Назва «Гішпанія» паходзіць ад фінікійскага слова «таямнічая».

Гішпанія адносіцца да краін, этнічнае і культурнае аблічча якіх мянялася настолькі, што нават спэцыялістам цяжка назваць сапраўднае. Кельты, рымляне і германцы, іслам, юдаізм пакінулі тут адбітак. Разнастайнасьць краіны захоўваецца і да сёньня.

Вылучаюць чатыры асноўныя нацыянальнасьці сучаснай Гішпаніі: уласна гішпанцы (Кастылія), каталёнцы, баскі, галісійцы. Аднак унутры кожнага з гэтых этнасаў існуюць супярэчнасьці. Так, каталёнамоўнае насельніцтва ёсьць таксама ў Валенсіі, Арагоне, на Балеарскіх выспах, і праблема яго нацыянальнага самавызначэньня няпростая. Прыклад Валенсіі найбольш паказальны. Доўгі час лічылася, што жыхары яе падзяляюцца па моўнай прымеце на кастыля- і каталёнамоўных. Аднак у 1960-я гады нечакана паўстала пытаньне аб валенсійскай мове. «Аўтанамісты» выступалі адзіным фронтам супраць прыхільнікаў «адзінай і свабоднай» (афіцыйнае найменьне Гішпаніі пры Франка), гаварылі аб кастыльскім імпэрыялізьме. Былі знойдзены мясцовыя «яцьвягі». Продкамі «чыстых валенсійцаў» абвясьцілі масарабаў — хрысьціян, што перанялі арабскую мову. Валенсійскім аўтанамістам, аднак, не ўдалося выпрацаваць свайго варыянту літаратурнай мовы, і каталёнская перамагла.

Найменш вядомы ў нас галісійцы — гальега. Галісія — вобласьць між Партугаліяй і Гішпаніяй, і напачатку на мове гальега пісалі кастыльскія і партугальскія каралі. Але са стратай Галісіяй незалежнасьці гальега пачала занепадаць. Яе пачалі ўспрымаць як мову «мужыцкую». І такое перакананьне было прышчэплена самім гальега. Нават з гішпанскіх эмігрантаў у Францыі толькі гальега настойвалі, каб іх дзеці вучылі кастыльскую мову. У 1980-я гады мінулага стагодзьдзя становішча крыху зьмянілася, але і цяпер у адрас тамтэйшых нацыяналістаў чуваць папрокі, што яны спрыяюць росту напружанасьці ў грамадзтве, навязваюць народу незразумелую мову.

Каталёнцамі, баскамі, гальега не вычэрпваецца карціна аўтанамісцкіх і сэпаратысцкіх рухаў.

Нагадваюць аб сваіх мясцовых асаблівасьцях астурыйцы, андалюсійцы, арагонцы. Жыхары Канараў лічаць сябе нашчадкамі насельнікаў Атлянтыды. Вылучаны нават праект аднаўленьня на поўдні краіны мусульманскай аўтаноміі. Яшчэ дзесяць год таму гэта ўспрымалася як кур’ёз.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0