Апошні беларускамоўны натарыюс, магілёвец Трафім Сурта жыў 300 гадоў таму. Можа, яго пераемнік яшчэ толькі паступае на юрфак, а можа, якраз сёлета атрымае разьмеркаваньне? Кліенты ў яго ўжо ёсьць.

Піша Алесь Белы.

Беларуская мова, што б там ні думалі нашы этнографы, угадаваныя царскім Генштабам, кшталтавалася ня ў вёсцы. Яе сапраўднымі творцамі былі пісары велікакняскай канцылярыі, адкуль мова спускалася ўніз па сацыяльнай лесьвіцы, павольна прымушаючы самага беднага селяніна або местачкоўца размаўляць больш-менш падобна да войта. Калі б гэта было ня так, Скарына нават не рызыкнуў бы вылезьці са сваім праектам, посьпех якога застаецца пад пытаньнем праз 450 гадоў па яго сьмерці.

Спачатку была Літоўская Мэтрыка, соймавыя ўхвалы і Статут 1588 году, але галоўнае — акты магістратаў, гродзкіх і земскіх судоў, празь якія з афіцыйнай старабеларускай мовай некалькі стагодзьдзяў непазьбежна сутыкаліся ўсе грамадзяне ВКЛ, як бы яны ні размаўлялі дома — па-літоўску, па-польску або нейкім асабліва калярытным дыялектам. Беларуская мова жыла ў звычайных штодзённых грамадзянскіх актах тады, калі не было яшчэ ані вершаў пра зямельку гаротную, ані «трэцяга сэктару» зь ягоным дыскурсам пра дыфэрэнс.

У гэтых тэкстах няма глыбіні этнаграфiчных прадоньняў, але ёсьць жывое жыцьцё сярэдняе клясы. У гарадах магістраты, а ў паветах — земскія суды фіксавалі ўсе зьдзелкі з уласнасьцю, тастамэнты, даручэньні і іншыя натарыяльныя фармальнасьці. Да XVII ст., а на ўсходзе Беларусі — і да XVIII, усё гэта рабілася па-беларуску. Але ў апошняга беларускамоўнага натарыюса, магілёўца Трафіма Сурты, здаецца, так і не было пераемнікаў апошнія 300 гадоў.

Натарыюс нічога не выдумляе з галавы. Ён толькі падстаўляе даты, імёны, адрасы і лічбы ў жорстка рэглямэнтаваныя тэкставыя шаблёны, распрацаваныя Міністэрствам юстыцыі. Так і павінна быць, але праблема ў тым, што беларускамоўных шаблёнаў няма. Ва Ўкраіне ўсе натарыяльныя дзеяньні аўтаматычна робяцца толькі па-ўкраінску ад самага абвяшчэньня незалежнасьці. Як выключэньне можна заказаць і па-расейску, калі дакумэнт быў у Расеі, бо так прадугледжваецца дамовай аб прававой дапамозе.

За Саюзам усе дыплёмы, пашпарты, пасьведчаньні аб нараджэньні абавязкова дубляваліся на нацыянальных мовах. Бяз гэтага рытуальнага мінімуму немагчыма было абараняць тэзіс пра росквіт нацыянальных культур і пагражаць Захаду эскаляцыяй антыкаляніяльнай барацьбы. Але натарыяльных дзеяньняў ленінская нацыянальная палітыка не датычыла, бо пры самым чалавечным ладзе зь імі сутыкаліся адзінкі, і тое адзін-два разы за жыцьцё. Як часта савецкі чалавек — у Андыжане ці ў Таліне — купляў-прадаваў кватэру або засноўваў сваю фірму, адпраўляў дзяцей на адпачынак за мяжу? Перакананьне, што нашы людзі ў булачную на таксі ня езьдзяць і да натарыюсаў не зьвяртаюцца, па інэрцыі дажыло ў Беларусі да сёньня. Раптам спахапіліся, заўважыўшы шматгадзінныя чэргі. Што вывезьці за мяжу чарнобыльскіх дзетак, што перарэгістраваць юрыдычную асобу на пр.Незалежнасьці — усё патрабуе звароту да натарыюса, а значыцца, некалькіх дзён, выкрасьленых з жыцьця.

Кажуць, што цяпер натарыюсы будуць працаваць дзень і ноч, каб задаволіць нечакана ўзрослую патрэбу насельніцтва ў Грамадзянскім кодэксе, хай сабе і не напалеонаўскім.

Колькі ў Менску эканамічна актыўнага беларускамоўнага насельніцтва? Некалькі дзясяткаў тысяч, паводле самых сьціплых падлікаў. Гэтага дастаткова, каб загрузіць працай некалькіх натарыюсаў. Цалкам магчыма, у гэтай карпарацыі ўжо сёньня ёсьць людзі, неабыякавыя да лёсу беларускай мовы. Так падказваюць інтуіцыя і закон вялікіх лікаў. Можа, будучы беларускамоўны натарыюс яшчэ толькі паступае на юрфак, а можа, якраз сёлета атрымае разьмеркаваньне? Кліенты ў яго ўжо ёсьць. Як ім знайсьці адзін аднаго? І як дамагчыся ў Міністэрства юстыцыі выкананьня Канстытуцыі?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0