Фройда на службу сацыяльнай палітыцы дзяржавы!

Фэльетон Лёліка Ушкіна.

Часопіс «Карэя» апісаў, як паважаны кіраўнік таварыш Кім Чэн Ір аднойчы заруліў на рэпэтыцыю аркестру. Музыкі рыхтавалі выкананьне нейкага твору, і «гукі некалькіх дзясяткаў інструмэнтаў, аб’яднаўшыся ў адну мэлёдыю, нагадвалі то разьюшаную буру, то журчаньне чыстай ракі». «Нешта гучыць ня так», — пракамэнтаваў сэйшн паважаны мэляман. Пасьля ён спытаўся ў дырыжэра, ці не заўважыў той памылкі. Паўночнакарэйскі Фінбэрг быў засмучаны. Мяркую, ён няхіла зьлякаўся: схалтурыць пры Самім! Гэта ж усё роўна як калі б Саладуха, адкрываючы «Славянскі базар», забыўся на словы «Здравствуй, чужая-милая» і засьпяваў «Мы выйдзем шчыльнымі радамі».

Аднак вернемся на карэйскую паўвыспу. Кім Чэн Ір, усьміхаючыся, паказаў на аднаго з музыкантаў і папрасіў лабуха яшчэ раз націснуць на клявішы. Падчас пройгрышу нават героі стужкі «Краіна глухіх» заўважылі б памылку на паўтону. «Памылка на паўтону», — зьбянтэжана прызнаў дырыжэр, аднак, як піша часопіс, «у душы ён быў зачараваны незвычайнай дакладнасьцю музыкальнага слыху паважанага кіраўніка, які ў такім складаным творы ў адзін момант заўважыў розьніцу на паўтону, якой бы не заўважылі нават спэцыялісты».

Ня меншае зачараваньне, чым карэйскі дырыжэр, я атрымаў, назіраючы апошнюю тусоўку па праблемах жыльлёва-камунальнага сэктару. Падчас выступленьня Ён выдаў сэнтэнцыю: «Гультаёў больш карміць ня будзем». І адразу з дакладнасьцю да аднаго адсотка давёў, колькі такіх антысацыяльных элемэнтаў інфільтравалася ў галіну ЖКГ, каб ссаць халяўныя бюджэтныя сокі, — кожны чацьвёрты супрацоўнік у сталіцы і кожны трэці — на пэрыфэрыі.

Хутка ім прапішуць пуцёўку у цэнтры занятасьці.

Як? За кошт чаго? Якімі сродкамі можна было так арытмэтычна ювэлірна, з хібнасьцю ў 1%, дыфэрэнцыяваць анёлаў ад казлоў, працаголікаў ад дзятлаў, якім па стане псыхікі ў ламешнік своечасова і кваліфікавана аказваць паслугі насельніцтву?

Я балдзею!

Але ўсе ж, каб не было ляманту радыёгаласоў, быццам бы мы скаціліся да ўсходніх сатрапій, было б зручна ўзмацніць агучаныя лічбы статыстычнымі данымі.

Хуценька правесьці ў кожнай канторы ЖКГ псыхалягічны тэст на антыпрацоўную алергію.

Сабраць калектыў, растусаваць яго на фройдаўскіх дыванчыках і спытаць: «Які асацыятыўны рад выклікае ў вас слова «праца»?» «Праца, каманда, адказнасьць, парадак, стабільнасьць, прэзыдэнт, праваслаўе, славянства», — скажа наш чалавек. «Праца, халтура, хабар, гарэлка, расслабон, дэмакратыя», — маналёг гультая. Або, напрыклад, запытацца ў таго ж сантэхніка Пятра, што яму сьнілася сёньня ўначы. Калі Марфэй дэманстраваў яму курорт на Канарах, дзе ён жраў двайны бурбон і заляцаўся да Ніколь Кідман, гнаць у шыю. Калі спаў і бачыў, быццам у долбі-сыстэм, як карачыцца на суботніку, будуючы шклянку нацбібліятэкі, пакінуць Пятра ў штаце.

Я ўпэўнены: вынікі тэсту ня проста пацьвердзяць геній лідэра, але і прадэманструюць яго сацыяльны гуманізм. Насамрэч гультаёў у нас куды болей. Па выніках псыхазандажу можна будзе звольніць 28% працаўнікоў ЖКГ у сталіцы і 36% у Бялынічах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0