Дэпутат Сяргей Касьцян як захавальнік сусьветных эўгеністычных традыцый.

Першынство ў заканадаўчым замацаваньні прымусовай стэрылізацыі трымаюць ЗША. У 1920-я гады ў некаторых штатах прынялі законы, якія дазвалялі рабіць апэрацыі па штучным абясплоджваньні бяз згоды пацыента. Скіраваны тыя законы былі, у першую чаргу, супраць малазабясьпечаных імігрантаў. Паводле ацэнак некаторых дасьледчыкаў, да канца другой сусьветнай вайны ў Амэрыцы было праведзена каля 50 тысяч прымусовых стэрылізацый. Але найбольшыя пытаньні выклікае зусім недалёкае мінулае, асабліва кампанія па стэрылізацыі індзейскіх жанчын у 1972—1976 гадах. Праўда, гэта была не дзяржаўная палітыка, а шчыраваньні эўгеністаў, што знаходзіліся ў кіраўніцтве Службы мэдычнай дапамогі індзейцам і маглі ўплываць на яе палітыку. Паводле самых пэсымістычных меркаваньняў, стэрылізавана было больш за 40% індыянак. ЗША ўвогуле ўражваюць размахам стэрылізацыі — у 2002 г. каля 27% амэрыканак, якія карыстаюцца кантрацэптывамі, выбралі менавіта апэрацыю, якая зрабіла іх штучна бясплоднымі.

Карычневыя павевы пачатку 1930-х далі новы штуршок аматарам прымусовай стэрылізацыі. Законы, якія яе дазвалялі, былі прынятыя ў Даніі (1929), Швэцыі і Нарвэгіі (1934), Фінляндыі (1935) і Эстоніі (1936). Сама далей пайшла нацысцкая Нямеччына, дзе адпаведны закон быў прыняты ў 1933 г. Прымусовай стэрылізацыі падлягалі людзі з псыхічнымі захворваньнямі, фізічнымі недахопамі і хранічныя алькаголікі. Да 1945 г. былі пазбаўлены фізіялягічнай магчымасьці мець дзяцей пад 400 тысяч жыхароў Нямеччыны, пяць тысяч памерлі празь няўдала зробленыя апэрацыі. Гэта была ўжо «расавая гігіена», пастаўленая на канвэер.

Але стэрылізацыя ня скончылася з падзеньнем нацысцкага рэжыму. Толькі ў 1976 г. швэдзкі парлямэнт адмяніў закон пра прымусовую стэрылізацыю, прыняты ў 1934 г. За без малога паўстагодзьдзя пасьпелі стэрылізаваць 63 тысячы чалавек. У 9% выпадкаў факт гвалту быў даказаны дакумэнтальна, у 24% ёсьць падазрэньні на тое, што меў месца прымус. У 10% выпадкаў на пацыентаў зьдзяйсьнялі псыхалягічны ціск. Стэрылізавалі ў першую чаргу разумова адсталых. Адпаведная справаздача, якую падрыхтавала ўрадавая камісія ў 2000 г., мела неймаверны розгалас.

Прымусовай стэрылізацыяй ня грэбавалі і ў іншых краінах. У Японіі ў 1948 г. быў прыняты закон, які дазваляў як добраахвотна, так і прымусова стэрылізаваць людзей, якія мелі магчымасьць перадаць дзецям генэтычныя хваробы. У 1996 г. ён быў адменены. Шмат гаворыцца і пра прымусовую стэрылізацыю ў Кітаі — як для таго, каб абмежаваць уласнае насельніцтва, так і для таго, каб кантраляваць колькасьць жыхароў Тыбэту. У студзені 2003 году Славацкі ўрадавы камітэт па правах чалавека і меншасьцяў распачаў расьсьледаваньне прымусовай стэрылізацыі цыганак, якое, як выявілася, масава праводзілася ў шпіталях ня толькі за камуністамі, але і ў найноўшы пэрыяд гісторыі краіны.

Дарэчы, Індзіра Гандзі таксама распачала ў свой час кампанію за масавую прымусовую стэрылізацыю, што спрычынілася да яе паразы на парлямэнцкіх выбарах у 1977 г. Ёсьць над чым задумацца нашым паважаным спадарам дэпутатам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0