Паэт Анатоль Сыс пайшоў на неба. Шлях ягоны быў лёгкі, бо паміж Вялікаднем і Радаўніцай дарога на нябёсы адкрытая многімі малітвамі.

А калі яшчэ ўлічыць, як доўга чакаў ён гэтага моманту!.. Гадоў 15 таму ён так і адказаў мне на пытаньне «Чым цяпер будзеш займацца?» — «Цяпер засталося толькі памерці». Ягоным вершам тут, на зямлі, замінала ягоная чалавечая прысутнасьць.

У гісторыі Анатоля Сыса наймацней уражвае ягонае стаўленьне да паэзіі як да сапраўды большае рэальнасьці. Большае за жыцьцё. Ягоныя вершы — гэта не салён і не стадыён, не эстэтыка і паэтыка, а замова шаптуна-ўлюбёнца Бога. Шаптун і выглядае дзіваком, бо жыве паміж намі і небам. І ведае цану нашай мітусьні, якой мы часьцяком за гэтай самай мітусьнёй не заўважаем. Як не заўважаем і не надаём такога абсалютнага значэньня паэзіі.

Аднак Анатоль Сыс быў ня толькі шаманам, але і адукаваным чалавекам. Вось чаму ягонае самаадмаўленьне давалася яму так цяжка — бо рабілася сьвядома. Сыс ведаў, што ўсяму свой крэс. І калі б Купала пражыў век Багдановіча — не было б Купалы. А калі б Багдановіч меў Купалавы гады — не было б і Багдановіча. Першы папросту б не дасьпеў, другі б — размазаў уласны даробак. Сыс разумеў, што сам ён адбыўся напрыканцы 1980-х. І далей рабіў усё, каб не замінаць сваім уласным вершам жыць. Піў і блазнаваў, каб ня быць атаясамленым з тым вобразам паэта, які ўжо сфармаваўся ў публікі. Каб сур’ёзнасьцю свайго чалавечага аблічча не псаваць чысьціню свайго паэтычнага вобразу. Выдаваць па кніжцы ў год, езьдзіць на дачу і сядзець на нарадах, безумоўна, было прасьцей, але для ягонай паэзіі гэта быў канец. Стакроць цяжэй было зусім усьвядомлена, яшчэ жывучы, дэкляраваць сваю цялесную сьмерць альбо іншасьць. Проста быць проста вар’ятам, і зусім ня тое — самому абраць сабе гэткі шлях. Магчыма, ягоны подзьвіг якраз у гэтым — столькі гадоў не спакусіцца, не размазаць, не сапсаваць і дажыць такі да таго дня паміж Вялікаднем і Радаўніцай, калі твой шлях акажацца адкрытым.

Паэт Анатоль Сыс пайшоў на неба з тым самым пачуцьцём нязьдзейсьненасьці, што і калісьці Гарун. Такое самае ў тваёй краіне абложнае беспрасьвецьце, падобнае ці то на сон, ці то на сьмерць. Зьмянілася нібыта ўсё, але ўнутраны стан паэта, ягонае грамадзянскае пачуцьцё засталося тым самым. І ўсе твае клічнікі пад касым дажджом бясчасься згінаюцца ў прыкрыя і непрыгожыя пытальнікі, быццам кланяюцца камусьці...

Кажуць, калі табе лёг на душу нейкі верш, гэта значыць, што сам паэт ужо пранік у цябе і ўплывае на твае адчуваньні, думкі, паводзіны. У творчасьці Анатоля Сыса ўсё складаецца з гэтых пранікненьняў. Ён пераўвасабляецца ў Апанаса Філіповіча, Сяргея Палуяна, Язэпа Драздовіча, калі піша іхныя маналёгі і тым самым акрэсьлівае сваё, блізкае яму кола. Ён пранікае, ці то каб напоўніць іхныя вобразы сабою, ці то каб празь сябе зразумець і адчуць іх. Ёсьць у яго і «Маналёг Алеся Гаруна».

Гараць камяні ў маім вогнішчы,

расьцьвеленыя агнём,

нібы ваўчаняты ў логвішчы

сонечным прамянём.

У твар мне шугае полымя,

ды я ўсё адно бяру

каменьні рукамі голымі

і гэткім, як сам, дару.

Бяруць і да сэрцаў туляць:

няхай нас ратуе боль

і вучыць пра бліжніх думаць,

пра тых, хто гібее ў золь,

пра тых, хто прамёрз да костак,

хто шлях да агню згубіў,

хто д’яблу чырвоным хростам

Айчыну сваю пазбыў.

Дай бог, каб маё каменьне

аднойчы іх апякло,

прымусіла ўстаць з каленяў,

пайсьці на маё сьвятло.

Я — тут! Я шугаю полымем!

Праз боль я зь сябе бяру

каменьні рукамі голымі

і гэткім, як сам, дару.

Дай бог, каб маё каменьне

Жар-птахам дайсьці змагло

да тысячных пакаленьняў

і сэрцы іх апякло.

Ёсьць паэты зразумелыя і ясныя, а ёсьць тыя, што застаюцца таемнымі, нават калі бачыш такога і гаворыш зь ім штодня. Сыса цягнула да такіх, і сам ён стаў урэшце вялікай загадкай. Наваліўшыся ўсім сьветам, мы больш-менш зразумелі, раскрылі таямніцу Багдановіча і таямніцу Купалы. Але якая гэта была агромністая праца цэлых пакаленьняў! У літаратуру прыходзяць новыя творцы і іхнае самалюбства цьвеляць старыя, адкладзеныя на потым таямніцы. Быццам задача таямніц — забясьпечваць жывое жыцьцё культуры. Сёньня да тых неразгаданых тайнаў дадалася яшчэ адна — тайна Анатоля Сыса.

Паводле svaboda.org

Уладзімер Лобач

Паляўнічы

Анатолю Сысу

Бі. А ты бі на ўзьлёт

А калі недарод

Багі ўсё адно падкажуць

Што на пачатку

А што пасярод

Страляй!

А багі ўсё зьвяжуць

Сваёю боскай сьліной

Як будзе час табе

Дык павернесься

Толькі адкінь прэч спакой

На гэтых дарогах ня вернесься

Не рассыпай сябе...

19.05.05

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0