Палякаў прасуюць

У дзяржаўных выданьнях Берасьцейшчыны «Кобрынскі весьнік», «Сельская праўда» (Жабінка) на пачатку чэрвеня зьявіліся ананімныя артыкулы, у якіх сьцьвярджалася, што польскі бок умешваецца ў канфлікт «Саюзу палякаў Беларусі». 10 чэрвеня выйшаў нумар газэты СПБ «Głos znad Niemna», якога не рыхтавала ні рэдакцыя выданьня, ні новае кіраўніцтва арганізацыі. У нумары надрукаваны артыкул былога старшыні Тадэвуша Кручкоўскага і па-расейску рашэньне Мін’юсту пра нелегітымнасьць апошняга зьезду СПБ. Галоўны рэдактар газэты Анджэй Пісальнік назваў нумар правакацыяй. Аднак 17 чэрвеня друкарня пачала друкаваць наступны нумар газэты, не рыхтаваны рэдакцыяй. 16 чэрвеня МЗС Польшчы заявіла, што ў сувязі з гэтым спыняе фінасаваньне газэты. Старшыню СПБ Анжаліку Борыс 15 чэрвеня выклікалі ў міліцыю: праваахоўныя органы зацікавіліся фінансавым бокам дзейнасьці СПБ. Таксама Саюзу палякаў не дазволена правядзеньне Купальля 25 чэрвеня.

Гарадзенскага журналіста Андрэя Пачобута 21 чэрвеня даставілі ў міліцыю: скаргу на ягоныя «абразьлівыя публікацыі” напісаў Т.Кручкоўскі. Пачобут адмовіўся даваць паказаньні, пасьля чаго яго адпусьцілі.

Крымінальныя справы супраць актывістаў

Дэпутат Маларыцкага райсавету, праваабаронца й актывіст ПБНФ Уладзімер Малей 3 чэрвеня атрымаў паведамленьне аддзелу дазнаньня УУС Берасьцейскага аблвыканкаму пра аднаўленьне крымінальнай справы за распаўсюд у інфармацыйным бюлетэні «загадзя лжывых, ганебных вымыслаў пра дзеяньні старшыні Маларыцкага райвыканкаму Лапіча». Справу распачалі ў лютым, але 2 траўня спынілі праз адсутнасьць складу злачынства.

Крымінальную справу супраць праваабаронцы Гары Паганяйлы, зьвінавачанага ў паклёпе на прэзыдэнта й іншых высокіх службовых асобаў, 16 чэрвеня падоўжылі яшчэ на месяц.

Ліквідацыі

Віцебскі абласны суд 7 чэрвеня ліквідаваў наваполацкі рэсурсавы цэнтар «Усяслаў Чарадзей» — за адсутнасьць юрыдычнага адрасу.

8 чэрвеня ліквідаваныя філія ГА «Беларуская арганізацыя працоўных жанчын» у Крычаве ды суполка ГА «Таварыства беларускай мовы» ў Шклове: яны ня здолелі знайсьці юрадрас у нежылым фондзе.

Абараняць правы забаронена

Менскі офіс РГА «Беларускі Хэльсынскі камітэт» 8 чэрвеня наведаў супрацоўнік КДБ: яго цікавілі фінансавыя дакумэнты па грантах, якія атрымліваў БХК. 10 чэрвеня Дэпартамэнт па гуманітарнай дзейнасьці Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта забараніў арганізацыі выкарыстоўваць 1000 даляраў дапамогі ад Сусьветнай фэдэрацыі хэльсынскіх камітэтаў, накіраванай на праваабарончую дзейнасьць. 16 чэрвеня падатковая інспэкцыя Маскоўскага раёну Менску зноў абскардзіла судовае рашэньне, паводле якога БХК ня мае плаціць падаткі з праграмы ТАСІS.

Штрафы «Народнай волі»

Суд Ленінскага раёну Менску 8 чэрвеня абавязаў газэту «Народная воля» выплаціць кампэнсацыі па 2 млн руб. супрацоўнікам «Беларуськалію» Сяргею Катовічу, Ніне Грэчыц і Ніне Фраловай і па 3 млн руб. — жыхарам Клецку Пятру Талайку, Івану Гуцьку і Ірыне Закруце. Подпісы ўсіх іх стаялі пад зваротам ініцыятывы «Воля народу», але яны сьцьвярджаюць, што не падпісваліся пад дакумэнтам. Пазовы Паўла Жышкевіча й Ліліі Лібер былі адхіленыя судом. 14 чэрвеня суд Ленінскага раёну Менску асудзіў газэту на 100 млн руб. на карысьць старшыні ЛДПБ Сяргея Гайдукевіча. Гаспадарчы суд Менску 17 чэрвеня спыніў працэс супраць газэты паводле пазову Салігорскага дзяржаўнага горна-тэхнічнага тэхнікуму, зазначыўшы, што справа не ў яго кампэтэнцыі. Пазоў тычыўся публікацыі ў «НВ», дзе гаварылася, што 37 навучэнцаў тэхнікуму падпісаліся за ініцыятыву «Воля народу».

У Сьветлагорску

У Сьветлагорску 8 чэрвеня міліцыянты затрымалі Сяргея Сямёнава: у міліцыі ў яго канфіскавалі 10 даляраў ЗША і 100 эўра, а таксама склалі пратакол за распаўсюд друкаванай прадукцыі ад імя незарэгістраванай арганізацыі ці партыі, бо знайшлі ў сумцы налепкі «Трэці шлях».

У Сьветлагорску міліцыянты спрабавалі сарваць сход па вылучэньні дэлегатаў на Кангрэс дэмсілаў 15 чэрвеня, затрыманы актывісты БНФ Віктар Раманішка й Вадзім Болбас. Падчас аналягічнага сходу ў Маладэчне 17 чэрвеня пажарныя службы прымусілі ўдзельнікаў пакінуць памяшканьне.

У Берасьці

Старшыню Берасьцейскай абласной філіі АГП Сьцяпана Новасяльчана і ягонага сына Андрэя 8 чэрвеня міліцыянты спрабавалі прымусова даставіць у суд: іх вінавацяць у арганізацыі акцыі «Мы памятаем» 7 траўня. Позваў у суд яны не атрымлівалі — толькі тэлефанаваньне.

Са старшынёй Берасьцейскай абласной арганізацыі «Маладыя сацыял-дэмакраты» Ганнай Канюс, настаўніцай геаграфіі ў берасьцейскай СШ №10, адміністрацыя школы 10 чэрвеня не падоўжыла кантракту. За час працы дзяўчына ня мела нараканьняў з боку адміністрацыі й бацькоў вучняў.

Берасьцейскі аблвыканкам 14 чэрвеня адмовіў БСДП (НГ) у правядзеньні зьезду на тэрыторыі вобласьці: маўляў, гэткія рашэньні не ў кампэтэнцыі аблвыканкаму.

НІСЭПД з базай у Літве

9 чэрвеня адбылася прэзэнтацыя зарэгістраванага ў Літве Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і прававых дасьледаваньняў (НІСЭПД), які ў красавіку быў ліквідаваны згодна з рашэньнем Вярхоўнага суду Беларусі.

Валакіта з адрасамі

Адміністрацыя Ленінскага раёну Магілёва 9 чэрвеня адмовіла ў рэгістрацыі суполцы Свабоднага прафсаюзу мэталістаў на Магілёўскім заводзе штучнага валакна на падставе таго, што рэгіструючы орган месьціцца ў іншым раёне гораду. Не атрымаўшы юрадрасу на прадпрыемстве, прафсаюз знайшоў яго па-за межамі заводу.

10 чэрвеня ўправа юстыцыі Гарадзенскага аблвыканкаму паведаміла пра зьняцьце з рэгістрацыі гарадзкой філіі БСДГ, а таксама суполак Ленінскага й Кастрычніцкага раёнаў Горадні: усе яны былі зарэгістраваныя ў жылым сэктары.

Ператрус жонак палітыкаў

Беларускія памежнікі 9 чэрвеня амаль пяць гадзін трымалі на мяжы аўтамабіль актывіста АГП Ігара Шынкарыка, у якім ехалі ў санаторый у Літву лідэр прадпрымальніцкага руху Анатоль Шумчанка, жонка Міколы Статкевіча Тацяна, жонка Юр’я Хадыкі Валянціна, маці Вячаслава Сіўчыка Галіна і актывістка АГП з Бабруйску Ірына Качан. Быў праведзены асабісты надгляд усіх, машыну «ў пошуках кампрамату» абшукалі.

Вакол палітвязьняў

З Аляксандра Скрабца 10 чэрвеня зьнятыя абвінавачаньні ў суўдзеле ў братавым «злачынстве». Зь яго зьнялі й падпіску аб нявыезьдзе.

Сям’я палітвязьня Валер’я Леванеўскага 10 чэрвеня атрымала ад яго адразу пяць лістоў, частка якіх была «адцэнзураваная»: у кожным бракавала па 3—4 аркушы. У адным лісьце вязень паведамляе, што мясцовы «аўтарытэт» пагражаў забіць яго за тое, што Леванеўскі піша скаргі на турэмнае начальства. 15 чэрвеня Леванеўскі прыпыніў галадоўку, бо ў яго пачаліся праблемы з здароўем. 21 чэрвеня Леванеўскі ў выніку галадоўкі патрапіў у шпіталь Івацэвіцкай калёніі.

Разгляд касацыйнай скаргі Паўла Севярынца адбудзецца 28 чэрвеня ў 10.00 у Менскім гарадзкім судзе (вул.Дуніна-Марцінкевіча, 1).

Прысуд Клімаву

Экс-дэпутату Андрэю Клімаву 10 чэрвеня прысудзілі 1,5 году абмежаваньня волі за арганізацыю несанкцыянаванай масавай акцыі 25 сакавіка. З-пад варты яго вызвалілі ў залі суду, прызначыўшы падпіску аб нявыезьдзе. 14 чэрвеня Клімаў падаў касацыйную скаргу.

Пратэсты супраць перайменаваньняў

Менскія гарадзкія ўлады не дазволілі правесьці 13 чэрвеня ў парку 50-годзьдзя Кастрычніка сход ініцыятыўнай групы, якая мяркуе зладзіць рэфэрэндум па перайменаваньні менскіх праспэктаў. Адмова абгрунтаваная тым, што была няправільна аформленая заяўка, не ўказаная мэта сходу й колькасьць удзельнікаў, а таксама не акрэсьленыя захады дзеля бясьпекі грамадзян.

Толькі 10 хвілін працягвалася 9 чэрвеня ў Менску акцыя супраць перайменаваньня праспэкту Скарыны. У раёне Акадэміі навук пікетоўцаў з праспэкту выцесьнілі амапаўцы.

На журфаку

Студэнтам-завочнікам факультэту журналістыкі БДУ Валер’ю Руселіку і Ганьне Кавалёвай, якія падпісваліся ў абарону сваёй калегі з «Народнай Волі» Вольгі Класкоўскай, выкладчык Алег Слука, экс-дарадца прэзыдэнта, паставіў на экзамэне па прадмеце «Гісторыя беларускай журналістыкі першай паловы ХХ ст.» нездавальняючыя адзнакі. Сам ён патлумачыў, што прычынай гэтага сталі «непрыгожы почырк» і «нелітаратурныя словы»: жаўнер, габрэйскі й інш. Студэнты падалі скаргі рэктару й міністру адукацыі.

У Бабруйску

На выходныя 11—12 чэрвеня невядомыя абрабавалі бабруйскі офіс незарэгістраванага праваабарончага цэнтру «Вясна» — вынесьлі нават абагравальнік і бел-чырвона-белы сьцяг.

Бабруйчанка Любоў Санкевіч з 13 чэрвеня пачала акцыю пратэсту на плошчы Бангалор у Менску: да 4 ліпеня яна ладзіць пікеты, патрабуючы прыёму ў прэзыдэнта. Жанчына лічыць, што яе незаконна звольнілі з Бабруйскага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў. Л.Санкевіч абвесьціла галадоўку на знак пратэсту.

У Гомелі

У прыватны дом гомельскага палітыка Віктара Карняенкі 11 чэрвеня ўварваліся пяць афіцэраў міліцыі: яны паведамілі, што нібыта маюць ананімны сыгнал пра згвалтаваньне ў доме.

Гомельскі абласны суд 14 чэрвеня адмовіў у пазове да старшыні гарвыканкаму 246 жыхарам гораду: яны пратэстуюць супраць незаконнага, на іх думку, будаўніцтва аўтазапраўкі каля жылых дамоў пад высакавольтнай электралініяй. Калегія суду палічыла пазоў няправільна аформленым.

Эўразьвяз падтрымлівае Севярынца

14 чэрвеня Эўразьвяз прыняў афіцыйную заяву, у якой заклікаў беларускія ўлады выпусьціць на волю палітзьняволеных. Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» 15 чэрвеня абвясьціла Міколу Статкевіча, Паўла Севярынца і Андрэя Клімава вязьнямі сумленьня.

Помста газэтам

Рэдакцыя недзяржаўнай газэты «Витебский курьер» 15 чэрвеня атрымала загад пакінуць арандаванае памяшканьне, хаця мае дамову арэнды да канца лістапада. Напярэдадні, 14 чэрвеня, у Осла адбылася цырымонія ўручэньня прэміі імя Гэрда Буцэрыюса «Маладая прэса Ўсходняй Эўропы-2005», якую атрымалі «Витебский курьер» і кампанія БелаПАН.

Рэдактар газэты «День» Мікола Маркевіч атрымаў 20 чэрвеня адмову ад Менгарвыканкаму: чыноўнікі адмаўляюцца прызнаць дамову пра арэнду памяшканьня ў Доме палякаў у Менску, якую выдавец падпісаў для рэгістрацыі юрадрасу.

У Барысаве

У Барысаве 16 чэрвеня суд аштрафаваў галоўнага рэдактара газэты «Барысаўскія навіны» Анатоля Букаса на 40 базавых велічынь і пастанавіў выплаціць 3 млн руб. рэдактарцы газэты Барысаўскага гарвыканкаму «Адзінства» Веры Пратасевіч, якая палічыла сябе абражанай у газэтнай публікацыі.

З працоўнага месца забралі 16 чэрвеня ў пастарунак актывіста незарэгістраванай арганізацыі «Зубр» Алеся Моніча з Барысава. Падставай стала рэпліка на інтэрнэт-форуме, дзе нібыта быў паклёп на прэзыдэнта. Сам Моніч — адміністратар аднаго з гарадзкіх інтэрнэт-рэсурсаў.

У Асіповічах

Асіповіцкай суполцы ТБМ 16 чэрвеня ўлады дазволілі зарэгістраваць юрыдычны адрас у прыватным доме аднаго з актывістаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0