Гартаючы старонкі сайту «Беларускія шахматы», натрапіў на допіс пра ліпавыя шахматныя спаборніцтвы з загадзя вызначаным фіналам. Яны ладзяцца, каб даць камусьці магчымасьць павысіць рэйтынг альбо набыць міжнароднае званьне.

Аўтар сайту спасылаўся на сёлетні турнір ва Ўкраіне, прысьвечаны памяці герояў Чарнобылю. Турнір абярнуўся скандалам: шахматысты, чые імёны былі аблудна скарыстаны ў справаздачах для ФІДЭ, урэшце абверглі зьвесткі пра свой удзел у спаборніцтве. Вялікі спорт поўніцца скандаламі, і «каралеўская гульня» ня стала выняткам.

Падзеі ва Ўкраіне — адно знак часу. Не сакрэт, што лёзунг Міжнароднай шахматнай фэдэрацыі «Мы ўсе — адна сям’я» страціў колішні бляск. Мажліва, якраз зь віны тых шахматыстаў і шахматных чыноўнікаў, што прыкрываюцца аўтарытэтам «сям’і», жывучы паводле ўласных «паняцьцяў». Напрыклад, пазалетась грузінскі гросмайстар Азмайпарашвілі з дазволу партнэра вярнуў ход назад і выйграў партыю, стаўшы чэмпіёнам Эўропы. Ці дазволілі б яму судзьдзі так груба парушыць Кодэкс, каб ён не займаў пасады віцэ-прэзыдэнта ФІДЭ?

У Беларусі пра скандальныя вяртаньні хадоў не чуваць. Праўда, яшчэ з савецкіх часоў практыкуецца гульня падстаўных асоб у спаборніцтвах мясцовага ўзроўню, у прыватнасьці, калі апошнія арганізуюцца дзеля «птушачкі». Карэспандэнту «НН» — кандыдату ў майстры — у кастрычніку 2003 г. спадарыня са спорткамітэту прапаноўвала згуляць у першынстве

N-скага раёну сталіцы пад чужым прозьвішчам. Аргумэнт высоўваўся жалезны: «усе так робяць». У красавіку пад Радашкавічамі ладзілася міжунівэрсытэцкая спартакіяда (ня блытаць з агледжанай у «НН» унівэрсіядай), дзе адна з камандаў заявіла ўдзельніка, які ня меў дачыненьня да ВНУ. Пільным гульцам з БДУ ўдалося выкрыць падман і вынікі гора-шахматыста былі ануляваны.

15 гадоў таму ў Маскве да майго таварыша па беларускай дэлегацыі падышоў упэўнены чалавек з Каўказу і, не саромеючыся, паабяцаў немалую на той час суму, абы мянчук прайграў ягонаму сыну. Мікалай Аляўдзін, чэмпіён Менску 2003 і 2005 (майстар ФІДЭ, рэйтынг ЭЛА 2347), сьведчыць, што аналягічная сытуацыя здарылася зь ім летась, на мэмарыяле Верасава. Удзельнік — малады хлопец — прапаноўваў здаць партыю за грошы без пасрэднікаў. Аляўдзін адмовіўся і партыю выйграў.

Паводле М.Аляўдзіна, праблема неспартовых паводзінаў, фальсыфікацый вынікаў і выкарыстаньня адміністрацыйнага рэсурсу даволі вострая для беларускіх шахмат. Ён назваў пару прозьвішчаў, якія, на яго думку, «купілі» сабе званьні: «Усе пра іх ведаюць, але ніхто наўпрост пра штучныя пройгрышы ці пра «ліпавыя» турніры ня скажа. Можа, і ня варта выкрываць махляроў. Згуляеш з чалавекам, які «купіў» сабе рэйтынг, ён пакажа сваю сапраўдную сілу, і яго рэйтынг да цябе пяройдзе».

«У мяне такіх праблем няма», — адказаў заслужаны майстар спорту Сяргей Азараў на пытаньне пра карупцыю ў шахматах. У той жа час ён не адмаўляе, што ў апошніх турах адказных спаборніцтваў супернікі «праз стому» нярэдка расьпісваюць нічыі.

Анатоль Аліпаў, судзьдзя нацыянальнай катэгорыі, старшы трэнэр СДЮШАР-11, існаваньня «ліпавых» партый і рэйтынгаў не аспрэчвае: «Так, бывае, што шахматысты імітуюць барацьбу ці ўхіляюцца ад барацьбы, — у сям’і не бяз вырадка. Але даказаць нейкую фальсыфікацыю вельмі цяжка. Вунь Віктар Купрэйчык нядаўна ўзьняў пытаньне: ці правільна набыў званьне спадар Л.? У фэдэрацыі паглядзелі табліцы турніру, падпісаныя паважанымі расейскімі судзьдзямі, і пакінулі Л. у спакоі».

Удзельнік сёлетняй Вышэйшай лігі чэмпіянату Беларусі Павал Ламака (кандыдат у майстры спорту, ЭЛА 2409) лічыць, што сумнеўныя турніры ладзяцца скрозь і ўсюды і змагацца зь імі няма карысьці. «Каб меў грошы, я і сам бы «купіў» гросмайстарскае званьне ў Крыме або расейскім Арле».

Уладзімер Сычоў, былы старшыня падкамісіі па кампазыцыі пры Беларускай фэдэрацыі шахмат, расказаў пра тое, як гады тры таму зацьвярджалася званьне спадара М. Пры падачы дакумэнтаў у міністэрства віза старшыні была… мякка кажучы, зроблена чужымі рукамі. Справа выйшла наверх, аднак яе не раздулі, бо, як гаварылася на пасяджэньні выканкаму з удзелам Сычова, «нам не патрэбны звады». М. захаваў сваё званьне.

Выканаўчы дырэктар Беларускай фэдэрацыі шахмат Уладзімер Гінзбург кажа, што ня ведае пра спробы шахматыстаў купіць сабе тытулы, а калі штосьці і было, дык быльлём парасло. Сп.Гінзбургу пярэчыць яго калега па «Вясьнянцы» Руслана Мачалава, трэнэрка са шматгадовым стажам: «У шахматах Беларусі цяпер дужа многа бруду — як ніколі».

Міністэрства спорту і турызму на карупцыйныя зьявы пазірае праз пальцы, бо і самі шахматысты часьцяком ня бачаць вялікага ліха ў «прададзеных» партыях ды рэйтынгах. Дык ці трэба ламаць дзіды? Мяркую, што трэба. Пацярпелымі праз хітрыкі дзялкоў аказваюцца аматары шахмат, якія ахвяруюць часам і грашыма, спадзеючыся ўбачыць сапраўдную гульню, спартовыя арганізатары, якім становіцца ўсё цяжэй знаходзіць спонсараў нават на сумленныя спаборніцтвы, і ў канчатковым пляне самі спартсмэны. Да таго ж і артыкулаў Крымінальнага кодэксу аб подкупе і махлярстве ніхто яшчэ не скасоўваў.

Вольф Рубінчык,

[email protected]

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0