Сьпявак, кампазытар і шоўмэн Бобі Дарын ставіць мю’зыкл пра сваё жыцьцё. Музычныя нумары, дзяцінства, успаміны сьплятаюцца ў драму й песьні на захадзе й досьвітку нядоўгага жыцьця музыкі.

Кэвін Спэйсі чарговы раз выступіў і як выканаўца галоўнай ролі, і як рэжысэр. Карціна атрымалася выверанай, тактоўнай, стыльнай, хоць і крыху расьцягнутай.

Вандроўкі з успамінаў у сучаснасьць, пераходы да музычных нумароў дазваляюць паказваць ня толькі вонкавыя падзеі ў жыцьці героя, але й ягоны ўнутраны сьвет, а дзіця, якое камэнтуе сюжэт і зьяўляецца ў кадры разам з дарослым музыкам, — хаця й ня самая новая, але дзейсная вынаходка.

Жыцьцё Бобі Дарына, які канкураваў з самім Сынатрам і стаўся аўтарам гітоў (сярод іх «Mack the Knife»), было насычанае. Лекары прадказалі, што хворы на сэрца Бобі Дарын не пражыве й да 15 год, але Дарын выжыў — і да сваіх 37, калі ён памёр, зрабіў бліскучую кар’еру. Сямейныя абставіны для сьпевака таксама не заўжды былі простымі: ягоная жонка Сандра Дзі (Кэйт Босўорт) была чалавекам творчым — а двум мастакам пад адным дахам не бывае лёгка. Акрамя таго, Дарын напрыканцы жыцьця даведаўся, што яго старэйшая сястра — насамрэч ягоная маці.

Але гэтыя абставіны не ператвараюць карціну ў сьлязьлівую мэлядраму — Кэвін Спэйсі засяроджваецца на творчасьці, на подыху, на надзеі — і, хаця фільм «Ля мора» не становіцца экзыстэнцыйным варыянтам м’юзыклу «Ўвесь гэты джаз», песьні на досьвітку й захадзе жыцьця на гледача дзейнічаюць.

Карціна намінавалася на прэміі за найлепшы саўндтрэк і як найлепшы м’юзыкл, у Менску яна дэманстравалася ў кінафармаце «4х4», а цяпер працягвае ісьці ў кінатэатрах.

«Ля мора» («Beyond the Sea»)

ЗША—Вялікабрытанія—Нямеччына, 2004, каляровы, 121 хв.

Жанр: Біяграфічны музычны фільм.

Адзнака: 6 (з 10).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0