Згодна з дасьледаваньнямі польскіх навукоўцаў, большасьць сусьветных эўрапейскіх шэдэўраў XVI—XVII ст. створаны з дубоў, што расьлі ў пушчах Рэчы Паспалітай.

Зь іх рэзалі алтары і скульптуры, на іх малявалі абразы і карціны. Сярод эўрапейскіх творцаў, што выкарыстоўвалі драўніну з абшараў ВКЛ і Польшчы, — Ганс Мэмлінг, Рогір ван дэр Вэйдэн, Дзірк Боўтс і Пэтэр Паўль Рубэнс.

У Эўропе ўсё большую папулярнасьць набывае дэндрахраналёгія, якая займаецца дасьледаваньнем слаёў драўніны, зь якой вырабляліся некалі розныя рэчы, што знаходзяць археолягі. Сучасная навука дазваляе з дакладнасьцю ледзь не да году вызначыць час высяканьня дрэва. А калі драўляная рэч знаходзіцца ў добрым стане, дык нават магчыма ўзнавіць і пару году сьсяканьня.

У XVI стагодзьдзі ў Эўропе пачаліся праблемы з сыравінаю. На гэты ж час прыпадае рэструктурызацыя гандлю Заходняй Эўропы. Эўрапейскіх гандляроў усё больш цікавілі сувязі з Амэрыкай і Далёкім Усходам. Суднабудаваньне і рост гарадзкога насельніцтва выклікалі вялікі попыт на драўніну, скуру, збожжа і інш. Пра ўсё гэта можна падрабязьней прачытаць у М.В.Доўнара-Запольскага ў ягонай «Гісторыя Беларусі» ў разьдзеле «Структура гандлю і гандлёвай палітыкі».

На той час свае пушчы і дубровы ў Эўропе былі амаль цалкам высечаныя. Тое, што засталося, было прыдатна толькі на дровы і вытворчасьць няхітрай мэблі. Будаўніцтва ж новых дамоў, касьцёлаў і прыбудоў павялічвалася. Змаганьне за ўплыў на моры патрабавала ўсё новых і новых караблёў. Спаборніцтва Вялікабрытаніі, Галяндыі, Гішпаніі й Партугаліі стварала велізарны попыт на драўніну. Сярэдні карабель патрабаваў больш за 4000 добрых дубоў. Пры будаўніцтве касьцёлу выкарыстоўвалася 300—400 дрэваў. Гэтым скарысталіся гандляры Кароны і ВКЛ. Дрэва тралявалі да Гданьску, Рыгі і Караляўца, адкуль яго вывозілі ў Заходнюю Эўропу.

Найперш пачалі церабіць дубровы, што расьлі каля Балтыйскага мора. Тыя дубы прыйшліся даспадобы таксама эўрапейскім разьбярам, мастакам і майстрам. На балтыйскім дрэве пісалі Рубэнс, Рэмбрант, Геранім Босх і іншыя менш вядомыя творцы. Драўляныя алтары з абшараў Рэчы Паспалітай дагэтуль можна ўбачыць у касьцёлах Брусэлю, Антвэрпэну і мностве эўрапейскіх мястэчак.

Бэльгійскія і польскія навукоўцы вырашылі даведацца, адкуль паходзіць тая драўніна. Вынікі дасьледаваньняў меліся надрукаваць у лютаўскім нумары «Journal of Archaeological Science». Было ўзята 540 узораў з мастацкіх вырабаў ХІV—XVII стагодзьдзяў. Сярод іх — 321 абраз, намаляваны на дубовых дошках, і 219 фрагмэнтаў разьбярства. Як выявілася, 80% іх паходзіць з абшараў балтыйскага мора. Польскія навукоўцы параўналі склад тых слаёў з кавалкамі драўніны, знойдзенымі пры археалягічных раскопках у Польшчы, і выявілі 31 цалкам падобны ўзор.

Адным з аб’ектаў дасьледаваньня быў вялікі трыптых «Узьвіжаньне крыжа», напісаны Рубэнсам ў 1610—1611 гадах, пасьля вяртаньня з Італіі. Цяпер ён захоўваецца ў катэдры Антвэрпэну. Напісаны ён на драўніне, што паходзіць з паўночнай часткі Польшчы. Падобную структуру маюць драўляныя ночвы зь вёскі Бебжа, што захоўваюцца ў зборах Беластоцкага музэю сельскага побыту. Праўда, выдзеўбаныя ночвы старэйшыя за абраз Рубэнса на 40 год. Але дрэвы, зь якіх выраблены шэдэўр і сялянская прылада, як вынікае з дасьледаваньняў, расьлі недзе побач.

Гэтак сама былі вызначаны месцы паходжаньня дубоў, на якіх пісалі Ганс Мэмлінг, Робэрт Кампіна, Рогір ван дэр Вэйдэн, Дзірк Боўтс і іншыя флямандзскія мастакі XIV—XV стагодзьдзя. Большасьць іх твораў маюць за аснову дубовыя дошкі, якія паходзяць з сучаснай паўночна-ўсходняй Польшчы, ці, папросту кажучы, зь Белавежы.

Польскія і шатляндзкія навукоўцы высьветлілі, што ў эдынбурскім касьцёле Guthrie Isle прыгожае скляпеньне выканана з дубоў, якія вырасьлі ў ваколіцах Белавескай пушчы прыкладна ў 1450 годзе.

Але чым пазьней жыў і працаваў творца, тым далей ад Гданьску расьлі дрэвы, зь якімі ён працаваў. Напачатку церабілі дубровы вакол гарадоў, потым паціху тартакі пераносіліся на поўнач і ўсход. Сьсякалі 200—300-гадовыя дубы пераважна зімою, камлі дрэў (ці ўжо абробленыя на тартаках бэлькі) тралявалі да рэк, там вязалі плыты і сплаўлялі да балтыйскіх партоў. З Рыгі і Караляўца драўніна трапляла ў Нямеччыну, Францыю, Нідэрлянды, Англію, Партугалію і Гішпанію.

Дрэва ў Нідэрляндах каштавала значна даражэй, чым у Караляўцы. Уладальнікі ж лясоў прадавалі яго амаль задарма.

Да пачатку XVII стагодзьдзя лясы, бліжэйшыя да партоў, былі амаль вынішчаны. Карона да гэтага часу цалкам высекла свае дубровы. ВКЛ мела яшчэ вялізныя рэзэрвы, але знаходзіліся яны на Палесьсі ці далёка ад водных шляхоў. Таму зьявілася думка каналамі злучыць Вяльлю зь Бярэзінай і Балтыку з Чорным морам праз Мухавец, каб пачаць траляваньне паўднёвых лясоў. Але на той час у дзяржавы, стомленай шматлікімі войнамі, ужо не было такой магчымасьці.

На жаль, беларускія ўзоры драўляных вырабаў у дасьледаваньнях ня ўдзельнічалі…. Шмат цікавага, відаць, яшчэ чакае свайго часу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0