У чэрвені колькасць карыстальнікаў мабільнай сувязі стандарта GSM у Беларусі ўзрасла на 88 тыс. і на пачатак ліпеня перавысіла 6 млн. 314 тыс. Пра гэта сведчаць звесткі, якія прадаставілі БелаПАН аператары сотавай сувязі.

Колькасць абанентаў СТАА «Мабільныя ТэлеСістэмы» («МТС») за чэрвень узрасла на 70 тыс. і дасягнула 3 млн. 480 тыс.

Колькасць абанентаў СП ТАА «Мабільная лічбавая сувязь» (гандлёвая марка «Velcom») за мінулы месяц павялічылася на 10 тыс. — да 2 млн. 685 тыс.

Абаненцкая база аператара сотавай сувязі ЗАТ «БеСТ» перавысіла 149 тыс. Больш за 8 тыс. з іх падключыліся ў чэрвені.

Радыёпакрыццё «МТС» ахоплівае больш за 80% тэрыторыі краіны, на якой жывуць 93% насельніцтва Беларусі. У сетцы гэтага аператара працуюць 2.763 базавыя станцыі.

Зона дзеяння сеткі «Velcom» ахоплівае больш за 78,6% тэрыторыі краіны, на якой жывуць больш за 93,5% насельніцтва Беларусі (100% гарадскіх жыхароў). У сетцы «Velcom» сувязь забяспечваюць 1.923 базавыя станцыі.

Кліенты «Velcom» могуць карыстацца паслугай міжнароднага роўмінгу ў 133 краінах у сетках 244 GSM‑аператараў, кліенты «МТС» — у 129 краінах у сетках 221 GSM‑аператара.

Зона дзеяння сеткі «БеСТ» пакрывае 12,7% тэрыторыі Беларусі, на якой жывуць 48,2% насельніцтва. Колькасць дылерскіх пунктаў продажу і абслугоўвання — 241; колькасць дзейных базавых станцый — 232.

Аляксей Арэшка, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0