У Марыны Багдановіч канфіскавалі маёмасьць — ад фэна да кампутара, які належаў яе дзесяцігадовай дачцэ. Тэлевізар ласкава пакінулі.

Судовы выканаўца шрайбае левай рукой акт канфіскацыі. Зьверху на яго паглядае з іконы Хрыстос, паказваючы на палаючае сэрца ў грудзёх. Горача. За вакном у «ПАЗіку» прэюць амапаўцы. Відаць, баяцца чарговага мітынгу: Марына Багдановіч атрымала штраф 200 базавых велічынь (каля 2,5 тыс. даляраў) за ўдзел у прадпрымальніцкай акцыі пратэсту ў Менску 1 сакавіка.

— Марына Мартаўна, можна шклянку прыбраць? — выгуквае, не падымаючы галавы, выканаўца.

— Вам папіць прынесьці? — пытаецца сп.Багдановіч, прымаючы са стала кубак зь недапітым сокам.

— Не-не, ня трэба! — разам адказваюць выканаўца ды прадстаўнік фірмы ААТ «АСіТ», які сумуе побач на зэдліку. «АСіТ» спэцыялізуецца на вывазе, ацэнцы ды продажы канфіскаванай маёмасьці.

— Мая прысутнасьць абавязковая? — пытаецца гаспадыня кватэры, прапускаючы ў дзьверы грузчыкаў фірмы.

— Вядома, — адказвае выканаўца. — Каб вы потым не сказалі, што мы ў вас усё забралі. У сэнсе, што забралі больш, чым трэба. І ня пстрыкайце за сьпінай! — незадаволена кідае ён праз плячо фотарэпартэрам.

— Дык вас у твар здымаць? — гучыць у адказ.

Грузчыкі пачынаюць вызваляць паліцу ад кнігаў. Марына перадае іх дачцэ Марусі, якая кладзе кнігі ў стосы на падлогу ў іншым пакоі. На адной з паліцаў — некалькі дзясяткаў асобнікаў «Выпадковага прэзыдэнта». Гаспадыня прэзэнтуе іх усім прысутным, але афіцыйныя асобы ад падарункаў адмаўляюцца і нэрвова просяць яе прыбраць кнігу са стала, на якім ляжыць пратакол.

— Ну што тут такая цішыня, як на хаўтурах? — весяліць прысутных Марына. Радаснага, вядома, мала, але ў гаспадыні неяк атрымліваецца стварыць лёгкую атмасфэру, нібыта тое, што адбываецца — не канфіскацыя, а пераезд. Пілікае тэлефон.

— Ды не, госьці прыйшлі, усе сядзяць, і Юлька, і Наташа, і хлопчыкі нашыя ўсе, — кажа ў слухаўку сп.Багдановіч. — Так, яны таксама тут. Не, і яны добрыя людзі. Доўга казаць ня буду, тэлефон таксама канфіскуюць, зараз аддаваць трэба. Шампанскае? Не, ад шампанскага адмовіліся.

— Ці мо ўсё-такі шампанскага? — пытаецца Марына. — Прабачце, хлопцы, францускага няма, толькі савецкае.

Тыя не паддаюцца спакусе, і працягваюць рабіць сваю справу. Марына Багдановіч перадае судоваму выканаўцу мабільны тэлефон.

— Сім-карту я дастану, гэта мая ўласнасьць, а вось батарэйку вяртаю назад. І яшчэ зараднае прыстасаваньне.

— Прыемна з вамі размаўляць, — мякчэе судовы выканаўца. — Ня буду лезьці ў тэлефон, а то потым скажаце, што зламаў! — няўклюдна жартуе ён.

— Не скажу, — сур’ёзна адказвае Марына.

Маруся выцірае анучкай падлогу там, дзе стаяла паліца.

З прадметаў раскошы застаўся, бадай што, толькі тэлевізар — закон дазваляе сям’і пакінуць сабе адну тэлескрыню. Не пазбаўляць жа людзей крыніцы аб’ектыўнай інфармацыі! Такім чынам, у Марыны Багдановіч забралі мабільны тэлефон, электрафэн, чайнік, прас, тостэр, фотаапарат, відэамагнітафон (Марына адмыслова адшукала дрот ад яго ў іншым пакоі), магнітафон, маленькі музычны цэнтар (на ім Марына з дачкой звычайна перад сном уключалі музыку), Марусін кампутар з прынтэрам ды кніжныя паліцы, якія ледзьве вынесьлі ў дзьверы. Усё далёка ня новае. Брыльянтаў ды чамаданаў з грашыма ў небагата абстаўленай кватэры спадарыні Багдановіч ня выявілася.

— Прас — няхай, але самае кепскае тое, што фэн забіраюць — як цяпер валасы сушыць? — разводзіць рукамі Марына Багдановіч.

Візітэры разьвітваюцца з гаспадыняй кватэры не сябрамі і ня ворагамі. Адчуваецца няёмкасьць сытуацыі.

— Я мяркую аб людзях па галоўным — па іх прафэсіяналізьме, — супакойвае пачуцьці канфіскатараў Марына. «Госьці» сыходзяць.

— Ну чаго ты? Нічога страшнага няма, — выцірае Марына Багдановіч сьлязінкі з вачэй дачкі, прытуляючы яе да грудзей.

Выкупіце рэчы Марыны

Рэчы Марыны Багдановіч будуць выстаўленыя на продаж у краме канфіскату на вул.Купрыянава, 4. Іх можна выкупіць і вярнуць гаспадыні. Тэлефон сядзібы Аб’яднанай грамадзянскай партыі 283-16-41.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0