі. «У нас тут яшчэ будзе хлопчык ісьці, ён спазьняецца, прапусьціце і яго», — просіць настаўніца, сьпяшаючыся правесьці клясу цераз скрыжаваньне. Калі хлопчык пакажа білет — пройдзе. А безьбілетнікам — бой. Жыхароў навакольных дамоў таксама не прапускаюць, акрамя як па пашпарце з пазначанай прапіскай.

Месца збору тых, хто плянаваў падаваць пэтыцыі ў адміністрацыю Лукашэнкі, апынулася далёка ў глыбіні недаступнай тэрыторыі, таму мітынгоўцы пакрысе пачалі акумулявацца на ходніку на рагу праспэкту Скарыны ды вуліцы Энгельса. А 18-й сабралася ўжо некалькі сотняў чалавек, у тым ліку кіраўнікі асноўных апазыцыйных партый.

Адразу заўважна: акцыя будзе вельмі маладой і вельмі стракатай. Маладафронтаўцы павязваюць на галовы блакітныя стужкі. Іх лідэр Зьміцер Дашкевіч раздае блянкі пэтыцый тым, хто яшчэ не паставіў свой подпіс. Два хлопцы расьцягваюць аранжавы транспарант. Мо ўкраінцы? Не — «Якія ідуць бяз Пуціна». А вось і ўкраінцы з жоўта-блакітным сьцягам. Дзяўчына ў бандане з надпісамі «СПС», на шыі — хустачка «Поры».

За нашу і вашу свабоду

«Час на разыходжаньне — 5 хвілін, — пачынае міліцыя свой занудны рэчытатыў. — Вы замінаеце руху грамадзкага транспарту». «Хто супраць крыжа?», — пытаецца праваслаўны сьвятар, трымаючы крыж зь бел-чырвона-белай стужкай. Што думаюць амапаўцы, здагадацца цяжка, але ні сьвятара, ні крыж не чапаюць, прынамсі, пакуль.

Зьміцер Дашкевіч зьвяртаецца да журналістаў ды мітынгоўцаў: «Мы прыйшлі для таго, каб перадаць звароты прэзыдэнту Лукашэнку. Ён сам замацаваў заканадаўча, каб беларусы мелі права зьвяртацца да яго зь любымі сваімі пажаданьнямі». Ён пералічвае патрабаваньні: адмяніць прымусовае разьмеркаваньне ў чарнобыльскую зону, спыніць вытворчасьць прадуктаў у «брудных» раёнах і скасаваць забарону на аздараўленьне дзяцей на Захадзе. «Сябры, дзе маладафронтаўская там расьцяжачка? Дастаём!» — бадзёра камандуе Зьміцер, скончыўшы прамову.

Пасьля яго прамаўляе Ігар Гузь, кіраўнік украінскай моладзевай арганізацыі «Нацыянальны альянс». «Шаноўныя сябры! — кажа ён. — Сёньня ўкраінцы з аранжавымі сьцягамі прыехалі ў Менск. Наша задача — адолець апошнюю дыктатуру ў Эўропе. Нам задаюць пытаньне — ці мы баімся? Ні ў якім разе. Падчас аранжавай рэвалюцыі сотні беларусаў былі на Майдане, і сёньня мы будзем з вамі, да поўнай перамогі».

Разгортваюць бел-чырвона-белыя сьцягі, расейскі трыкалёр ды жоўта-блакітны «прапар». «Сёньня Ўкраіна — заўтра Беларусь!» — крычаць нашы. «Сёньня Ўкраіна — заўтра Расея!» — радасна намагаюцца перакрычаць іх два расейскія хлопцы. Па-новаму гучаць словы на расьцяжцы «За нашу і вашу свабоду». Ва Ўкраіне гэтага ўжо няма, у Расеі — пакуль няма яшчэ і такога, і таму яны ў Менску.

Ланцуг на калёну

Спэцназ пераглядаецца, пачуўшы загад па рацыі, становіцца ланцугом ды пачынае рухацца наперад. «Ні кроку назад!» — голасна камандуе Зьміцер. Калёна счапляе рукі. Стаяць. Мікрапаўза. Кантакт. Тры тузіны апамаўцаў супраць трох тузінаў хлопцаў. Амаль што адзін на аднаго. Спэцназ разумее, што мае перавагу, і не хапаецца за дручкі — загаду няма. Задача іншая — адціснуць калёну як мага далей, працягнуць яе па праспэкце. Маўляў, паглядзіце, шчанюкі, на што вы здатныя.

Але калёна падаецца назад туга. Амапаўцы, атачыўшы яе па-мурашынаму з краю, цяжка, крок за крокам, пасоўваюцца наперад. Яны пнуцца, сапуць, з чырвонымі тварамі пхаюць адзін аднога ў сьпіны, а ў саміх боты сьлізгаюць па плітцы. Па азначэньні больш моцныя, гэтым разам яны выглядалі слабакамі. Бралі перавагай у мускульна-тлушчавай масе.

Нарэшце, стаміўшыся напружваць цягліцы, амап бярэцца за гумовыя дручкі. Калёна разрэзаная, пачынаецца беганіна, падрульвае «ПАЗік» з чорнымі шыбамі. Кагосьці цягнуць у аўтобус, жанчыны крычаць. Частка амапаўцаў паўколам прыціскае рэшту хлопцаў з калёны да сьцяны. Па аднаму іх выхопліваюць ды цягнуць у аўтобус.

Міліцыя з народам

«Трымаемся разам! Трымаемся разам!» — чуваць голас Зьмітра. Стаіць нейкі трэск, нібыта ламаюцца косткі, — але, хутчэй за ўсё, гэта «касманаўты» сутыкаюцца шлемамі. Заломваюць рукі. Нейкая дзяўчына бегае навокал ды голасна плача. Зьміцер і яшчэ некалькі чалавек на зямлі. Празь некалькі сэкунд іх таксама кідаюць у аўтобус.

«За нашу і вашу свабоду!», «Міліцыя з народам!», «Разам нас багата!» — празь дзесяць хвілін крычыць калёна, другім разам накочваючыся на ланцуг амапаўцаў. У радах — ужо іншыя твары. Амапаўцы больш не ідуць ланцугом, а кідаюцца наперад, моладзь разьбягаецца. Кагосьці схапілі. Два «касманаўты» на дыбачках падбягаюць да Марыны Багдановіч ззаду (каб ня ўбачыла), хапаюць яе пад рукі ды цягнуць за рог будынку ў бок аўтобусаў.

Анатоль Зінгер, той, хто «крочыць бяз Пуціна», стаіць на вуліцы Леніна. Толькі што міліцыя схапіла яго сябра. Анатоль на выгляд амаль падлетак, у джынсах ды куртачцы. «У Беларусі творыцца поўнае бязьмежжа, — высокім юначым голасам кажа ён. — Я чакаў шмат чаго, але не такога. Я ўпершыню ўбачыў усё гэта на свае вочы. Гэта жах». А што думае моладзь там, у Расеі? «Ёсьць вялікая колькасьць людзей, якім не падабаецца той рэжым, які цяпер усталёўвае пан Пуцін. Гэта факт. Чым больш жорсткім робіцца рэжым, тым больш жорсткім робіцца супраціў». А хто спачатку: Расея ці Беларусь? «Мабыць, усё-такі Беларусь, але Расея таксама не адстане».

112 крокаў

Бадай што кожны, хто прыходзіць на чарговы мітынг пратэсту, думае: а ці ёсьць яшчэ ў іх сэнс? Здаецца, сцэнары акцый вывучаныя на памяць, спэцназ ды мітынгоўцы ведаюць адзін аднаго ў твар. Можна нават лёгка адгадаць, якія сцэнкі будуць здымаць фотакарэспандэнты: крыж зь бел-чырвона белай стужкай на тле амапаўскага камуфляжу; палаючая сьметніца, за ёй — ланцуг спэцназу; хлопец з чорнай павязкай на твары, на якой намаляваны жоўты знак «радыеактыўна». Некалькіх дзясяткаў затрыманых, суды, тэлерэпартажы, артыкулы і — ніякіх зьмен.

«Што тут думаць — не пускаюць, ачапілі ўсё. Забралі некалькіх нашых», — кажа Яўгенія, маладзенькая актывістка «МФ» з Жодзіна. Але ж колькі ўжо было тых Чарнобыльскіх шляхоў? Няўжо тры сотні чалавек могуць зьмяніць рэжым? Дзеля чаго яна тут? Яўгенія доўга думае, перад тым, каб з усьмешкай адказаць: «Для душы».

На мітынгу часта казалі: мы разьяднаныя, моладзь — на праспэкце, старэйшыя — на Бангалоры, КХП-БНФ — у Курапатах. Што, маўляў, з такога можа выйсьці. Але ці трэба шукаць практычнага сэнсу ў тым, каб выйсьці зь бел-чырвона-белым сьцягам на цэнтральны сталічны праспэкт, прыйсьці на жалобны мітынг да чарнобыльскай каплічкі ці запаліць сьвечку ля крыжоў у тым страшным лесе пад Менскам? Ці зладзіць, як гэта і было гэтым разам, акцыі на ўспамін пра ахвяр чарнобыльскага выбуху ў іншых гарадах? Дзе тут разьяднаньне?

Кажуць — замала людзей, кажуць — усё бессэнсоўна. Але гэтыя тры тузіны маладых хлопцаў і дзяўчат у калёне ў чарговы раз паказалі, што мы ёсьць. І не тэлебачаньню — нам самім. Ад скрыжаваньня Энгельса—Скарыны да таго месца, дзе апошніх зь іх павалілі на брук, — 112 крокаў. Іх можна прабегчы за дваццаць сэкунд, прайсьці — за хвіліну. А яшчэ іх можна вытрымаць плячом да пляча, тры разы прымусіўшы АМАП спыніцца. Гэта быў самы кароткі Чарнобыльскі шлях, але яны прайшлі яго годна.