Падзеньне экспарту ў лёгкай прамысловасьці

Экспарт прадукцыі беларускай лёгкай прамысловасьці ў Эўропу зьведзены да мінімуму. Пра гэта паведаміў старшыня канцэрну «Беллегпрам» Эдуард Нарышкін. У 2004 г. 30% прадукцыі пастаўлялася ў Расею, 30% — у ЭЗ, 40% — на ўнутраны рынак. У выніку скасаваньня з 1 студзеня квот на пастаўкі прадукцыі кітайскай лёгкай прамысловасьці ў ЭЗ цэны на гэтыя тавары ўпалі на 23—96%, а аб’ёмы экспарту з Кітаю ўзрасьлі на сотні працэнтаў. Таксама Э.Нарышкін паведаміў, што да канца году нямецкая кампанія «Трыюмф» спыніць супрацоўніцтва зь «Мілавіцай». Свае замовы яна пераносіць у Віетнам, дзе таньнейшая працоўная сіла. Гадзіна працы беларускай краўчыхі каштуе каля двух даляраў, кітайскай — у чатыры разы менш.

Тым часам экспарт «Беллегпраму» ў Расею, што быў зьнізіўся праз новы мэханізм ПДВ, вярнуўся да ранейшага аб’ёму.

ЭЗ пазбавіць Беларусь прэфэрэнцый

Эўракамісія распачала працэдуру пазбаўленьня Беларусі гандлёвых прэфэрэнцый. Прычына — парушэньні правоў прафсаюзаў у нашай краіне. Калі працэдура завершыцца станоўча, то прэфэрэнцыі будуць адноўлены не раней чым праз шэсьць месяцаў, і тое толькі ў тым выпадку, калі сытуацыя палепшыцца.

Літва зьніжае падаткі

Сойм Літвы ў аўторак прыняў пакет законаў пра падатковую рэформу. Паводле яго, падаходны падатак з насельніцтва з 1 ліпеня зьнізіцца ў сярэднім з 33 да 27%, а з 2008 г. — да 24%. Даходы жыхароў за гэты час пабольшаюць амаль на 1 млрд эўра. Каб кампэнсаваць страты бюджэту, Сойм дазволіў ураду ўвесьці два новыя падаткі: часовы на прыбытак прадпрыемстваў і на нерухомасьць, якая здаецца грамадзянамі ў арэнду ў камэрцыйных мэтах.

Нацбанк дэбюракратызуецца

Галоўная фінансавая ўстанова спрашчае камэрцыйным банкам папяровую працу. З 10 чэрвеня будуць адменены 35 формаў справаздачнасьці. Мяркуецца, што ў найбліжэйшай будучыні аб’ём бюракратычных папер, зь якімі маюць справу банкі, зьменшыцца больш чым удвая.

Каштоўная ліцэнзія

«Беларусбанк» атрымаў ліцэнзію на апэрацыі з каштоўнымі мэталамі і камянямі. Такім чынам, банк стаў чацьвёртым, які займеў права на гандаль дыямэнтамі ды золатам — чым ужо займаюцца «Белгазпрамбанк», «Белзьнешэканамбанк» ды «Трастбанк».

Першыя таргі

2 чэрвеня адбыліся першыя таргі на Беларускай унівэрсальнай таварнай біржы. Гандлявалі драўнінай для экспартных паставак на ліпень—верасень. Удзел бралі 3 фірмы-прадаўцы і 11 пакупнікоў. Прадалі 137,2 тыс. м3 драўніны на 2,6 млн эўра. Самымі буйнымі пакупнікамі сталі ЗАТ «Цэпрус» (Каралявец) ды «Mondi Packaging Paper Swiecie SA» (Польшча).

На мяжы з альхіміяй

Карпарацыя «Амір-С» ды Інстытут цепла- і масаабмену Акадэміі навук стварылі ўстаноўку па перапрацоўцы прамысловых адкідаў «Экатрон». Устаноўка перапрацоўвае адкіды ў хімічны спосаб на 100% і дазваляе атрымліваць зь іх паўнавартасныя энэрганосьбіты — газ, ідэнтычны прыроднаму, мазут, бэнзін, тэхнічны вуглярод. Стваральнікі кажуць, што прыбытак ад «Экатрону» будзе роўны $158 за гадзіну працы, а для таго, каб вярнуць грошы, патрачаныя на набыцьцё ўстаноўкі, спатрэбіцца ня больш за паўгоду.

АФН, АК

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0