У мінулую пятніцу футбалісты «Ювэнтусу» датэрмінова сталі чэмпіёнамі Італіі.

Аднак у сэрыі А ўсё стала ясна два тыдні таму, калі ў вочнай спрэчцы турынскі клюб сышоўся з галоўным канкурэнтам — «Мілянам». «Ювэ» перамог 1:0, і толькі цуд мог не дазволіць турынцам заваяваць скудэта ў 28-мы раз. Але ці сталі б чэмпіёнамі б’янка-нэры, каб улетку клюб не ўзначаліў Фабіё Капэльля, што, між іншым, гуляў за «Ювэнтус» у 1970—1976 г.? Усе каманды, якія трэніраваў дон Фабіё, станавіліся чэмпіёнамі.

Гулец

Фабіё Капэльля прыйшоў на сьвет 18 ліпеня 1946 г. у маленькім гарадку П’ярыса на поўначы Італіі (вобласьць Фрыулі). Там і пачаў гуляць у футбол, дэманструючы выкшталцоную тэхніку, якой так бракавала пагодкам. Перспэктыўнага 16-гадовага хлопца заўважылі скаўты «Спалі» (Фэрара).

Напачатку трэнэры мала давяралі юнаку, і хлопца саслалі ў запас. Але праз тры гады «Спаль» выбыла ў сэрыю В, і, як водзіцца ў Італіі, вядучыя гульцы пакінулі клюб. Капэльля ў 19-гадовым веку стаў лідэрам каманды і вярнуў клюб з Фэрары ў сэрыю А. Надоўга ў «Спалі» Капэльля не затрымаўся: на яго зьвярнулі ўвагу трэнэры «Ромы».

Рымляне тады былі ня проста на ўздыме — у склад каманды ўваходзілі маладыя й пэрспэктыўныя гульцы, якія пад кіраўніцтвам Мага Эўленіё Эрэры маглі змагацца нароўні з наймацнейшымі клюбамі Эўропы. І ў 1968 г. Капэльля выйграў разам з клюбам Кубак краіны. Паводле ягонага прызнаньня, менавіта ў «Роме» ён вырас і стаў зоркай. На жаль, ён стаў героем і адной з самых чорных старонак у гісторыі сталічнага клюбу.

Аднак сусьветная слава прыйшла да яго менавіта ў «Ювэнтусе», куды Фабіё перайшоў у 1970-м. У турынскім клюбе Капэльля правёў шэсьць год, тройчы выйграўшы скудэта ды стаўшы адным з наймацнейшых цэнтральных паўабаронцаў свайго часу. Капэльля запрасілі ў зборную, за якую ён правёў 32 матчы ды забіў восем галоў.

У 1976 г. Фабіё расстаўся зь «Ювэ» ды перайшоў у «Мілян». І зноў яго чакаў посьпех — скудэта, Кубак Італіі. Але ў 1980 г. роса-нэры выбылі ў сэрыю В, і Капэльля павесіў буцы на цьвік, вырашыўшы заняцца трэнэрскай дзейнасьцю.

Трэнэр

Фабіё скончыў трэнэрскія курсы і спачатку некалькі гадоў працаваў з моладзьдзю «Міляну». Першы трэнэрскі досьвед прыйшоўся на 1986 г., але «Мілян» фінішаваў толькі пятым. Капэльля саступае пасаду трэнэра Арыга Сакі і засяроджваецца на працы мэнэджэрам, каардынуючы ўсе спартовыя праекты холдынгу сёньняшняга прэм’ер-міністра Італіі Сыльвіё Бэрлюсконі Mediulanum Sport. Апроч футболу ў групу ўваходзілі хакей, рэгбі, валейбол. Урэшце Сакі пакінуў клюб, і Бэрлюсконі прызначае галоўным трэнэрам Капэльля.

Дон Фабіё ўзначальваў «Мілян» з 1991 па 1996 год, выйграўшы за гэты час чатыры чэмпіянаты (1992, 1993, 1994, 1996), тры Супэркубкі (1992, 93, 94). За Капэльля «Мілян» тройчы гуляў у фінале Лігі чэмпіёнаў, а ў 1994 г. выйграў галоўны трафэй. Праз два гады яго прызналі найлепшым трэнэрам сьвету. І нягледзячы на тое, што Бэрлюсконі настойліва прапаноўваў перагледзець кантракт, Капэльля сыходзіць зь «Міляну» ды наагул пакідае Італію.

Заваяваньне Мадрыду і Рыму

Сэзон 1996/97 ён правёў у мадрыдзкім «Рэале», куды быў запрошаны тагачасным прэзыдэнтам клюбу Лярэнца Сансам. Каралеўскі клюб, што быў да гэтага ў заняпадзе, з ходу выйграў чэмпіянат, пакінуўшы з носам галоўнага канкурэнта-ворага — «Барсэлёну». Але па сканчэньні чэмпіянату прымэры Капэльля адмовіўся ад падаўжэньня кантракту і вярнуўся ў «Мілян». Але двойчы ўвайсьці ў адну і тую ж ваду не ўдалося — 11-е месца ў 1997/98 г. Трэнэр завязвае з футболам і год працуе тэлевізійным камэнтатарам на «RAI», адрынаючы ўсе запрашэньні. А вось ад прапановы прэзыдэнта «Ромы» Франка Сэнсі ён ня змог адмовіцца. У першым сэзоне «Рома» заняла шостае месца, а ў 2000/01 г. выйграла скудэта.

Гэта быў трыюмф рымскага клюбу, пра тыя часы цяпер можна згадваць з настальгіяй. «Рома» паказвала прыгожы, відовішчны футбол і знаходзілася на вяршыні чэмпіянату. У наступны сэзон джэля-росі фінішавалі другімі і рыхтаваліся да чарговага скудэта. Але чэмпіянат 2002/03 з прычын фінансавых і няўдалых трансфэраў быў правалены. Раманісты фінішавалі толькі восьмымі. Капэльля сабраў волю ў кулак, і ў наступным годзе «Рома» зноў уключылася ў чэмпіёнскую гонку, толькі пры канцы першынства саступіўшы «Міляну».

Насуперак злым языкам

Але зноў умяшаліся фінансавыя праблемы. Сарвалася зьдзелка з магнатамі з «Нафты-Масква», праз адсутнасьць грошай клюб ледзьве не адправілі ў сэрыю В. Капэльля надакучылі няяснасьці ў лёсе клюбу, яму хацелася зноў выйграць чэмпіянат, а з адсутнасьцю грошай у «раманістаў» зрабіць гэта было цяжка. Улетку 2004-га ён рашыўся на крок, якога яму ня могуць дараваць фаны «Ромы». Ён пакінуў клюб, прычым перайшоў у «Ювэнтус» — закляты вораг рымскіх клюбаў. Злосьці заўзятарам дадавала і тое, што трэнэр «прыхапіў» з сабой стрыжань клюбу: француза Зэбіну і бразыльца Эмэрсана. З сыходам Капэльля «Рома» пакацілася ўніз па турнірнай табліцы, зьмяніўшы за год чатырох коўчаў: Рудзі Фёлера, Карла Прандэлі, Люіджы дэль Нэры і Бруна Конці.

Скептыкі ня верылі ў хуткі посьпех у «Ювэнтусе». Да таго ж Капэльля не лічыўся з аўтарытэтамі. Трэба замяніць на футбольным полі візытоўку клюбу Алесандра дэль П’еры — калі ласка. Папярэднікі на такое не рашаліся. Сёй-той ня верыў, што капрызны швэдзкі форвард «Ювэ» Златан Ібрагімавіч, якога Капэльля купіў у «Аякса», знойдзе сваё месца ў Турыне. Але Ібрагімавіч ня толькі апраўдаў надзеі трэнэра — ён здабыў у чэмпіянаце ўжо шаснаццаць брамак.

У мінулы ўік-энд дон Фабіё прывёў турынскі клюб да 28-га (!) у стогадовай гісторыі клюбу скудэта, а сам стаў першым трэнэрам сэрыі А, які выйграваў італьянскі чэмпіянат з трыма рознымі камандамі. І не забываем на гішпанскі «Рэал». Вось толькі яшчэ не спрабаваў сп.Капэльля сябе на пасадзе галоўнага трэнэра якой-небудзь нацыянальнай зборнай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0