Беларускае пытаньне вырашылі ў Страсбургу разгледзець пазьней. Але рэальнае рашэньне, здаецца, Эўразьвяз ужо прыняў. Піша Раман Якаўлеўскі.

Ня спраўдзіліся чаканьні многіх, не абыякавых да сытуацыі ў Беларусі, што на чэрвеньскай сэсіі Эўрапарлямэнту будзе абмяркоўвацца і прымацца важная рэзалюцыя па Беларусі. Праект рэзалюцыі прадугледжвае стварэньне сеткі рэгіянальных радыёстанцый для вяшчаньня на Беларусь. А таксама пакет санкцый у дачыненьні да канкрэтных беларускіх чыноўнікаў, якіх абвінавачваюць у парушэньні правоў чалавека. Паводле слоў кіраўніка дэлегацыі Эўрапарлямэнту па сувязях зь Беларусьсю, польскага дэпутата Богдана Кліха, перанос абмеркаваньня беларускага пытаньня на наступнае, ужо ліпеньскае пасяджэньне быў выкліканы «перагружанасьцю парадку дня».

Аказваецца, моцная занятасьць эўрадэпутатаў зьвязана ня толькі з канстытуцыйнымі і некаторымі іншымі праблемамі Эўразьвязу. У Эўропе моцна азадачаныя крывавай бойняй ва ўзбэцкім Андыжане. Помніцца, як зрынуты сьпікер Шарэцкі і іншыя зьбіраліся падняць беларускае пытаньне на Стамбульскім саміце АБСЭ ў 1999 годзе. Але тады яго капітальнаму абмеркаваньню перашкодзіла другая крывавая трагедыя — чачэнская. Проста-такі нейкія фатальныя супадзеньні. Пазьней, як вядома, найважнейшыя палажэньні па Беларусі, якія такі ўдалося зафіксаваць у выніковым дакумэнце Стамбульскага саміту, былі пасьпяхова «пахаваныя» афіцыйным Менскам. Але Эўразьвяз — не аморфная АБСЭ.

Праўда, доўгі час Эўразьвяз спрабаваў праводзіць у дачыненьні да кіруючага рэжыму ў Беларусі больш стрыманую, чым ЗША, палітыку. Напрыклад, не адзін год у Бэрліне вельмі цярпліва «ператраўлялі» арыгінальнасьць беларускага правіцеля. Але цярпеньне бясконцым не бывае. Толькі пасьля апошніх выбарчых кампаній, якія правялі беларускія ўлады, у Бэрліне і Брусэлі прыйшло ўсьведамленьне таго, што так далей жыць Эўразьвязу з такім суседам нельга. Дзякуючы нязьменнай Лукашэнкавай палітыцы адбылася кансалідацыя пазыцый ЭЗ і ЗША ў дачыненьні да Беларусі. Было прызнана мэтазгодным спалучэньне санкцый у дачыненьні да беларускага кіраўніцтва з масіраванай падтрымкай разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі. Вось гэтую палітыку ЭЗ і заклікана падтрымаць чаканая рэзалюцыя Эўрапарлямэнту.

Некаторыя назіральнікі схільны зьвязваць узьніклую паўзу ў Эўрапарлямэнце з самітам ЗША—ЭЗ, што мае адбыцца 20 чэрвеня. Маўляў, там і будзе ўсё вырашана па Беларусі. А на сэсіі ў пачатку ліпеня тады дэпутаты ўсё і замацуюць. Аднак, як лічыць беларускі палітоляг Вячаслаў Пазьняк, гэтая паўза і маючы адбыцца саміт ніяк ня могуць быць узаемазьвязаны. У Вашынгтону і Брусэлю хапае сваіх назапашаных праблем двухбаковых адносін. Пра іх і пойдзе гаворка на маючым адбыцца саміце. А што да рэзалюцыі па Беларусі, якую зьбіраюцца разгледзець у Эўрапарлямэнце, то, па сутнасьці, мяркуе палітоляг, яна мала што рашае. Рэальныя рашэньні прымаюцца ў выканаўчых структурах Эўразьвязу. І дапамога для разьвіцьця дэмакратыі ў Беларусі ўжо аказваецца. Гэта фактычна прызнаў і Вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу па замежнай палітыцы і бясьпецы Хаўер Саляна ў сваім інтэрвію міжнароднаму парталу «Wider Europe». Ён асабліва падкрэсьліў, што, нягледзячы на тое, што цэлы шэраг праграм ЭЗ пачне працаваць толькі з 2007 году, значная падтрымка разьвіцьцю дэмакратыі ў Беларусі ўжо ажыцьцяўляецца.

Праўда, тут можа ў некаторых узьнікнуць пытаньне: наколькі цяпер гэтую дапамогу ЭЗ адчуваюць на сабе актыўныя будаўнікі грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі? Многія скардзяцца, што недастаткова. Відавочна, што большая рэакцыя на палітыку ЭЗ назіраецца з боку беларускіх улад. Рэпрэсіі ў дачыненьні да апазыцыі ўзмацняюцца. Але, нягледзячы ні на што, апазыцыянэры працягваюць рыхтавацца да чарговых для сябе прэзыдэнцкіх выбараў, што маюць адбыцца ў 2006 годзе. І, як у Страсбургу, узмоцнена дыскутуюць на зададзеную тэму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0