Багаты выбар

 

У 1943 г. урад БССР абвясьціў конкурс на стварэньне нацыянальнага гімну. Нягледзячы на тое што ў ім удзельнічалі самыя вядомыя паэты — Куляшоў, Максім Танк, урадавая камісія так і ня вызначылася з гімнам. Песьня Міхася Клімковіча й Несьцера Сакалоўскага “Мы беларусы” спачатку не задумвалася як гімн. У канцы 1949 г. кампазытар і паэт сумесна яе перапрацавалі, і ўжо як варыянт гімну яна пылілася ў міністэрскіх шуфлядах да 1954 г., калі выбар дзяржаўнага гімну савецкай Беларусі быў зроблены на яе карысьць. Паэт даведаўся пра гэта за дзень да сьмерці.

24 верасьня 1955 г. песьня была зацьверджана ў якасьці Дзяржаўнага гімну БССР. Сям’я нябожчыка-паэта атрымала неблагую прэмію — 40 тысяч рублёў. Пасьля XX зьезду тэкст перарабляла спэцыяльная камісія, якая зьмяніла “Сталін вялікі” на “сьцяг камунізму”. Тады ж новы гімн запісалі на радыё, і гэты адзіны запіс пракручваўся кожную раніцу і вечар трыццаць пяць гадоў — аж да 19 верасьня 1991 г., калі верш Клімковіча быў адрынуты, бо адлюстроўваў залежнае становішча Беларусі.

Вярхоўны Савет Беларусі стварыў камісію па стварэньні новага гімну на чале зь Нілам Гілевічам, у якую ўвайшлі Алег Трусаў, Вольга Іпатава, Рыгор Барадулін, Васіль Быкаў і інш. Разглядаліся найперш гістарычныя гімны беларускага народу — “Магутны Божа” і “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”. Апошнім, напісаным у 1919 г. кампазытарам-самавукам Уладзімерам Тэраўскім на верш Макара Краўцова як ваяцкі марш слуцкіх паўстанцаў, у 1920—30-я карысталіся ў Заходняй Беларусі, а пазьней на эміграцыі. Ён лічыцца гімнам БНР. Да 1930 г. яго дазвалялася сьпяваць і ў БССР, за выключэньнем другой страфы, якую можна было выконваць толькі ў перапрацоўцы Міхася Чарота:

Хай перарве ўсе прапоны

Наш беларускі родны дух!

Свабоды сьцяг, штандар чырвоны,

Пакрый сабой народны дух!

“Магутны Божа” быў створаны як гімн рэлігійны, малітва, але неўзабаве здабыў і вялікую сьвецкую папулярнасьць. Цікава, што ва ўкраінцаў ёсьць рэлігійны гімн “Боже Великий, Єдиний, нам Україну храни!”, а ёсьць гімн дзяржаўны — “Ще не вмерла Україна”.

Як гімн выконвалася й песьня “Не загаснуць зоркі ў небе” Міколы Янчука на верш Янкі Купалы (1911). Яе выконвалі на Ўсебеларускім кангрэсе ў 1917 г., на адкрыцьці ўстаноўчага зьезду БНФ у Вільні, доўгі час яна выкарыстоўвалася як гімн Згуртаваньня беларусаў свету.

На словы “Пагоні” Багдановіча свае мэлёдыі стварылі беларускія кампазытары Мікола Шчаглоў-Куліковіч, Аляксей Туранкоў, Мікола Равенскі, Уладзімер Мулявін, Віктар Гуляеў і інш.

Цягам двух гадоў у камісіі ішлі спрэчкі, але адзінага рашэньня ейныя сябры ня выпрацавалі. Як намякаюць некаторыя апытаныя намі ў сёньняшнім нумары, прыняць гімн зашкодзілі амбіцыі Ніла Гілевіча, які прапаноўваў свой варыянт гімну.

Працы камісіі сапраўды шкодзілі асабістыя амбіцыі. Напрыклад, песьня Ўладзімера Алоўнікава на словы Алеся Бачылы “Радзіма мая дарагая”, зь дзяцінства вядомая кожнаму беларусу, не разглядалася на конкурсе, відаць, толькі таму, што яе… не было каму “прабіваць”. Паэты сьпяшаліся прадставіць свае тэксты, кампазытары — сваю музыку… А спадар Алоўнікаў у той час ужо цяжка хварэў.

Тым часам наблізіліся часы рэваншу саветчыкаў, і пошукі гімну пайшлі ў іншых кірунках.

Газэта “Наша слова” прапанавала чытачам стварыць “народны” гімн на музыку Сакалоўскага. Уладзіслаў Жыгалка зь Менску даслаў у якасьці асновы свой верш “Жыве Беларусь!” і прасіў, каб над ім папрацавалі ўсе, хто можа. Людзі дасылалі ў рэдакцыю свае варыянты, а прафэсіяналы з ТБМ спрабавалі скласьці зь іх нейкі “кампрамісны” тэкст. Канчатковы варыянт ТБМаўскай працы выглядаў так:

Мы, беларусы, — вольныя людзі!

Наша “Пагоня” імчыць у вяках.

Рэе высока сімвал Радзімы —

Бел-чырвона-белы велічны Сьцяг.

Прыпеў:

Разам ніколі мы не загінем,

З Богам сустрэнем шчасьця зару.

Наша адданасьць — вечнай Радзіме.

Хай жа заўсёды жыве Беларусь!

Дружная праца сілу мацуе,

Годнасьць гартуе з году ў год.

Веліч Радзімы — мужнасьць народу.

Мы — беларусы, слаўны наш род.

Прыпеў.

Край беларускі — шчодры, дзівосны.

Рэкі, азёры чыстыя тут.

Мірна гамоняць бярозы ды сосны.

Слаўце, нашчадкі, родны наш кут.

Прыпеў.

З ідэйнага пункту гледжаньня не падкапаешся, але ўсё адно сьмешна: як у капусьніку.

Саюз кампазытараў абвясьціў конкурс песень на верш Янкі Купалы “Маладая Беларусь”. Ён праходзіў за зачыненымі дзьвярыма і доўжыўся амаль цэлы год.

У Міністэрстве культуры была створаная новая камісія, у якую паступалі прапановы гімнаў. Аўтары былі, як правіла, аматарамі й пераважна сялянамі. Адна даярка праехала паўкраіны, каб падзяліцца сваімі думкамі і пачуцьцямі. “Я пачынаю даіць карову, а ў галаве ў мяне гучаць вершы”, — так пачала яна свой маналёг, поўны шчырасьці, болю і любові да роднай зямлі, згадвае сакратарка гэтай камісіі Эльвіра Алейнікава. Алейнікава выслухоўвала яе цэлы дзень. “Людзі, асабліва вяскоўцы, хочуць адчуваць сваю датычнасьць да дзяржавы. Я ведаю, як гэта важна, і я імкнулася ўсіх выслухаць, усім адказаць”, — кажа Алейнікава.

За паўтара году камісія сабрала 500 тэкстаў. Мелёдыяў было крыху меней — каля сотні. Многія аўтары выдумлялі тэксты да гатовых мэлёдыяў, пераважна Сакалоўскага. Найлепшыя варыянты аранжаваліся для духавога і сымфанічнага аркестру, а таксама для хору. Ладзіліся праслухоўваньні.

Вячаслаў Кузьняцоў прапанаваў у якасьці гімну аркестраваны ім фрагмэнт “Полацкага сшытку”. Гэтая мэлёдыя ў 2001 г. была прынятая ў якасьці новага гімну Згуртаваньня беларусаў свету “Бацькаўшчына” замест ранейшага “Не загаснуць зоркі ў небе…” Аднак аранжаваньне Кузьняцова пакуль амаль невядомае шырокай грамадзкасьці.

Як невядомая і песьня Анатоля Багатырова “Маладая Беларусь”, якая здабыла перамогу на міністэрскім конкурсе. Зрэшты, вынікі конкурсу не былі зацьверджаныя. У апошнім жэсьце адчаю напярэдадні рэфэрэндуму, калі ўсім стала ўжо не да асабістых амбіцый, бо гінула дзяржава, Камісія Вярхоўнага Савету на сваім пасяджэньні 20 красавіка 1995 г. нарэшце зацьвердзіла ў якасьці праекту Дзяржаўнага гімну “Магутны Божа”. Згодна з гэтым рашэньнем, Беларускае радыё мусіла штодзень тры месяцы трансьляваць праект новага гімну “для азнаямленьня насельніцтва”. Але радыё проста праігнаравала гэтае рашэньне.

Народ жа не пераставаў марыць пра новы гімн, якім можна было б ганарыцца. Складаліся новыя тэксты да музыкі Сакалоўскага альбо падтэкстоўкі да палянэзу Агінскага. Некаторыя зь іх — прыкладам, верш Сокалава-Воюша — вельмі ўдалыя. Вось, дзеля прыкладу, верш “Мой край” Мар’яна Віжа, надрукаваны ў “ЛіМе” 19 жніўня 1994 г.

Край, мой любы,

родны Край,

Мілей за ўсё на сьвеце ты.

Квітней, руней, мой слаўны

дзіва-Край.

Для нас ты на зямлі сьвяты.

Край, мой любы,

Родны край,

Не сьпі, народ, з калень уставай,

Каб кожны бачыў, што ажыла зноў

Краіна – вечная любоў.

Край, “Пагоню” уздымі!

А заўтра спадчыну вазьмі!

З вольнасьцю заўжды ты

будзеш жыць,

А нам усім — свой край любіць!

Край, мой любы, родны Край,

Мілей за ўсё на сьвеце ты.

Квітней, руней, мой слаўны
дзіва-Край,

Для нас ты на зямлі святы.

Аднак ці можа нацыянальны гімн называцца “Разьвітаньне з Радзімай”?

Нарэшце, сытуацыя з гімнам заклапаціла і ўлады, якія ад манілаўскіх мараў пра аднаўленьне СССР перайшлі да ўмацаваньня дзяржаўнасьці. У траўні 2001 г. міністар культуры Леанід Гуляка, выступаючы ў палаце прадстаўнікоў, паведаміў пра тры магчымыя варыянты рашэньня гэтай праблемы. Радыкальны варыянт прадугледжваў абвяшчэньне ўсебеларускага конкурсу на новы тэкст і музыку дзяржаўнага гімну. Сьціпла-абнаўленчы варыянт — стварэньне новага тэксту на музыку Сакалоўскага. Традыцыйны варыянт — падпісаньне дамоваў з уплывовымі прафэсіяналамі на стварэньне новага гімну. 15 студзеня адбылося першае паседжаньне рабочай камісіі па гімне пад кіраўніцтвам віцэ-прэм’ера Ўладзімера Дражына. Да 1 красавіка грамадзкія арганізацыі, творчыя саюзы і звычайныя грамадзяне могуць дасылаць у камісію свае варыянты. Пяць найцікавейшых твораў прагучаць у выкананьні духавога аркестру. Зь іх выберуць тры найлепшыя, і толькі потым журы вызначыць пераможцу. Новы дзяржаўны гімн мусіць прагучаць 3 ліпеня. Часу застаецца вельмі мала, а ў камісію дагэтуль не паступала аніякіх прапановаў. Адно Таварыства беларускай мовы афіцыйна абвесьціла пра свой намер прапанаваць на конкурс “Магутны Божа” Равенскага і Арсеньневай. Дый Саўмін яшчэ не зацьвердзіў палажэньня аб конкурсе.

Большасьць сяброў камісіі — выдатныя прафэсіяналы ў галіне музычнага мастацтва, народныя артысты СССР і Беларусі, прафэсары Беларускай акадэміі музыкі. Міхаіл Фінберг, Леанід Гуляка, першы намесьнік міністра культуры Ўладзімер Рылатка, старшыня Саюзу кампазытараў Ігар Лучанок, кампазытары Зьміцер Смольскі і Валер Іваноў, мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага народнага аркестру, рэктар Беларускай акадэміі музыкі Міхаіл Казінец, мастацкі кіраўнік хору Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Віктар Роўда, мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага народнага хору Міхаіл Дрынеўскі, мастацкі кіраўнік Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы імя Шырмы Людміла Яфімава, рэктар Беларускага ўнівэрсытэту культуры Ядвіга Грыгаровіч, дырэктар Інстытуту літаратуры АН Уладзімер Гніламёдаў, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт Беларускай акадэміі музыкі Эльвіра Алейнікава. Кідаецца ў вочы адсутнасьць пісьменьнікаў і паэтаў. Здавалася б, гэта сьведчыць аб тым, што камісія будзе пераважна займацца музыкай гімну. Але ў нядаўнім інтэрвію БТ міністар культуры Леанід Гуляка ня выключыў, што музыка гімну застанецца ранейшай, а словы будуць новыя. У актыве камісіі застаюцца і традыцыйныя гімны, а таксама “Маладая Беларусь” Анатоля Багатырова.

Відаць, адсутнасьць пісьменьнікаў тлумачыцца тым, што яны маюць рэпутацыю вальнадумцаў па прыродзе. У камісіі няма ніводнага чалавека “зь іншага лягеру”, зь ліку тых, хто знаходзіцца ў апазыцыі да цяперашніх уладаў ці, прынамсі, не задзейнічаны ва ўладнай машыне. Ніводзін чалавек не прадстаўляе беларускай дыяспары. Такой камісіі цяжка будзе прыняць агульнанацыянальны гімн.

Апытаньне “НН” паказвае, наколькі далёка наша краіна пайшла ў справе нацыянальнага будаўніцтва за апошнія 10 гадоў. За гімн “Магутны Божа” выказваюцца тыя, хто 10 гадоў таму яшчэ ня ведаў пра ягонае існаваньне.

Выбар гімну пераканаўча сьведчыць, да чаго багатая наша беларуская культура. Гляньце: маем дзясятак прыгожых, пранікнёных гімнаў-шэдэўраў. Дзіка толькі, што ў дэмакратычнай Беларусі палова гэтых гімнаў забароненая для выкананьня на нацыянальным радыё і тэлебачаньні. Аднак гэта ўжо так, проста рэпліка ў вечнай дыскусіі пра дэмакратыю, роўнасьць моваў і культураў.

 

Юлія Андрэева


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0