Трагедыя ў Конга
Стала вядома імя пілота, што загінуў на тым тыдні ў авіякатастрофе ў Конга. Гэта — Аляксандар Амельчанка, 1972 г. н., які раней працаваў у авіякампаніі “Горадня”. Самалёт АН-12 вылецеў з гораду Гома 25 траўня, а потым раптоўна зьнік з экранаў радараў. Празь нейкі час міністэрства абароны Конга пацьвердзіла авіякатастрофу. На борце самалёта знаходзілася 22 пасажыры і пяць членаў экіпажу — чацьвёра расейцаў і ўкраінцаў і адзін беларус. Усе загінулі. Нагадаем, што ў сакавіку ў Танзаніі разьбіўся транспартны самалёт ІЛ-76 з шасьцю пілотамі-беларусамі.
Новыя патрабаваньні да юрыдычных ВНУ
Мінюст зробіць больш жорсткімі патрабаваньні да юрыдычных ВНУ. Робіцца гэта ў мэтах удасканаленьня якасьці падрыхтоўкі юрыдычных кадраў. Так, паводле патрабаваньняў Мінюсту, у такіх ВНУ на адпаведных спэцыяльнасьцях павінны працаваць ня менш за 10% дактароў юрыдычных навук і прафэсараў, 50% кандыдатаў юрыдычных навук і 40% выкладчыкаў, што маюць навуковую ступень. Апроч таго, выкладчыкі, што навучаюць студэнтаў па спэцыяльнасьці “права”, павінны мець ня менш за тры гады стажу па спэцыяльнасьці.
Як паскардзіцца на мытніка
Дзяржаўны мытны камітэт заклікаў грамадзян інфармаваць аб выпадках парушэньняў прафэсійнай этыкі мытнікамі пры ажыцьцяўленьні мытнага кантролю, а таксама фактах мытных парушэньняў (кантрабанда, няправільнае дэкляраваньне, ухіленьне ад выплаты мытных плацяжоў). Пра ўсе факты паведамляць на нумар 218-92-92, альбо на e-mail: [email protected]
Перамога БХК
Касацыйная калегія Вышэйшага гаспадарчага суду 1 чэрвеня пацьвердзіла рацыю РГА “Беларускі Хэльсынскі камітэт” у канфлікце з падатковай службай. ВГС адхіліў касацыйную скаргу інспэкцыі Маскоўскага раёну сталіцы Міністэрства па падатках і зборах, пакінуўшы ў сіле рашэньне гаспадарчага суду Менску, які пацьвердзіў законнасьць дзеяньняў БХК у рамках праграмы TACIS.
Літоўскія візы патаньнеюць
У найбліжэйшы час будзе прынята рашэньне пра зьмяншэньне цэнаў на візы для грамадзянаў Беларусі і Літвы. Паводле беларускіх крыніц, аднаразовая складзе 5 эўра, паводле літоўскага МЗС — ня болей за 10 эўра.
300 тыс. за Мунка
Улады Осла абяцаюць узнагароджаньне $300 тыс. за зьвесткі аб скрадзеных у мінулым жніўні карцінаў Эдварда Мунка — “Крык” і “Мадонна”. У заяве паліцыі гаворыцца пра тое, што грошы выплацяць пасьля таго, як палотны будуць знойдзеныя, а экспэрты пацьвердзяць іх сапраўднасьць.
АГ, БелаПАН, afn.by, “Рэха Масквы”.