Георгій стаў Францыскам

Перайменаваньне праспэктаў ды вуліцаў у Менску адгукнулася ў Воршы. Мясцовыя ўлады нарэшце вырашылі адну з тапанімічных праблем. У 1967 г. 2-я Лягерная вуліца (некалі тут месьціліся летнія вайсковыя лягеры) была перайменаваная ў вуліцу імя Георгія Скарыны. На пачатку 1990-х частку яе перайменавалі ў Ільлінскую вуліцу, бо вядзе да аднайменнай царквы. Таму на дамах гэтай вуліцы вісяць шыльды зь дзьвюма назвамі, у тым ліку на асобных дамах іх па дзьве. Але ж да гэтага часу беларускі першадрукар усё заставаўся Георгіем. Зараз жа ён стане Францыскам. Праўда, вуліца гэтая зусім не цэнтральная.

Новая газэта

У горадзе Барань (Аршаншчына) пачала выходзіць «Баранская газэта». Новае грамадзка-культурнае выданьне асьвятляе жыцьцё гораду-спадарожніка Воршы. Яно выдаецца пры падтрымцы віцебскага аддзяленьня ГА «Фонд імя Лява Сапегі» накладам 299 асобнікаў і распаўсюджваецца бясплатна. У адным зь першых нумароў згадваецца пра 100-гадовы юбілей масавых хваляваньняў рабочых мясцовага драцяна-цьвіковага заводу падчас Першай расейскай рэвалюцыі. Апошняя маніфэстацыя працоўных горадаўтваральнага прадпрыемства «Лёс», спадкаемцы таго заводу, за свае правы адбылася ў 2003 годзе. У наступныя гады дазволу на іх правядзеньне не было. Дарэчы, сярэдняя зарплата на прадпрыемстве складае 256 тыс.руб., рабочыя атрымліваюць ад 162 да 260 тыс. руб.

Кедры замест елак

Праз абязводжваньне глебаў ды шкодніцкую дзейнасьць жука-караеда на Аршаншчыне масава высыхаюць ельнікі. На вялікіх плошчах хворыя дрэвы даводзіцца высякаць. На іх месцы штогод высаджваецца да мільёна маладых расьлін. Але каб яны сталі сапраўдным лесам, трэба чакаць 80—100 гадоў. Пацяпленьне клімату прымушае мясцовых спэцыялістаў лесагадоўлі зьвяртаць увагу на дрэвы, якія растуць у Заходняй Эўропе, на Каўказе ды ў Крыме. Так, яшчэ ў 1978 г. у Копыскім лясьніцтве на шасьці гектарах быў закладзены дэндрарый, у якім сабраны дрэвы ды кустарнікі больш як 200 відаў. Так што ў хуткім часе замест звычайных сасьнякоў ды ельнікаў на Аршаншчыне паўстануць кедравыя ды туевыя гаі.

Пра подзьвіг самаахвярнасьці

У аршанскім касьцёле Сьвятога Язэпа прайшла прэзэнтацыя кнігі полацкай пісьменьніцы Ірыны Жарнасек «Будзь воля Твая…». Выдадзены летась у менскім выдавецтве «Pro Christo» раман прысьвечаны росіцкай трагедыі (у лютым 1943 г. вёска Росіца, што на Дрысеншчыне, была спалена з жыхарамі). Разам зь вернікамі самаахвярную сьмерць прынялі й айцы марыяне Антоні Ляшчэвіч ды Юры Кашыра. Кніга выдадзена дзякуючы падтрымцы Ордэну марыянаў, рэзыдэнцыяй якіх цяпер ёсьць касьцёл Сьв.Язэпа ў Воршы. У найбліжэйшы час прэзэнтацыі адбудуцца ў іншых гарадах і мястэчках Віцебшчыны.

Яўген Жарнасек, Ворша

Завал з конкурсамі

Падрыхтоўка да сьвяткаваньня Дня Перамогі стала цягам навучальнага году выпрабаваньнем на выносьлівасьць для пэдагогаў школ і пазашкольных устаноў. Зь лёгкай рукі арганізатараў выхаваньня школьнай моладзі абласнога маштабу па лініі цэнтраў пазашкольнай працы на школы несканчоным патокам плылі-спускаліся ўмовы шматлікіх конкурсаў ваенна-патрыятычнага напрамку, пералічыць якія на старонках газэты было б завялікай раскошай. Чытач можа ўявіць сабе стосы і горы розных альбомаў, расшывак, падшывак, файлаў, стэндаў — рэфэратаў, пісьмаў, праектаў, дасьледаваньняў, выбарак, картачак, перадруковак, справаздач, сачыненьняў і г.д, і да т.п., якіх нават нашы спрактыкаваныя штабісты розных экспэдыцый пры Верхнядзьвінскім раённым цэнтры пазашкольнай працы не пасьпяваюць разграбаць, сыстэматызаваць, ацэньваць, адбіраць найлепшае ды адсылаць у штабы вышэйшыя. Папяровая навала набыла маштабы, што сёлета празь няўпраўку ўпершыню за шмат гадоў былі адменены традыцыйныя жывыя мерапрыемствы — спаборніцтвы па арыентацыі як сярод навучэнцаў, так і настаўніцкія. За безьліччу абавязковых мерапрыемстваў жывое жыцьцё ўсё часьцей адыходзіць на задні плян, будучы падменена нейкім віртуальным.

Здавалася б, кожны мае права выбіраць свае формы і мэтады калектыўнага выхаваньня дзяцей, вырашаць, у якім з конкурсаў прыняць ці не прыняць удзел. Але ж цяпер такі час, што спушчаная «зьверху» паперына адразу сама сабой набывае статус абавязковай. Паспрабуй якая-небудзь школа не падаць конкурснага матэрыялу — і ў адпаведнай графе ўліковай «прасьціны» «плюсік» заменіцца на «мінус», а адсюль — аўтаматычна мінус і ў прэміях і дабаўках, у рэйтынгах, ацэнках дзейнасьці і г.д.

Уявіце, што робіцца ў малых вясковых школках, дзе на кожнага вучня даводзіцца тузін конкурсаў толькі «ваеннага напрамку», ня кажучы ўжо пра экалёгію, «надзвычайку», рэгулёўшчыкаў і… і… і!..

Апэтыты ж тых, хто «спускае зьверху», растуць, рукапісныя матэрыялы ўжо грэбліва адпіхваюцца без разгляду: падавай на высокі суд толькі выкананае ў кампутарным варыянце — на дыскетах або лазэрных дысках!

Каб хаця неяк утрымацца ў шэрагах тых, хто ідзе ў нагу, школы ўсё часьцей міжволі шлюць насьпех зробленае, адчапное, падчас нявычытанае, бездапаможнае, а то і прымітыўнае, паказваючы наглядна, як добрая ідэя можа

з-за перакосу-перабору прывесьці да вынікаў, адваротных чаканым.

— Божа! Калі ўжо гэтая вайна скончыцца! — гэты стогн гучыць ужо шматгалосым хорам з вуснаў пэдагогаў-арганізатараў, якім лёс наканаваў стаяць на перадавой бюракратычна-ідэалягічнага фронту ў змаганьні са здаровым сэнсам.

Штабіст, Верхнядзьвінск

Мілавідзская бітва

У нядзелю 22 траўня ў вёсцы Мілавіды Баранавіцкага раёну адзначылі ўгодкі бітвы 1863 году. Прадстаўнікі палітычных партый, грамадзкіх аб’яднаньняў і проста патрыёты з Баранавіч нанялі аўтобус ды паехалі на месца бою.

142 гады таму на полі пад Мілавідамі адбыўся бой паўстанцаў Каліноўскага з расейскімі карнікамі. Паўстанцы стрымалі ўсе атакі.

У 70-х ХХ стагодзьдзя Мілавідзкая бітва азвалася. Пілуючы ў крывошынскім лесе дуб, сяляне знайшлі ў дупле чалавечыя парэшткі са стрэльбаю.

У 1913 г. расейскія улады паставілі наўзбоч дарогі, што падзяляе поле бітвы, праваслаўны мураваны крыж загінулым царскім жаўнерам. У 1930-х гадах польскі ўрад збудаваў насупраць крыжа каталіцкую каплічку. Беларусы ўсталявалі памятны камень непадалёк ад іх ў 90-х гадах. У 2003-м 140-я ўгодкі бітвы згадаў у сваёй дырэктыве нават Берасьцейскі аблвыканкам. Сёлета ўсё адбывалася на грамадзкіх пачатках. Кіроўцы машын зьдзіўлена ўглядаліся на 50 чалавек пад нацыянальнымі сьцягамі, што ўскладалі кветкі да тых помнікаў. Потым ля каталіцкай капліцы ўніяцкі сьвятар адправіў набажэнства па загінулых.

Руслан Равяка, Баранавічы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0