Французы аддалі перавагу “Эўропе Айчын” перад “Злучанымі Штатамі Эўропы”. Гэта прыпыніць паглыбленьне эўраінтэграцыі. Але павысіць шанцы Беларусі далучыцца да эўрасупольнасьці без абмежаваньня сувэрэнітэту.

Камэнтуе Сяржук Вінаградаў.

У гэтай краіне нешта ёсьць. Мілагучная мова, даўнія дэмакратычныя традыцыі, культура, прасякнутая любоўю да жыцьця… А яшчэ гэтая прывабная схільнасьць французаў да палітычнае шчырасьці і радыкальных закалотаў, здольных на дзесяцігодзьдзі вызначыць будучыню сьвету. Тое, што францускае “non” на рэфэрэндуме па новай эўраканстытуцыі азначае паварот у эўрапейскай палітыцы, сумневаў не выклікае. Ідэя стварэньня эўрафэдэрацыі пахаваная адной з краін-заснавальніц і лідэраў Эўразьвязу. Правал рэфэрэндуму ў любой іншай краіне ня быў бы такім бясспрэчным і лёсавызначальным. Але тое, што новы віток эўраінтэграцыі быў спынены менавіта ў Францыі, ставіць пад сумнеў ідэю стварэньня эўрафэдэрацыі. Нягледзячы на ўсе ўгаворваньні і застрашэньні з боку мясцовых і замежных палітыкаў, французы адхілілі ідэю эўразвышдзяржавы. За гэтую прынцыповасьць — дзякуй, Францыя.

Эўропа — так, інтэграцыя — не

На францускім рэфэрэндуме перамагла Эўропа. Таму што паглыбленьне эўраінтэграцыі супярэчыць інтарэсам эўрапейцаў. З колішняе ідэі вольнага рынку тавараў і паслуг вырас бюракратычны монстар, галоўная мэта якога — апраўданьне ўласнага існаваньня.

Зірнем на стратэгічнае бачаньне Эўропы эўраінтэгратарамі. Адзін з галоўных іх праектаў — гарманізацыя падатковага заканадаўства, чытай — уніфікацыя падатковых ставак, што для Ўсходу азначае непазьбежнае павышэньне падаткаў, а для ўсяе Эўропы — яшчэ менш канкурэнцыі і вольнага рынку. За гэтым праектам хаваецца пратэкцыянісцкі плян старое Эўропы абмежаваць перавагу эканамічных мадэляў новых сяброў Эўразьвязу. Яшчэ адзін плян — стварэньне асобнага войска Эўразьвязу, якое азначала б для асобных краін альбо выхад з NATO, альбо паралельнае існаваньне дзьвюх незалежных вайсковых структур. Затое ў пляны эўраінтэгратараў не ўваходзіць скасаваньне агульнае сельскагаспадарчае палітыкі, якая штогод зьядае амаль палову эўрабюджэту (каля 40 млрд эўра!) ды змушае спажыўцоў ад Партугаліі да Эстоніі плаціць падвойныя цэны ў супэрмаркетах.

Адказы на пытаньні

Але ж шкода глыбейшае эўраінтэграцыі палягае таксама ў адсоўваньні на другі плян надзённых праблем кантынэнту. Такіх, напрыклад, як павольнае, але няўхільнае кананьне нямецкае эканомікі — колішняга лякаматыву Эўропы. Або безнадзейная адарванасьць францускае палітычнае эліты ад свайго народу. Або няздольнасьць Польшчы справіцца з карупцыяй. Або нежаданьне італьянцаў мець дзяцей. Сур’ёзныя праблемы, якія вымагаюць глыбокага аналізу, высілкаў сацыяльных эліт канкрэтных краін, рашучага палітычнага лідэрства, а галоўнае — задзейнічаньня дэмакратычных мэханізмаў рэпрэзэнтатыўнае ўлады. Ці дапаможа далейшая эўраінтэграцыя вырашыць гэтыя праблемы? Наўрад ці. Хутчэй, яна яшчэ далей схавае палітычную адказнасьць за няўцямнымі структурамі і бюракратычнымі лябірынтамі. Вынік — адчужэньне ўлады, апатыя выбаршчыкаў і заняпад дэмакратыі. Такім чынам, паглыбленьне эўраінтэграцыі азначае адмову ад падставовых прынцыпаў дэмакратыі і вольнага рынку — таго падмурку, на якім паўстала сучасная Эўропа. Становячыся на шлях стварэньня супэрдзяржавы, Эўропа здраджвае сабе.

Будучыня — за вольнай асацыяцыяй

Але што ж зьяўляецца альтэрнатывай эўрафэдэрацыі? Ці магчыма прывесьці інтарэсы двух тузінаў малых і вялікіх краін да агульнага назоўніка? І ці магчыма знайсьці залатую сярэдзіну паміж прыватным і агульным? Францускі рэфэрэндум змушае да пошукаў больш эфэктыўных мадэляў эўрапейскага супрацоўніцтва. Адной з такіх мадэляў бачыцца канцэпцыя вольнае асацыяцыі краін, кожная зь якіх захоўвае свой сувэрэнітэт, але бярэ на сябе абавязацельствы прытрымлівацца агульных палітычных і эканамічных прынцыпаў. Гэткая ідэя грунтуецца на прынцыпе “Эўропы Айчын”, дзе ўзьнікненьне новае эўрапейскае ідэнтычнасьці не супярэчыць захаваньню ідэнтычнасьцяў нацыянальных. Такая структура прадугледжвала б больш гнуткія мэханізмы прыняцьця рашэньняў на падставе добраахвотнасьці (мадэль Эўразоны), а таксама розныя альтэрнатыўныя мадэлі сяброўства для новых краін. Вось у гэткай эўраасацыяцыі і знойдзе будучыню вольная Беларусь.

Беларусь у Эўропе Айчын

Пытаньне, ці трэба Беларусі інтэгравацца ў Эўропу, насамрэч не вымагае дыскусіі, бо мае станоўчы адказ. Іншая рэч — шляхі беларуска-эўрапейскае інтэграцыі і магчымасьці яе паскарэньня. У гэтым сэнсе францускі рэфэрэндум дорыць беларусам надзею на адносна хуткае вяртаньне ў эўрапейскі дом. Так ці інакш, пры спрыяльным зьбегу палітычных акалічнасьцяў уваходжаньне Беларусі ў эўраструктуры адбудзецца не раней як праз восем-дзесяць год. Цалкам магчыма, што Беларусь як новая эўрапейская дэмакратыя будзе стаяць поруч з Украінай. Такім тандэмам лягчэй весьці перамовы з эўраструктурамі і заяўляць пра свае інтарэсы. Відавочна, што шанцы Беларусі і Ўкраіны ўвайсьці ў эўрафэдэрацыю ўсялякага тыпу былі б мінімальныя. Старая Эўропа асьцерагалася б значных геапалітычных зрухаў празь вялікія памеры Ўкраіны. З другога боку, больш вольная эўраасацыяцыя дае Беларусі шанц на ўваходжаньне ў супольны рынак, бязьвізавы рэжым з усімі краінамі Эўропы і ўраўнаваньне правоў беларусаў з правамі грамадзян іншых эўрапейскіх краін — якраз тое, што зьяўляецца найпільнейшай неабходнасьцю для будучага разьвіцьця Беларусі. Яшчэ болей павысіць шанцы на ўваходжаньне Беларусі ў эўраструктуры можа рэалізацыя мадэлі так званага “прывілеяванага партнэрства” (privilegierte Partnerschaft), якая прапануецца нямецкімі кансэрватарамі для Турцыі. Такая мадэль палегчыла б згоду Эўразьвязу на беларускую прысутнасьць, а таксама вызваліла б Беларусь ад неабходнасьці рэзкага абмежаваньня ўласнага сувэрэнітэту. Што ж да поўнае інтэграцыі Беларусі ў Эўразьвяз, то гэта не зьяўляецца бясспрэчна рэальнай і мэтазгоднай мадэльлю і адносіцца, хутчэй, да гіпатэтычных сцэнароў. Такім чынам, распрацоўка рэальнае мадэлі эўрапейска-беларускага супрацоўніцтва — адна з галоўных задач беларускае сацыяльна-палітычнае думкі на бліжэйшае дзесяцігодзьдзе.

Цьвёрдае францускае “non”

тарыя багатыя сябры ЭЗ падазраюць, што іх аб’ядаюць новыя бедныя сваякі. Тыя, наадварот, лічаць, што іх эксплюатуюць. Хіба можа і адно, і другое быць праўдай? А можа, і адных, і другіх доіць магутная каста эўрачыноўнікаў, адмыслоўцаў пераразьмеркаваньня?

Што такое “Эўропа”? Транснацыянальная карпарацыя або супольнасьць нацый, зьвязаных супольнай гісторыяй і культурай? Агульнай рэлігіяй, між іншым? Пытаньне, на якое давядзецца даваць канкрэтны адказ ня толькі грамадзянам краін ЭЗ, але і тым беларусам, які прагнуць “вяртаньня ў Эўропу”, але надзвычай цьмяна ўяўляюць, якая канкрэтна Эўропа маецца на ўвазе.

Вядома, ня варта крычаць “Vive la France!”. Пры любым выніку рэфэрэндуму гэтая краіна засталася б надзвычай далёкай ад Беларусі. Аднак варта cтрымана падзякаваць французам за халодны душ, які выліўся ня толькі на галовы брусэльскіх чыноўнікаў. Цяпер і нашым нацыяналістам-летуценьнікам давядзецца рэвізаваць свае ілюзіі наконт “аб’ектыўна-заканамернага” працэсу зьліцьця ўсіх эўрапейскіх народаў у адну звышдзяржаву, месца ў якой нібыта гарантаванае Беларусі самой хадой гісторыі. Французы галасавалі супраць нас, супраць палякаў і ўкраінцаў. Яны нам не давяраюць і маюць на гэта поўнае права. У нас больш няма падстаў падманваць сябе, быццам заходняя паліткарэктная ветлівасьць тоесная прызнаньню паўнавартаснасьці нашай культуры. Сваю роднасьць з Эўропай мы зможам давесьці, толькі цяжка працуючы над сабой.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0