Існуе ўстойлівы стэрэатып, што агрэсію супраць суседзяў праяўляюць тыранічныя або алігархічныя рэжымы, а дэмакратыя, наадварот, ад прыроды міралюбная. Жыхары зьнішчаных паселішчаў на грэцкай высьпе Самас з такой думкай не пагадзіліся б.

Яны бачылі, як пад гукі флейтаў разбуралі сьцены іх гандлёвых гарадоў. Ім у віну паставілі нежаданьне жыць паводле дэмакратычных прынцыпаў. Парадокс? Не, хутчэй, заканамернасьць. Дэмакратыя — гэта ад грэцкага нараджэньня лад з актыўнай замежнай палітыкай. Ці не таму радыкальная дэмакратыя часта гіне пад уласнымі руінамі?

Эсэ Алега Дзярновіча.

Гісторыкі традыцыйна супрацьпастаўляюць атэнскую дэмакратыю ды спартанскую алігархію. Дзьве палітычныя сыстэмы нібы сталі эталёнамі розных вэктараў разьвіцьця грамадзтва. Атэнская дэмакратыя прымаецца за найбольш разьвітую, закончаную і дасканалую форму дэмакратычнага ладу антычнасьці. Залатым векам атэнскага народаўладзьдзя былі сярэдзіна V — сярэдзіна IV стагодзьдзя да н.э. Менавіта тады, каб прыцягнуць да дзейнасьці галоўнага органу ўлады ніжэйшы слой атэнцаў, за наведаньне Народнага сходу была нават усталявана плата ў памеры двух аболаў, што адпавядала сярэдняму заробку рамесьніка ў дзень.

Вызначэньне дэмакратыі

У Атэнах тады зьявіўся слой найбяднейшых грамадзян, якія страцілі сувязь з вытворчасьцю, аказаліся пазбаўленыя маёмасьці, аднак валодалі поўным наборам палітычных правоў. Улады полісу імкнуліся нейкім чынам утрымліваць гэтую масу дэклясаваных грамадзян, якія ня мелі інтарэсу да працы ды бадзяліся па вуліцах гарадоў, перабіваючыся выпадковымі падачкамі, жабраваньнем, ды любілі тэатральныя імпрэзы, сьвяты ды відовішчы. Нават самы таленавіты палітык мог страціць уплыў сярод гэтай паразытычнай масы, калі б ня здолеў забясьпечыць яе забавамі, якія каштавалі дзяржаве вялікіх сродкаў.

Але гэта быў пэрыяд вельмі высокай самаацэнкі атэнцаў. Вось што, паводле Фукідыда (460—396 да н.э.), казаў слынны правадыр дэмакратыі Пэрыкл (495—429) на пахаваньні палеглых атэнскіх герояў: «Наш дзяржаўны лад не пераймае чужых устаноў — мы самі, хутчэй, зьяўляемся ўзорамі для перайманьня некаторым, чым пераймаем іншых. Называецца наш лад дэмакратычным, бо ён грунтуецца не на меншасьці, а на большасьці грамадзян… Горад наш — школа ўсёй Эляды, і мяркую, што кожны з нас сам па сабе можа зь лёгкасьцю і вытанчанасьцю праявіць сваю асобу ў самых разнастайных жыцьцёвых умовах... З усіх сучасных гарадоў толькі наш горад яшчэ больш магутны, чым ідзе пра яго слава, і толькі ён адзін не прымусіць ворага гневацца, што той церпіць бедзтва ад такога праціўніка, як мы, а падуладных нам — скардзіцца на нікчэмнасьць уладароў. Такімі вялікімі ўчынкамі мы засьведчылі магутнасьць нашага гораду на зьдзіўленьне сучасьнікам і нашчадкам. Каб уславіць нас, ня трэба ні Гамэра, ні якога-небудзь іншага песьняра, які прынясе сваёй паэзіяй асалоду, што праходзіць, але ня знойдзе пацьвярджэньня ў самой ісьціне. Усе моры і землі адкрыла перад намі наша адвага і паўсюль узьвяла вечныя помнікі нашых няшчасьцяў і перамог».

Дэмакратычная імпэрыя

Невыпадкова атэнцы спрычыніліся да стварэньня ваенна-палітычнага аб’яднаньня, скіраванага на вызваленьне захопленых пэрсамі гарадоў Малой Азіі і выспаў Эгейскага мора. Але ў канцы грэка-пэрсідзкіх войнаў аб’яднаньне, ужо як Атэнскі марскі саюз, пераўтварылася ў адмысловую палітычную арганізацыю грэцкага сьвету з больш шырокім, чым першапачаткова, колам задач. Удзел у любым саюзе азначаў страту часткі свабоды — адной з асноўных характарыстык полісу як незалежнай і аўтаномнай суполкі.

Аднак Атэны ня толькі ня страцілі пазыцый, але й умацавалі іх. Дамагліся пераносу да сябе саюзнай скарбніцы і сталі гаспадарамі сродкаў, якія пачалі актыўна выкарыстоўвацца на ўласныя патрэбы Атэнаў, мала зважаючы на меркаваньні саюзьнікаў.

Атэны сталі разглядаць сябе як свайго роду сталічны, галоўны горад Саюзу, у які зьяжджаліся прадстаўнікі ўсіх саюзьнікаў у справах палітычных, эканамічных, судовых, культурніцкіх. Парфэнон і ўвесь комплекс Акропалю быў створаны менавіта ў тыя часы фінансавага свавольства. Фінансавыя ўзаемаадносіны ўнутры Атэнскага марскога саюзу яшчэ раз выяўляюць цесную сувязь радыкальнай дэмакратыі з імпэрыялізмам.

Атэны праводзілі мэтанакіраваную палітыку прамой і актыўнай падтрымкі дэмакратычнага ладу ў саюзных полісах. Але такая падтрымка мела розныя, у тым ліку і негвалтоўныя, формы — стваралася сыстэма гандлёва-эканамічных прэфэрэнцый, якія вялі да ўзмацненьня сярэдніх разрадаў грамадзян ды ўзрастаньня ролі народных сходаў. Але калі эканамічнай і палітычнай падтрымкі было недастаткова, атэнцы высылалі флёт і аддзелы гаплітаў — цяжка ўзброеных воінаў. З часам патрэба ў такіх радыкальных дзеяньнях узрастала, і гэтыя экспэдыцыі ладзіліся фактычна коштам саміх саюзьнікаў.

Экспарт дэмакратыі

Але ня ўсе саюзныя полісы мірыліся з панаваньнем Атэнаў — праяваю нездавальненьня было імкненьне выйсьці з складу Саюзу. Найперш такія спробы рабіліся багатымі полісамі, для якіх атэнскае панаваньне было асабліва цяжкім, таму яны бачылі магчымасьць забясьпечыць існаваньне ва ўмовах поліснай незалежнасьці.

Такія гарады мелі алігархічны лад — кіраваліся знатнымі родамі, у якіх традыцыі грамадзкай службы перадаваліся з пакаленьня ў пакаленьне. Нязгода зь вялікадзяржаўнай палітыкай Атэнаў падмацоўвалася глыбокай антыпатыяй да дэмакратычных парадкаў, якія падаваліся ўладаю неразважлівага натоўпу.

Першыя паўстаньні супраць атэнскага панаваньня адбыліся на такіх буйных выспах Эгейскага мора, як Наксас, у 469 годзе да н.э., Фасас, у 465 годзе да н.э., у горадзе Халькіда на Эўбеі, у 446 годзе да н.э. Але атэнскія эскадры хутка навялі парадак — выступы мяцежнікаў падавілі сілай, завадатараў зьнішчылі, а з жыхароў спагналі кантрыбуцыю і ўзялі клятвы вернасьці гегемону. Прыдушэньне спроб выхаду з Саюзу суправаджалася ўсталяваньнем дэмакратыі. Нічога не вядома пра рашэньні Саюзнага сходу ў дачыненьні да паўсталых. Атэны дзейнічалі ва ўсіх выпадках самастойна, цалкам усьведамляючы выключнасьць свайго аўтарытэту ды не пытаючыся меркаваньня саюзьнікаў.

Энэргічная палітыка Атэнаў па экспарце радыкальнай дэмакратыі мела на мэце ўніфікацыю дзяржаўнага кіраваньня ў шматлікіх полісах і, урэшце, цэнтралізацыю Саюзу ў цэлым.

Лёс алігархаў Самасу

Клясычным прыкладам ваеннага ўмяшаньня атэнскай дэмакратыі ў справы саюзьнікаў сталі падзеі 440 году да н.э. на высьпе Самас. Гэты вялікі і багаты востраў займаў асаблівае становішча ў Атэнскім саюзе. Толькі тры полісы — Лесбас, Хіяс і Самас — не плацілі падатку (форасу) у саюзную скарбонку, а ў выпадку патрэбы выстаўлялі караблі і гаплітаў. Індыкатарам незалежнага статусу Самасу было алігархічнае кіраваньне на атоцы, якое моцна кантраставала з палітычнымі парадкамі Атэнаў. Калыска дэмакратыі працяглы час мірылася з падобным статусам. Але як толькі надышоў спрыяльны момант, кіраўнік атэнскага народаўладзьдзя Пэрыкл умяшаўся ва ўнутраныя справы полісу, гвалтоўна скінуў алігархію і ўсталяваў дэмакратычнае кіраваньне.

Умяшаньне атэнцаў выклікала паўстаньне самасцаў — і магутнай эскадры, узначаленай Пэрыклам, прыйшлося каля дзевяці месяцаў весьці супраць іх ваенныя дзеяньні. Атэны перамаглі ды ператварылі самаскія гарады ў руіны, урачыста спалілі самаскі флёт, наклалі на жыхароў вялікую кантрыбуцыю. Маёмасьць алігархаў канфіскавалі, самі яны былі зьнішчаны ці адпраўлены ў выгнаньне. На высьпе ўсталяваўся дэмакратычны лад, усіх жыхароў змусілі даць клятву на вернасьць Атэнам.

Узор такой клятвы захаваўся пасьля аналягічных падзей у Халькідзе: «Я ня здраджу народу атэнскаму ані хітрасьцю, ані якімісь інтрыгамі, ані словам, ані справай, не паслухаюся таго, хто задумае здрадзіць. І калі хто-небуць здрадзіць, я паведамлю атэнянам. І падатак я буду ўносіць атэнянам такі, які выпрашу ў атэнянаў. І хаўрусьнікам я буду, наколькі змагу, найлепшым і сумленным. І народу атэнскаму буду дапамагаць і садзейнічаць, калі хто-небуць будзе наносіць крыўду народу атэнскаму. Няхай складуць прысягу з халькідыянаў усе паўналетнія. А калі хто не складзе прысягі, то няхай будзе пазбаўлены грамадзянскага гонару і няхай маёмасьць яго канфіскавана…»

Выдаткі дэмакратыі

Атэны сталі праводзіць актыўную замежную палітыку, маючы за першарадныя мэты далейшае пашырэньне Саюзу праз далучэньне да яго новых полісаў Эгейскага басэйну ды ізаляцыю Пэляпанэскага саюзу, дзе была лідэрам Спарта.

Адна характэрная дэталь адцяняе агульны напрамак унутранай палітыкі Атэнаў — падчас небясьпечнага для іх паўстаньня на Самасе палітычная камэдыя, гэты галоўны сродак апазыцыйнай крытыкі і сатыры, падпала пад абмежаваньні. Было забаронена паказваць палітычных дзеячаў пад іх сапраўдным іменем і ў адпаведным грыме. Рэакцыйны характар камэдыі тлумачыўся яе сатырычнай задачай — у адэптаў існага ладу было менш падстаў зьвяртацца да гэтай формы публічнага выказваньня ўласных поглядаў. Наадварот, камэдыя была вельмі зручным сродкам для праціўнікаў пануючай дэмакратыі — яны маглі праз тэатар карыкатуры бесьперапынна падрываць тыя ці іншыя бакі дэмакратыі, яны казалі ёй шмат злога ў форме буфанады, вясёлай пародыі, у той жа час вытанчана маскіруючы свае асноўныя мэты, ствараючы пэўныя настроі. Зрэшты, цэнзурнае абмежаваньне ў грамадзтве, дзе галоўным відовішчам быў тэатар, даволі хутка прыйшлося адмяніць. У Атэнах значную частку таго грамадзкага ўплыву, які ў наш час належыць прэсе, браў на сябе тэатар.

Галавакружэньне ад посьпехаў

Ня будзем ідэалізаваць іншага вядучага грэцкага полісу — Спарту. Але трэба зразумець карані яе кансэрватызму — гэта была аграрная супольнасьць з традыцыяналісцкімі грамадзкімі дачыненьнямі, алігархіяй і палітычнай праграмай, скіраванай на захаваньне статус-кво. Яшчэ ў другой палове VI стагодзьдзя да н.э. вакол Спарты склаўся Пэляпанэскі саюз — першае буйное ваенна-палітычнае аб’яднаньне ў грэцкім сьвеце. Удзел у Пэляпанэскім саюзе быў добраахвотным, а выхад зь яго — адносна свабодным. У пытаньнях замежнай палітыкі Саюз дзейнічаў у інтарэсах арыстакратыі, ваюючы з тыраніямі ды дэмакратыямі. Мяккае стаўленьне да саюзьнікаў, адсутнасьць фінансавай эксплюатацыі, павага аўтаноміі стварылі ўмовы для трываласьці Пэляпанэскага саюзу, які праіснаваў каля 200 гадоў — больш, чым іншае ваенна-палітычнае аб’яднаньне ў Грэцыі.

Такая рознасьць палітычных праграм Пэляпанэсу і Атэнаў мусіла прывесьці да маштабнага канфлікту. Усё пачалося з імкненьня чарговых саюзьнікаў Атэнаў у 432 г. да н.э. выйсьці з такога цяжкага для іх Саюзу. Гэта пацягнула за сабой карныя акцыі супраць іх. За «рэнэгатаў» заступілася Спарта — і распачалася грандыёзная Пэляпанэская вайна, якая доўжылася з 431 па 404 г. да н.э.

Паколькі сілы праціўнікаў былі роўныя, а самі яны належалі да аднаго этнасу, ваенныя дзеяньні вызначаліся асаблівай жорсткасьцю. Шалі вагаў увесь час схіляліся то ў адзін, то ў іншы бок. Ранейшыя замежнапалітычныя посьпехі прывялі да пераацэнкі атэнскімі кіраўнікамі ўласных сіл, што выклікала правядзеньне шырокай агрэсіўнай палітыкі, не забясьпечанай дастатковымі матэрыяльнымі, палітычнымі і ваеннымі рэсурсамі, супрацьпаўстаўленьне Атэнаў астатняй Грэцыі і, урэшце, калясальную паразу.

Зьведала крах уся стратэгія Атэнаў, якая з такой цяжкасьцю выбудоўвалася ў папярэднія дзесяцігодзьдзі. Спарта прадыктавала суворыя ўмовы міру: Атэнскі марскі саюз распускаўся, зьнішчаўся амаль увесь атэнскі флёт, горад пазбаўляўся ўмацаваньняў, у Атэны вярталіся ўсе выгнаньнікі, дэмакратычныя парадкі зьнішчаліся, а ўлада перадавалася трыццаці кіраўнікам. Фактычна ўсталёўваўся арыстакратычны лад кіраваньня. Радыкальная дэмакратыя была пахаваная пад уласнымі руінамі.

Пагроза мэсіянізму

Ці вынікае агрэсіўнасьць з самой прыроды дэмакратыі? Неабавязкова. Экспансіянізм вырастае з ідэакратыі, калі грамадзтва ў значнай ступені кіруецца ідэалягічнымі лёзунгамі. Прыкладам было атэнскае самаўсхваленьне ўласных парадкаў. Замест таго каб казаць, што дэмакратыя зьяўляецца найлепшым ладам для іх саміх, атэняне сьцьвярджалі, што дэмакратыя — гэта ідэальны лад для ўсіх. У ваяўнічым мэсіянізьме хаваецца страшэнная пагроза дэмакратыі для самой сябе.

Аўтар мусіць прызнацца, што падчас напісаньня гэтага тэксту ён не рабіў наўмыснага падбору паралеляў і фактаў, зусім не зьбіраўся атаясамліваць антычную гісторыю і сучасныя падзеі. Больш за тое, сама задума напісаньня такога артыкулу ўзьнікла раней, калі хада падзей магла падавацца іншай. Ужо калі гэтыя радкі клаліся на паперу, аўтар сам зьдзівіўся, што ў Атэнскім марскім саюзе пры жаданьні можна ўбачыць прататып сучаснай ваенна-палітычнай кааліцыі і падзеяў у Іраку. Але такія паралелі не закладаліся ў ідэю напісаньня тэксту і ўзьніклі незалежна ад волі аўтара. Значыць, мы разважаем пра фундамэнтальныя зьявы. Гэта мяне і насьцярожвае.

АЛЕГ ДЗЯРНОВІЧ (нар. у 1966 у Менску) — гісторык, выдавец. Супрацоўнік Інстытуту гісторыі Акадэмі навук. Апошняя ўкладзеная ім кніга — даведнік «Нонканфармізм у Беларусі. 1953—1985» (2004).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0