Нацыяналізацыя цэмэнтавага заводу

Доля дзяржавы ў статутным фондзе ААТ “Краснасельскбудматэрыялы” будзе павышаная да 70%. Гэтае прадпрыемства — найбуйнейшы ў краіне вытворца цэмэнту. Але нават рост вытворчасьці ў сярэднім на 10—13% у параўнаньні зь мінулым годам не дазволіў заводу разьлічыцца з даўгамі. Запазычанасьць па плацяжах у бюджэт “Краснасельск-будматэрыялы” пакрые 476 267 633 сваімі акцыямі на агульную суму больш за 13,8 млрд рублёў.

Крызіс «Гарызонту»

Флягман беларускай прамысловасьці, менскі завод “Гарызонт” за апошнія два месяцы рэзка зьменшыў аб’ёмы продажаў. Тэлевізары, якія сабраныя на галоўнай пляцоўцы на вул. Чырвонай, ужо няма куды ставіць. У Расею, галоўны рынак збыту прадукцыі, з пачатку траўня пайшло толькі некалькі фур. Аванс работнікам “Гарызонту” не выдаецца, а заробак апошнія два месяцы яны атрымліваюць са спазьненьнем.

Лом на экспарт

Шэраг буйных прадпрыемстваў атрымалі права экспартаваць лом і адкіды чорных і каляровых мэталаў без пасрэдніка. Шчасьліўчыкамі сталі гандлёвы дом канцэрну “Белрэсурсы”, МТЗ, МАЗ, БелАЗ і Менскі маторны завод. Грошы, атрыманыя ад продажу адкідаў, давядзецца накіраваць на набыцьцё новага абсталяваньня для мэталаапрацоўкі. Раней увесь экспарт зьдзяйсьняўся праз аднаго пасярэдніка — ТАА “Свкортранзыт”, якое ўваходзіць у склад прадпрыемства “Беларускія другасныя рэсурсы”.

Печы на гарызонце

1 чэрвеня “Гарызонт” распачаў зборку мікрахвалевых печаў. Вытворчасьць разьмясьцілася на заводзе “Беліт” у Паставах. Калі прадпрыемства разгорнецца на поўную магутнасьць, у год будуць вырабляць паўмільёна печаў. Пра цану мікрахвалёвак пакуль нічога не вядома — на заводзе кажуць толькі, што яны складуць канкурэнцыю замежным аналягам.

Кантрольныя налепкі

У хуткім часе ўсе CD ды пакункі з гарбатай павінны будуць мець адмысловую маркіроўку — налепкі, падобныя да тых, якія клеяць на бутэлькі зь півам. Такім чынам урад спрабуе змагацца зь ценявым імпартам ды павысіць прыток адлічэньняў ПДВ з тавараў, што трапляюць у краіну празь мяжу з Расеяй. Увядзеньне абавязковай маркіроўкі піва ды алівы кантрольнымі знакамі ўжо павысіла паступленьні ак-цызных збораў у 3—4 разы.

Зноў зьніжэньне стаўкі

Чацьверты раз сёлета Нацбанк зьніжае стаўку рэфінансаваньня. З 1 чэрвеня яна складае 13% гадавых. Кіраўніцтва галоўнага банку краіны тлумачыць гэта запаволеньнем інфляцыі: сёлета за студзень—красавік цэны падняліся ў сярэднім на 3,2%, а летась за такі самы пэрыяд — на 6,3%.

Беларускі флёт

Айчынны марскі флёт будзе прыпісаны да Клайпеды. Пра гэта гаварылі ў аўторак на прэс-канфэрэнцыі ў Менску намесьніка міністра транспарту і камунікацый Уладзімера Ўласеня. Па словах чыноўніка, Беларусь вяла перамовы з Украінай, Літвой, Польшчай. Выбралі Літву — Клайпедзкі порт бліжэй за іншыя ды не замярзае ўзімку. Цяпер застаецца прыдбаць як мінімум два марскія судны — адно грузазьмяш-чальнасьцю 30 тон, другое — 3—6 тон. Кошт судна — $25—30 млн. Каралёў акіяну набудуць за кошт крэдытаў беларускіх банкаў.

АФН, «Інтэрфакс», АК, «Белорусская деловая газета»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0