Да дзясятай гадавіны акцыі «Дзеці хлусьні вяртаюцца». Першы мэмуарны вопыт Лёліка Ушкіна.

Калі б у пачатку вясны 1995-га нехта сказаў, што на дварэ апошняя вясна беларускай дэмакратыі, я б вырашыў, што мой візаві атруціўся палёнкай «Раялю». Гэты сьпіртавы сурагат прадаваўся ў той час у кожным камку сталіцы.

Якая дыктатура? У Менску працавалі ажно шэсьць рок-клюбаў, мы, born in USSR, адкрывалі для сябе сьвет (у красавіку я аўтастопам схадзіў у Парыж), апазыцыйная «Свабода» брала плянку паўсотні тысяч асобнікаў, «рэваншысты» Адамовіча ладзілі шэсьці з паходнямі… Нарэшце, у краіне адбываліся сапраўды вольныя выбары ў Вярхоўны Савет.

Дух часу

Тое, што яны былі супэрвольныя, сьведчыла перадвыбарная кампанія, у якую аўтар быў ангажаваны. Нашым кандыдатам быў студэнт філфаку Ігар Б. Ігар быў культавай асобай таму, што празь перадоз алькаголю ўвесь час трапляў у нейкія камічныя сытуацыі. Памятаю, аднойчы ў рамках пэдпрактыкі ён з бадуну прымусіў вучняў спрагаць дзеяслоў «выпадкова».

Мы, група студэнтаў філфаку і гістфаку, вырашылі зрабіць рэмэйк перадвыбарнай кампаніі «Памяркоўнай партыі прагрэсу ў рамках закону» (ПППРЗ) Яраслава Гашака. Той самай ПППРЗ, якая абяцала ў выпадку перамогі забясьпечыць кожнага чэха кішэнным акварыюмам. Разьвялі на грошы адну трацкісцкую тэндэнцыю з Аргентыны, і кампанія Ігара стартавала. Карыстаючыся тым, што наш кандыдат быў самым малодшым кандыдатам у дэпутаты ВС у краіне, мы лёгка выклікалі зацікаўленасьць СМІ і сьцябаліся, як дзеці: наш кандыдат выступаў за беларускую акупацыю Антарктыды і генацыд усіх тамтэйшых пінгвінаў, перафарбоўку будынку БДУ ў аранжавы колер; 1 красавіка мы пікетавалі стаматалягічны кабінэт у дворыку БДУ ў знак пратэсту супраць павышэння цэн на прыгарадныя цягнікі… Кульмінацыяй кампаніі стала піўная дуэль з адным зь лідэраў «Партыі аматараў піва» (ПАП) Рамашэўскім. Борман — пад такой мянушкай Рамашэўскага ведаў увесь айчынны андэрграўнд — быў канкурэнтам па нашай акрузе.

Праз сваю знаёмую я ціскануў на старонках «Знамени юности» адкрыты ліст да кандыдата ПАП. Тупы эпісталярны наезд, у якім даводзілася, што сябры ПАП — ня знаўцы піва, а прымітыўныя грызуны, якія нічога не разумеюць у ячменных злаках. Узьніклыя электаральныя супярэчнасьці прапаноўвалася вырашыць у фармаце піўной дуэлі па прынцыпе: «Хто меней вып’е, той здымае кандыдатуру». Борман, у якога вадзіліся грошы, павёўся. Гістарычная дуэль за кошт партыйнай касы ПАП адбылася ў сучасным «Старым рэчышчы» (тады гэта быў клясычны піўняк).

Натуральна, мы прадулі, затое на халяву выпілі 20 куфляў піва. Шчыра кажучы, мы б у любым выпадку прайгралі. Падчас збору подпісаў нас зацягнула дрыгва таннай папулярнасьці. Зьбіраючы подпісы па інтэрнатах, наш team рэгулярна натыкаўся на студэнцкія фэсты. Калі іх арганізатары чулі, што перад імі кандыдат і яго давераныя асобы, нас адразу клікалі за стол. На гэтым збор подпісаў заканчваўся. У выніку замест неабходных трохсот мы ледзь-ледзь накалупалі 150. Аднак тонус у нас быў проста цудоўны.

Эпізод зь Лімонавым

Ніякага нацыянальнага імпэту ў мяне тады не было, і на той час уся мая палітычная актыўнасць будавалася згодна з формулай «Se faire plaisir». Калі ў сьнежні 1994-га нацыяналісты атакавалі палац культуры «Сукно», дзе Лімонаў і Дугін павінны былі нешта прагружаць пра эўразійскую мэнтальнасьць, я знаходзіўся ў пакойчыку з нацболамі. Нашу інтэлектуальную палеміку наконт апошніх трактовак Эволы абламаў акрываўлены С., адзін зь лідэраў беларускай НБП.

«Бээнэфаўцы, — адрапартаваў ён, — прарвалі апошні кардон — шкляныя дзьверы — і, калі мы ня звалім, арганізуюць над намі паказальны суд Лінча». «Лёлік, давай з намі», — сказаў С., скачучы праз акно. Раней туды ўжо сіганулі Дугін і Лімонаў. «На фіга», — сказаў я і сьмела выйшаў насустрач нацыяналістычнаму натоўпу. Пагромшчыкаў узначальваў Славамір Адамовіч. «Лёлік, — спытаў ён, — ты Лімонава ня бачыў?» «Не», — адказаў я і пайшоў вонкі, прыхапіўшы з сабой трафэй — нацболаўскі магнітафон.

Вяртаньне анархістаў у рэальнасьць

У разгар усёй гэтай весялухі, недзе ў красавіку, звонку пачалі надыходзіць дзіўныя і незразумелыя навіны — спачатку ініцыяваньне рэфэрэндуму, потым зьбіцьцё дэпутатаў ад апазыцыі, потым фільм «Дзеці хлусьні», нарэшце сам плебісцыт. Канчатковае вяртаньне ў рэальнасьць адбылося на другі-трэці дзень пасьля рэфэрэндуму, калі я прыйшоў на сваю альма матэр — гістарычны факультэт.

Трэба адзначыць, што тады гэта быў супэрфакультэт. І рэч ня ў тым, што ў буфэце там прадавалася «Старажытнае». На пачатку 1990-х дыплём гісторыка ужо не гарантаваў кар’еры па лініі КПСС, таму сюды ішлі або поўныя даўны, якія не маглі атрымаць статус індывідуальнага прадпрымальніка і вазіць шырспажыў у Польшчу, або сапраўды фанаты гісторыі.

Трэба нешта рабіць

Будынак гістфаку пасьля рэфэрэндуму нагадваў філіял Навінак, дзе косяць ад войска, сымулюючы muttering delirium (ціхія крэйзі). Выкладчыкі і студэнты рухаліся, быццам фантомы. Час ад часу нехта казаў, што яшчэ ня ўсё страчана, ёсьць Канстытуцыйны суд і г.д. Пасьля зноў панавала маўчаньне.

Я не зразумеў агульнага смутку, пакуль праз пару дзён мне ня трапіла ў рукі «Народная газета» з артыкулам аб тым, як Ціцянкоў разадраў бел-чырвона-белы сьцяг. Тут у мяне ўнутры нешта заварушылася.

Пры ўсім маім цынізьме выхадка Ціцянкова — гэта было ўжо занадта. Я зьбег на першы паверх, дзе знаходзіўся інтэрнатаўскі штаб «сьвядомых». Заўсёды ў інтэрнаце ёсьць людзі, якія шануюць беларушчыну і трымаюцца разам. У «капейцы» такімі людзьмі былі Юра, Максім і Вадзік. Акрамя таго, у той час у іх пакоі знаходзілася Вераніка, дачка вядомага беларускага мастака. «Слухайце, — сказаў я, — чаму вы маўчыце? Трэба нешта рабіць!» Пачалі думаць, што рабіць. Вырашылі хадзіць, быццам вязьні, вакол прэзыдэнцкага палацу, дэманструючы таталітарную сутнасьць новага рэжыму. Зрабілі тузін улётак, якія разьвесілі на гістфаку і над шапікам ТБМ (быў такі тады на праспэкце ля Нацбанку).

ККД нашага піяру аказаўся нулявы. У прызначаны час каля рэзыдэнцыі тусаваліся пад дзясятак перцаў. Тупа пастаяўшы, вырашылі рабіць новую акцыю праз пару дзён. Па дапамогу пайшлі ў ЗБС — якое тады было полюсам усёй палітычнай актыўнасьці ва ўнівэры.

У ЗБС была каморка на Бабруйскай. Памятаю, увечары мы сядзелі і ў аўтарскіх пакутах раджалі тэкст «праклямацыі». Ідэю даў Ігар Т., прыгадаўшы нашумелы азаронкаўскі блёкбастэр «Дзеці хлусьні». Адразу нарадзілася назва: «Дзеці хлусьні вяртаюцца». Улётку запусьцілі ў друк.

24 траўня а палове на першую, калі я выйшаў з «нацыяналкі», каля гістфаку стаяў нефіговы натоўп — пад 100—150 чалавек. Усе чакалі загаду, аднак буйных не назіралася. Я шчыра стрымаўся: зранку мяне адфільтраваў намдэкана і нагадаў, што ў мяне ўжо ёсьць адна адміністратыўка за восеньскі марш «Хлеб і малако».

Ты не баран

Сытуацыю выратаваў Борман і яго кампанія. Яны проста шукалі прыгод. ПАПаўцы рушылі наперад, стварыўшы першыя зьвёны ланцуга. За імі пачалі станавіцца іншыя. Узначальваў «дзяцей хлусьні» Сева К., які нёс бээсэсэраўскі штандар на фасон савецкіх жаўнераў падчас Параду Перамогі — нахіліўшы флягштокам уніз. На першым павароце я агледзеўся і афігеў. Гэта была сапраўды эфэктная супэракцыя! Празь некалькі год «Хартыя’97» зробіць яе рэмэйк, але гэта будзе ўжо калька.

Мянты бегалі вакол і ня ведалі, што рабіць. Табун журналістаў. У душы нейкае дзіўнае адчуваньне таго, што ты не баран. Нас шмат.

Здаецца, мы зрабілі два колы, і тут Рамашэўскі распачаў свой, не прадугледжаны сцэнаром, пэрформанс. Каля драмтэатру адбываўся рамонт клязэту. Тут жа стаяла выпадкова пакінутая будаўнікамі лесьвіца. Борман узьлез па ёй і ўзьняў чырвона-зялены сьцяг над дахам эМЖэ. Студэнцтва сынхронна зацягнула «Мы — беларусы…» і г.д.

Пасьля палотнішча зьнялі і перад камэрамі разарвалі на шматкі. Нехта дастаў запальнічкі і пачаў паліць тканіну. Відовішча было ня вельмі эстэтычнае, але для рэпартэрскіх камэр вельмі прывабнае. Назаўтра «Известия» разьмясьцілі фотку з акцыі на першай старонцы.

Пакуль «дзеці хлусьні» дралі палотнішча на сувэніры, мы з Ігарам пайшлі на «панікоўку». Міма ў напрамку ўнівэрсаму зь відавочнай мэтай прабег герой дня Борман.

Не пасьпеў ён зьнікнуць, як з боку тэатру намалявалася пару аўтобусаў. Адтуль паваліліся амапаўцы. Пачалася першая зачыстка ў сучаснай гісторыі Беларусі: студэнтаў ганялі па парку, зьбівалі і цягнулі ў бусы. Памятаю, як павялі Ігара Т., потым Сашу С. Асабліва эфэктна бралі Андрыеўскага. Ён заступіўся за сваю жонку, нават зьбіў амапаўца. Апошні афігеў. Андрыеўскага цягнулі аж цэлыя два дзецюкі.

Мы зь Ігарам нарэшце апрытомнелі і пачалі фляніраваць у бок Дому афіцэраў, быццам нейкія «левыя». Акурат калі аўтобусы зьехалі, зьявіўся ўласнай пэрсонай Борман. Даведаўшыся, што адбылося ў парку, ён разьвесяліўся і пабег у пастарунак атрымліваць сваю порцыю адрэналіну.

На месцы вінта стаялі нацыяналістычныя бабкі і распавядалі адна адной жахі пра амапаўскі гвалт. Мы паперліся да журналістаў у «сямёрку», дзе толькі і размоў было пра акцыю зь сьцягам. Упершыню пачалі рабіць дзіўныя рэчы — высьвятляць, каго зь сяброў узялі, хто ў якім пастарунку, што рабіць…

Праз год, у 1996-м, гэта стане абсалютнай нармальнай часткай штодзённага жыцьця. Але тады мы яшчэ ня ведалі, што 24 мая 1995 г. было першым днём супраціву дыктатуры. Калі б ведалі, мы б яўна набылі пляшку «Раялю», а так закінуліся мярзотным «Імпэрыялам» і да паловы на адзінаццатую — дэдлайн знаходжаньня ў інтэрнаце — сьпявалі пад гітару.