Ураджэнец Глыбокага Эдуард Мацюшонак жыве ў павятовым цэнтры з 1984 году. 20 год, праведзеныя ў Вялейцы, і паспрыялі напісаньню копіі. «За такі час больш пачынаеш разумець, што для цябе значаць карані, на якіх трымаецца культура. Я вельмі ганаруся, што жыву на зямлі, па якой хадзіў Сілівановіч», — кажа мастак.

Мацюшонак плянаваў прэзэнтаваць свайго «Салдата і хлопчыка» да 170-годзьдзя земляка, якое адзначалася ў сьнежні, аднак з розных прычын праца зацягнулася на паўгады. Мастак прызнае, што арыгінал, які захоў-ваецца ў Нацыянальным мастацкім музэі ў Менску, больш дасканалы па ўзроўні майстэрства. Але зрабіўшы копію, сп.Мацюшонак тым самым даў магчымасьць велейчукам бліжэй пазнаёміцца з творчасьцю выдатнага земляка. Палатно Мацюшонак падарыў мясцоваму краязнаўчаму музэю.

Сп.Эдуард спадзяецца таксама зрабіць копію славутага «Аўтапартрэту» Сілівановіча. Але карціна знаходзіцца ў Вільні, куды выехаць ня так проста. Перад вачыма вельмі важна мець арыгінал, і гэтага не заменіць ні адна рэпрадукцыя.

Эдуард Мацюшонак — адзін з тых творцаў, якіх цікавіць гісторыя. Ягоная сэрыя «Бацькаўшчына» малюе архітэктурныя помнікі, якіх больш ня ўбачыш. Яны зьнішчаныя альбо вайной, альбо саветамі.

Пры канцы сакавіка Э.Мацюшонак адкрываў пэрсанальную выставу «Дарога да Дому» ў родным Глыбокім. На малой радзіме карціны прэзэнтаваліся ўпершыню. Там сп.Мацюшонак пазнаёміўся з рэдактарам недзяржаўнай газэты «Вольнае Глыбокае» Ўладзімерам Скрабатуном. Сп.Скрабатун зьяўляецца аўтарам кнігі «Глыбокае ў паштоўках», па якой мастак змог на палотнах аднавіць некаторыя мясьціны гораду. І цяпер яны плянуюць распачаць працу над рэканструкцыяй на палатне пляцу ў Глыбокім з усімі старадаўнімі пабудовамі.

Сёньня мастак працуе над сэрыяй карцін, прысьвечаных падскарбію ВКЛ Антонію Тызенгаўзу. Сэрыя ўключыць як партрэты самога падскарбія, так і копіі карцінаў зь ягонай спадчыны. Карцінная галерэя Тызенгаўза налічвала пад 600 работ, сярод якіх палотны Рафаэля, Леанарда.

Жадаем мастаку ўсе задумы ўвасобіць у жыцьцё.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0