«Саша і Сірожа», Аляксей Хлястоў.

Ска-ты!

«Саша і Сірожа», «Go Records», 2005

На дыску, менская прэзэнтацыя якога была забароненая на тым тыдні, — 14 песень з музычнага даробку Сашы і Сірожы. Стылістыка альбому — вулічны фальклёр. Тэматыка ранейшая, толькі словы іншыя. Некалі ў «Надзеньцы» жанаты вайсковец падмануў наіўную дзяўчыну, а ў «Паскудзе» ўсё наадварот — пакрыўджаным апынуўся будаўнік («На шабашках я клаў шыфэр, а ты клала на жызьнь маю»). Лірычныя героі Сашы і Сірожы могуць выклікаць замілаваньне: хоць у іх «ваняюць наскі», яны здольныя кахаць, «владзеюць пасаціжамі», ня любяць папсу і шануюць радзіму. У некаторых момантах варта да іх уважліва прыслухацца: «Каб любоў заслужыць, нужна бросіць піць!» Тэма каханьня — цэнтральная ў творчасьці Сашы і Сірожы. Як на іх думку, то пашэнціць у каханьні можа нават нямогламу «ачкарыку», ня кажучы ўжо пра хлопцаў, якія займаюцца лыжамі і ўмеюць ляпіць катлеты.

Удала ўпісалася менская ракабілі-група «Мэтэор», якая падыграла Сашу і Сірожу. Атрымаліся сьцёбныя рок-н-рольныя частушкі-показкі. На дыску таксама можна знайсьці два кліпы «СіС» — «Калыханку» і «Пра Філю». Апошні — з прадусарам «Дзяцей Сонца» Віталем Драздовым у ролі «чалавека, які дужа нагадвае Піліпа Кіркорава», — адмовіліся браць у ратацыю беларускія і некаторыя ўкраінскія тэлеканалы.

Увага: сьпета наўмысна няроўнымі галасамі!

Ворваться в небо

Аляксей Хлястоў, ТДА «Вэст-рэкардс-плюс», 2005

Хлястоў — гэта ўжо не Саладуха, але яшчэ не Антонаў. У песеннай манеры Хлястова няма таго саладушнага патасу, аднак не стае яшчэ антонаўскай шчырасьці. Але песьні новага героя-адзіночкі беларускай эстрады карыстаюцца шалёным посьпехам — прома-дыскі «пасыпаліся» ад узмоцненых ратацый на FM-станцыях, дзяўчаты выстройваюцца ў чаргу па квіток на канцэрт Хлястова ў Палацы Рэспублікі. На максі-сынгле сабраныя пяць галоўных гітоў Хлястова плюс бонус — «Ворваться в небо» ўжывую пад акампанэмэнт гітарыста Анцішына і бубнача Шэвандо (самая смачная частка!).

Хлястоў задзейнічаў добрых тэкставікоў, кампазытараў і музыкаў (напр. Лявон Шырын, Сяргей Трухановіч). Гітарыст «Крамы» падыграў у песьні «Океан тайги» — балядзе а-ля «Любэ». Хлястоў так душэўна сьпявае пра «таежныя сны», нібыта хадзіў па «тропушкам» той тайгі большую частку свайго жыцьця. Песьні запамінальныя, нават навязьлівыя — клявішны пройгрыш з «Ворваться в небо» яшчэ доўга будзе перасьледаваць пасьля праслухоўваньня. Заміраем у чаканьні «вялікага альбому».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0